Што такое чатыры высакародныя ісціны?

Чатыры высакародныя ісціны – гэта чатыры асноўныя факты, якія апісваюць шлях да пераадолення нашых праблем. Гэта першае вучэнне Буды, якое ляжыць у аснове ўсіх будыйскіх вучэнняў.

Першая высакародная ісціна: сапраўдныя пакуты

Першая ісціна сцвярджае, што ў цэлым жыццё не прыносіць задавальнення. Ад нараджэння да смерці мы пражываем мноства радасных момантаў, але яны ніколі не доўжацца доўга. І непрыемнасцяў таксама хапае:

  • Няшчасце – хваробы, расчараванні, адзінота, трывога і нездаволенасць добра знаёмыя і зразумелыя ўсім. Часта яны не звязаныя з тым, што адбываецца вакол: можна быць з лепшым сябрам, есці любімую ежу і ўсё роўна адчуваць сябе няшчасным.
  • Хуткаплыннае шчасце – чым бы мы ні атрымлівалі асалоду, гэта ніколі не доўжыцца доўга і не задавальняе нас, даволі хутка ператвараючыся ў няшчасце. Нават калі мы прамерзлі да касцей і трапляем у цяпло, праз некаторы час мы зноў хочам свежага паветра. Было б выдатна, калі б шчасце доўжылася вечна, але гэта не так. [Гл.: Што такое шчасце?]
  • Праблемы, якія пастаянна паўтараюцца – найгоршае тое, што наша стаўленне да гэтых узлётаў і падзенняў стварае толькі новыя праблемы. Напрыклад, мы ў дрэнных адносінах, і нашы паводзіны толькі пагаршаюць сітуацыю. Мы растаёмся, але затым, паколькі мы замацавалі свае дрэнныя звычкі, усё тое ж самае паўтараецца ў адносінах з іншым чалавекам. Яны таксама складваюцца няўдала.

Відэа: Рынгу Тулку – «Што такое чатыры высакародныя ісціны?»
Каб уключыць субцітры, клікніце па іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Налады».

Другая высакародная ісціна: сапраўдная прычына пакут

Нашае няшчасце і хуткаплыннае шчасце не ўзнікаюць на пустым месцы. Ім папярэднічае шырокі спектр прычын і ўмоў. Знешнія фактары, напрыклад наша грамадства, становяцца толькі ўмовамі нашых праблем. Але Буда раіў шукаць сапраўдную прычыну пакут у розуме. Трывожныя эмоцыі – нянавісць, зайздрасць, прагнасць і іншыя – прымушаюць нас думаць, гаварыць і паступаць імпульсіўна, і ў выніку мы шкодзім самім сабе.

Буда ўбачыў яшчэ больш глыбокую прычыну, якая ляжыць у аснове гэтых эмацыйных станаў, – тое, як мы разумеем рэальнасць. Сюды адносяцца неўсведамленне і блытаніна наконт доўгатэрміновых наступстваў нашых паводзін. Акрамя таго, мы ў корані памыляемся наконт таго, як існуе гэты свет, навакольныя людзі і мы самі. Не здольныя ўбачыць узаемазвязанасць усяго, мы схільныя думаць, што рэчы існуюць самі па сабе, незалежна ад знешніх фактараў.

Трэцяя высакародная ісціна: сапраўднае спыненне пакут

Буда вучыў, што нам не трэба мірыцца з праблемамі: калі ліквідаваць прычыну, вынік не ўзнікне. Калі мы пазбавімся блытаніны наконт рэальнасці, праблемы проста не змогуць вярнуцца. І ён казаў не пра адну ці дзве праблемы: ён сказаў, што мы наогул перастанем ствараць новыя праблемы.

Чацвёртая высакародная ісціна: сапраўдны шлях розуму

Каб пазбавіцца наіўнасці і неўсведамлення, нам трэба звярнуцца да таго, што напрамую ім супрацьстаіць:

  • Разумна планаваць, арыентуючыся на доўгатэрміновую перспектыву, замест таго каб бяздумна ганяцца за імгненнымі задавальненнямі
  • Бачыць поўную карціну, а не зацыклівацца на адным нязначным аспекце жыцця
  • Усведамляць наступствы сваіх дзеянняў для нашай уласнай будучыні і для наступных пакаленняў, а не рабіць тое, што зручна цяпер.

Сутыкнуўшыся з расчараваннямі ў жыцці, мы часам адчуваем, што адзінае выйсце з сітуацыі – аб'есціся фаст-фуда або напіцца, і зусім не думаем пра доўгатэрміновыя наступствы. Калі такія дзеянні ўваходзяць у звычку, узнікае сур'ёзная пагроза здароўю. Яны не толькі падвяргаюць небяспецы наша жыццё, але і дрэнна адбіваюцца на жыцці нашай сям'і. За гэтым стаіць ідэя, што мы ніяк не звязаныя з наступствамі сваіх дзеянняў. Таму самае моцнае проціяддзе ад нашай блытаніны:

  • Усвядоміць, што мы цесна ўзаемазвязаныя з усім чалавецтвам і планетай, і зразумець, што ўсе нашы фантазіі пра тое, як мы існуем, не адпавядаюць рэальнасці.

Калі мы зможам прывучыць сябе да гэтай думкі з дапамогай рэгулярнай медытацыі, з часам нам удасца ліквідаваць усю блытаніну, якая стаіць за гэтымі пустымі праекцыямі.

[Гл.: Як медытаваць]

Усе мы хочам шчасця, але яно дзіўным чынам прымудраецца ад нас выслізгваць. Падыход Буды да пошукаў шчасця, які ён сфармуляваў у чатырох высакародных ісцінах, падыходзіць усім і актуальны ў нашы дні, праз дзве з паловай тысячы гадоў пасля таго, як Буда ўпершыню яго растлумачыў.

Каб чатыры высакародныя ісціны дапамаглі нам вырашаць праблемы, неабавязкова станавіцца будыстамі. Немагчыма, каб усё заўсёды ішло так, як мы хочам, але гэта не нагода ўпадаць у дэпрэсію і губляць надзею. У чатырох высакародных ісцінах ёсць усё, каб мы знайшлі сапраўднае шчасце і зрабілі сваё жыццё па-сапраўднаму значным.

Карацей кажучы, сапраўдныя пакуты неабходна зразумець, сапраўдную прычыну пакут – ліквідаваць, сапраўднага спынення пакут – дасягнуць, а сапраўдны шлях розуму – ажыццявіць на практыцы.

Відэа: 14-ы Далай-лама – «Спакой розуму з будыйскага пункту гледжання»
Каб уключыць субцітры, клікніце па іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Налады».
Top