Будызм прапануе метады, якія дапамагаюць цалкам раскрыць наш чалавечы патэнцыял дзякуючы разуменню сапраўднай прыроды рэальнасці.
Будызм быў заснаваны 2500 гадоў таму ў Індыі Сідхартхай Гаўтамай, больш вядомым як Буда. Ён распаўсюдзіўся па ўсёй Азіі і сёння з'яўляецца чацвёртай па колькасці вернікаў рэлігіяй у свеце. Большую частку жыцця Буда навучаў сваім метадам прасвятлення, дапамагаючы іншым таксама стаць прасветленымі будамі. Ён зразумеў, што, з аднаго боку, усе мы роўныя ў сваёй здольнасці дасягнуць стану буды. І ў той жа час перавагі, інтарэсы і таленты людзей розныя. Зыходзячы з гэтага, ён навучаў шырокаму спектру метадаў, якія дапамагаюць пераадолець абмежаванні і цалкам раскрыць свой патэнцыял.
У кожнай культуры, якая прыняла будызм, падкрэсліваліся розныя аспекты. Але нягледзячы на тое, што ў свеце ёсць мноства формаў будызму, асновы вучэння ўсюды агульныя.
Каб уключыць субцітры, клікніце па іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Налады».
Базавае будыйскае вучэнне – чатыры высакародныя ісціны
Самае базавае вучэнне Буды вядомае як чатыры высакародныя ісціны. Гэта чатыры факты, ісціннасць якіх бачаць істоты з высокай рэалізацыяй.
Першая высакародная ісціна: сапраўдныя праблемы
Хоць у жыцці шмат радасцяў, кожная істота – ад малюсенькага насякомага да бяздомнага ці мільярдэра – сутыкаецца з праблемамі. Ад нараджэння да самай смерці мы старэем, хварэем і страчваем блізкіх. Мы адчуваем расчараванне і нездаволенасць, не атрымліваем жаданага і сутыкаемся з тым, чаго не хочам.
Другая высакародная ісціна: сапраўдныя прычыны праблем
Нашы праблемы ўзнікаюць са складанага комплексу прычын і ўмоў. Але Буда сказаў, што канчатковая прычына пакут – наша ўласнае няведанне адносна рэальнасці. Яно заключаецца ў тым, што наш розум праецыруе немагчымыя спосабы існавання на нас саміх, на ўсіх і ўсё вакол.
Трэцяя высакародная ісціна: сапраўднае спыненне праблем
Буда ўбачыў, што усіх праблем можна пазбавіцца, ліквідаваўшы іх прычыну – наша няведанне, і больш ніколі з імі не сутыкацца.
Чацвёртая высакародная ісціна: сапраўдны шлях розуму
Праблемы спыняюцца, калі мы ліквідуем няведанне з дапамогай правільнага разумення рэальнасці. Для гэтага трэба ў поўнай меры ўсвядоміць, што ўсе мы ўзаемазвязаныя і залежым адно ад аднаго. На аснове гэтага мы развіваем любоў і спачуванне да ўсіх жывых істот у роўнай меры. Ліквідаваўшы блытаніну ў тым, як існуем мы самі і іншыя, мы здольныя прыносіць карысць і сабе, і іншым.
Спектр вучэння Буды
Далай-лама вылучае ў будызме тры напрамкі:
- Будыйская навука пра розум – як успрыманне, думкі і эмоцыі працуюць з пункту гледжання асабістага вопыту
- Будыйская філасофія – этыка, логіка і будыйскае разуменне рэальнасці
- Будыйская рэлігія – карма, рытуалы, малітвы, вера ў мінулыя і будучыя жыцці.
Будыйская навука дапаўняе сучасную нейрабіялогію, прадстаўляючы шырокую карту разнастайных кагнітыўных функцый розуму: ад пачуццёвага ўспрымання, канцэнтрацыі, увагі, памятавання і памяці да станоўчых і адмоўных эмоцый. Умацоўваючы станоўчыя нейронныя сеткі, мы можам узмацніць карысныя здольнасці свайго розуму.
У будызме мы ў першую чаргу абапіраемся на даследаванне, а не на веру. Таму навуковыя адкрыцці вельмі карысныя для будызму. – 14-ы Далай-лама
На фізічным узроўні будыйская навука ўключае складаныя медыцынскія сістэмы, якія прапануюць эфектыўныя схемы лячэння мноства хвароб. Што датычыцца навакольнага свету, будызм прадастаўляе падрабязны аналіз матэрыі і энергіі, які шмат у чым супадае з палажэннямі квантавай фізікі. Акрамя гэтага, ён асвятляе такія пытанні, як паходжанне, існаванне і разбурэнне сусвету, сцвярджаючы, што цяперашняму сусвету папярэднічалі незлічоныя сусветы без пачатковага пункту адліку.
Будыйская філасофія разглядае ўзаемазалежнасць, адноснасць і прычынна-выніковую сувязь. Яна прадстаўляе падрабязную лагічную сістэму, заснаваную на тэорыі мностваў і дэбатах, і дапамагае зразумець, што наш розум стварае ілжывыя праекцыі.
Будыйская этыка заснаваная на правільным распазнаванні таго, што карысна, а што шкодна – як для нас, так і для навакольных.
Вернікі мы ці агностыкі, верым мы ў Бога ці ў карму, прынцыпаў этыкі можа прытрымлівацца кожны. – 14-ы Далай-лама
Будыйская этыка мае на ўвазе прызнанне і развіццё асноватворных чалавечых каштоўнасцяў – дабрыні, сумленнасці, шчодрасці і цярплівасці, у спалучэнні з цвёрдым намерам не шкодзіць іншым.
Будыйская рэлігія разглядае такія тэмы, як карма, мінулыя і будучыя жыцці, механізм перараджэння і вызваленне ад яго, а таксама дасягненне прасвятлення. Яна ўключае практыкі чытання тэкстаў услых, медытацыі і малітваў. У будызме няма адзінай свяшчэннай кнігі: у кожнай традыцыі ёсць свае тэксты, заснаваныя на зыходных вучэннях. Многія з тэкстаў тыбецкай традыцыі вы знойдзеце ў раздзеле «Класічныя тэксты».
Маліцца можна ўсюды і ў любы час, хоць многія аддаюць перавагу таму, каб маліцца ў храме або перад алтаром у сябе дома. Канчатковая мэта малітвы – не выкананне жаданняў, а абуджэнне сваёй унутранай сілы, мудрасці і спачування.
[Гл.: Як развіваць спачуванне]
Таксама ў будызме няма правілаў адносна ежы. Але многія настаўнікі раяць вучням у меру сіл практыкаваць вегетарыянства, а Буда вучыў сваіх паслядоўнікаў не піць алкаголь і не ўжываць наркотыкі. Будыйская практыка накіраваная на развіццё памятавання і самадысцыпліны, якія мы страчваем, калі напіваемся або ўжываем наркотыкі.
У будызме ёсць багатая манаская традыцыя. Манахі і манахіні трымаюць сотні абетаў, уключаючы поўны цэлібат. Яны голяць галовы, носяць асаблівае адзенне і жывуць у манаскіх абшчынах, прысвячаючы жыццё вывучэнню, медытацыі, малітве і здзяйсненню рытуалаў для свецкай супольнасці будыстаў. У нашы дні многія міране вывучаюць будызм і практыкуюць медытацыю ў будыйскіх цэнтрах.
Будызм адкрыты для ўсіх
Буда, такі ж чалавек, як і мы, убачыў, як усё існуе на самай справе, пераадолеў усе свае недахопы і цалкам раскрыў свой патэнцыял. У будызме гэта называецца «прасвятленнем» [Гл.: Што такое прасвятленне?]. Буда не мог проста ліквідаваць усе нашы праблемы ўзмахам рукі. Ён паказаў шлях, якому можна прытрымлівацца, калі мы хочам вызваліцца ад праблем і развіць добрыя якасці свайго розуму – любоў, спачуванне, шчодрасць, мудрасць і многія іншыя.
Інструкцыі пра развіццё гэтых якасцей даступныя ўсім, незалежна ад культуры ці рэлігіі. Будызм не патрабуе веры ў Бога ці багоў: ён толькі просіць нас вывучаць настаўленні, як калі б мы куплялі сапраўды каштоўны прадмет. Так мы падыходзім да сутнасці вучэння Буды – этыкі, спачування і мудрасці. Мы самі сабой устрымліваемся ад шкодных дзеянняў і актыўна здзяйсняем станоўчыя, якія прыносяць карысць і нам самім, і навакольным. Гэта прыводзіць толькі да аднаго выніку, аднолькава жаданага для ўсіх нас, – да шчасця і дабрабыту.
Каб уключыць субцітры, клікніце па іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Налады».