Сябры часам просяць мяне дапамагчы ўхіліць якія-небудзь беды нашага свету, прымяніўшы «магічныя сілы». Я заўсёды кажу ім, што ў Далай-ламы няма магічных сіл. Калі б яны былі, я б не адчуваў болю ў назе або ў горле. Усе мы людзі, і ў нас аднолькавыя страхі, аднолькавыя надзеі, аднолькавая няўпэўненасць.
З будыйскага пункту гледжання кожнай жывой істоце знаёмыя пакуты і ісціны пра хваробы, старасць і смерць. Але паколькі мы людзі, у нас ёсць здольнасць накіраваць свой інтэлект на пераадоленне гневу, панікі і прагнасці. У апошнія гады я шмат кажу пра «эмацыйнае раззбраенне» – пра тое, што трэба старацца бачыць рэчы рэалістычна і ясна, без заблытанасці, якую цягнуць за сабою страх і лютасць. Калі праблему можна вырашыць, трэба прыкладаць намаганні да пошуку рашэння; калі рашэння няма, не трэба марнаваць час на думкі пра яе.
Мы, будысты, лічым, што ўвесь свет узаемазалежны. Менавіта таму я часта кажу пра сусветную адказнасць. Успышка гэтага жудаснага каранавіруса паказвае, што тое, што адбываецца з адным чалавекам, можа неўзабаве адбіцца на любой іншай істоце. Але яна таксама нагадвае нам пра тое, што ў спагадлівага або стваральнага ўчынку – ці то праца ў бальніцах, ці то проста захаванне сацыяльнай дыстанцыі, – ёсць патэнцыял аказаць дапамогу многім.
З тых самых часоў як прыйшлі навіны пра каранавірус ва Ухані, я малюся пра сваіх братоў і сясцёр у Кітаі і паўсюль у свеце. Цяпер мы бачым, што ніхто не застрахаваны ад гэтага віруса. Усе мы турбуемся пра сваіх любімых і пра будучыню як глабальнай эканомікі, так і нашай сям'і. Але малітваў недастаткова.
Гэты крызіс паказвае, што ўсе мы павінны ўзяць на сябе адказнасць там, дзе нам гэта па сілах. Трэба аб'яднаць смеласць, якую цяпер праяўляюць урачы і медсёстры, з эмпірычнай навукай, каб знайсці выйсце з гэтай сітуацыі і абараніць нашу будучыню ад новых падобных пагроз.
У гэты час вялікага страху важна думаць пра доўгатэрміновыя выклікі – і магчымасці – свету ў цэлым. На фотаздымках, зробленых з космасу, ясна бачна, што на нашай блакітнай планеце няма ніякіх рэальных межаў. А таму ўсе мы павінны клапаціцца пра яе і прыкладаць намаганні для таго, каб прадухіліць змяненне клімату і ўплыў іншых разбуральных сіл. Гэтая пандэмія служыць папярэджаннем: толькі аб'яднаўшыся і знайшоўшы ўзгодненае глабальнае рашэнне, мы зможам дастойна прыняць кінутыя нам выклікі беспрэцэдэнтных маштабаў.
Мы павінны таксама памятаць, што ніхто не пазбаўлены пакут, і працягнуць руку іншым, у каго няма дома, рэсурсаў і сям'і – нічога, што магло б іх абараніць. Гэты крызіс паказвае, што мы не аддзеленыя адно ад аднаго, нават калі жывём паасобку. А таму доўг кожнага з нас – праявіць спачуванне і прыйсці на дапамогу.
Як будыст я веру ў прынцып непастаянства. Урэшце гэты вірус сыдзе на нішто, як сышлі на нішто войны і іншыя глабальныя пагрозы, якія я пабачыў за сваё жыццё, і нам прадставіцца магчымасць адрадзіць міжнародную супольнасць, як мы рабілі гэта ўжо столькі разоў. Я шчыра спадзяюся, што ўсе вы будзеце ў бяспецы і захаваеце спакой. У гэты час нявызначанасці важна не губляць надзею і веру ў стваральныя намаганні, якія прыкладаюць сёння настолькі многія.