Сёння, у 50-гадовы юбілей Дня Зямлі, наша планета знаходзіцца ў вельмі цяжкай сітуацыі, небяспечнай для здароўя і дабрабыту людзей, якія яе насяляюць. Тым не менш, наша няпростае становішча нагадвае нам пра каштоўнасць спачування і ўзаемнай падтрымкі. Цяперашняя сусветная пандэмія пагражае ўсім нам, незалежна ад расы, культуры і полу, і мы павінны справіцца з ёй як адзіная супольнасць, забяспечваючы самыя асноўныя патрэбы кожнага.
Падабаецца нам гэта ці не, мы нарадзіліся на гэтай планеце, стаўшы часткай адной вялікай сям'і. Багатыя ці бедныя, адукаваныя ці неадукаваныя, адной нацыянальнасці ці іншай – у канчатковым рахунку кожны з нас – проста яшчэ адзін чалавек, як і ўсе астатнія. Больш за тое, ва ўсіх нас ёсць аднолькавае права імкнуцца да шчасця і пазбягаць пакут. Калі мы ўсведамляем, што ўсе істоты ў гэтым сэнсе роўныя, мы натуральным чынам адчуваем да іншых эмпатыю і блізкасць. Адсюль узнікае шчырае пачуццё ўселенскай адказнасці – жаданне актыўна дапамагаць іншым спраўляцца з цяжкасцямі.
Наша маці-Зямля дае нам урок усёленскай адказнасці. Гэтая блакітная планета – цудоўнае месца для жыцця. Яе жыццё – наша жыццё; яе будучыня – наша будучыня. Зямля насамрэч выконвае для нас ролю маці. Будучы яе дзецьмі, мы залежым ад яе. Апынуўшыся перад тварам глабальных праблем, усім нам важна працаваць разам.
Я ўсвядоміў важнасць клопату пра навакольнае асяроддзе толькі ў 1959 годзе, пасля ўцёкаў з Тыбету, дзе мы заўсёды лічылі навакольнае асяроддзе чыстым. Напрыклад, убачыўшы раку, мы ніколі не хваляваліся пра тое, наколькі бяспечна з яе піць. На жаль, у сучасным свеце адсутнасць простай чыстай, пітнай вады – адна з самых вялікіх праблем.
Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб па ўсім свеце ўсе хворыя людзі і ўсе гераічныя арганізацыі, якія прадстаўляюць медыцынскую дапамогу, маглі атрымаць доступ да самага неабходнага – да чыстай вады і адэкватных сродкаў дэзінфекцыі, якія дазваляюць прадухіліць некіравальнае распаўсюджванне хваробы. Гігіена – адна з асноў эфектыўнай аховы здароўя.
Калі мы зможам прадаставіць людзям пастаянную магчымасць лячэння, уключаючы наяўнасць неабходнага медыцынскага персаналу, тэхнікі і лекаў, гэта дапаможа нам справіцца з цяперашняй пандэміяй, якая абсалютна спусташае нашу планету. Гэта таксама дазволіць нам падрыхтавацца да магчымых будучых крызісаў у сферы аховы здароўя. Я разумею, што менавіта пра гэта гаворыцца ў праграме Мэтаў устойлівага развіцця ААН, прысвечанай праблемам сусветнай аховы здароўя.
Паколькі з гэтым крызісам сутыкнуліся мы ўсе, мы абавязкова павінны дзейнічаць у духу салідарнасці і супрацоўніцтва, каб забяспечыць тэрміновыя патрэбы людзей, асабліва тых нашых братоў і сясцёр па ўсім свеце, хто знаходзіцца ў менш шчасных умовах. Я спадзяюся і малюся: няхай у гэтыя дні кожны з нас зробіць усё магчымае, каб стварыць больш шчаслівы і здаровы свет.
Далай-лама,
22 красавіка 2020 г.