Усе мы чулі пра Буду – вялікага духоўнага настаўніка, які жыў і вучыў у Індыі прыкладна 2500 гадоў таму. Але гістарычны Буда, вядомы як Буда Шак'ямуні, – не адзіны буда. У будызме існуе незлічоная колькасць буд, і на самай справе ключавое вучэнне будызму заключаецца ў тым, што кожная істота ў сусвеце мае патэнцыял сама стаць будам.

Гістарычны Буда

Паводле большасці традыцыйных жыццеапісанняў чалавек, які пасля стаў Будам, нарадзіўся ў арыстакратычным клане Шак'я ў паўночнай Індыі ў V стагоддзі да нашай эры. Яму далі імя Сідхартха Гаўтама, і на святкаванні яго нараджэння мудрэц-пустэльнік па імені Асіта прадрок, што дзіця стане ці вялікім царом, ці вялікім рэлігійным настаўнікам. Бацька Сідхартхі, Шудхадана, быў кіраўніком клана Шак'я і адчайна хацеў, каб сын пайшоў па яго слядах. Ён вырашыў засцерагчы Сідхартху ад усяго, што магло б прымусіць яго збочыць са шляху вялікага цара.

Маладому Сідхартху забаранялі пакідаць сямейны палац, дзе ў яго былі ўсялякія задавальненні – каштоўнасці і прыгожыя жанчыны, сажалкі з лотасамі і цудоўныя звярынцы. Яго засцерагалі ад любых пакут і няшчасцяў: хворым і старым людзям забаранялася заходзіць унутр палаца. З цягам часу Сідхартха дасягнуў поспеху ў адукацыі і спорце і ажаніўся з Яшодхарай, якая нарадзіла ад яго сына Рахулу.

Амаль 30 гадоў Сідхартха жыў у раскошы, але ў ім нарастала цікаўнасць: што ж знаходзіцца за межамі палацавых сцен? «Калі гэта зямля павінна стаць маёй, – думаў ён, – зразумела, я павінен убачыць яе і свой народ». У рэшце рэшт Шудхадана арганізаваў для свайго сына паездкі за межы палаца. Вуліцы прыбралі, а хворых і старых людзей схавалі, і калі Чана, каляснічы Сідхартхі, вазіў яго па вуліцах, мясцовыя людзі махалі рукамі і ўсміхаліся. Аднак, паглядзеўшы скрозь натоўп, Сідхартха заўважыў каля дарогі згорбленую, зморшчаную істоту. Здзіўлены і ўзрушаны, ён спытаў у Чаны, што здарылася з гэтай няшчаснай істотай. «Перад сабой ты бачыш старога чалавека. Гэты лёс чакае ўсіх нас», – адказаў Чана. Потым Сідхартха ўбачыў хворага чалавека і памерлага, і гэта расплюшчыла яму вочы на непазбежныя – хоць і цалкам нармальныя – бакі жыцця, на тое, што ўрэшце закране і яго.

Нарэшце ён сустрэў святога – таго, хто шукае вызвалення ад пакут. Першыя тры сустрэчы дапамаглі Сідхартху ўсвядоміць, што жыццё ў палацы, удалечыні ад усіх пакут, было падманам. Выгляд святога чалавека абудзіў у ім магчымасць пошуку выхаду з пакут.

Малаверагодна, што да гэтага Сідхартха сапраўды ніколі не сустракаў ні старых, ні хворых людзей, але гэта сімвалічна паказвае, што ён – як і ўсе мы – звычайна жыве, не заўважаючы пакут. Вярнуўшыся ў палац, Сідхартха адчуў сябе вельмі неспакойна. Ён жыў бесклапотным жыццём у асяроддзі блізкіх, але як ён цяпер мог радавацца жыццю ці адпачываць, ведаючы, што аднойчы ён і ўсе блізкія састарэюць, захварэюць і пакінуць гэты свет? Поўны рашучасці знайсці выйсце для ўсіх, аднойчы ноччу ён уцёк з палаца, каб стаць вандроўным аскетам.

Сідхартха сустракаў многіх выдатных настаўнікаў і пад іх кіраўніцтвам з дапамогай медытацыі дасягнуў вельмі высокіх узроўняў канцэнтрацыі. Аднак ён усё роўна не быў здаволены, паколькі гэтыя медытатыўныя станы не вялі да спынення пакуты. Ён звярнуўся да аскетычных практык, пазбаўляючы сваё цела ежы і ўсіх фізічных выгод, праводзячы большую частку часу ў практыцы медытацыі. Пасля шасці гадоў аскезы яго цела стала такім худым, што нагадвала шкілет, пакрыты найтанчэйшым слоем скуры.

Аднойчы, седзячы ля ракі, ён выпадкова пачуў, як настаўнік вучыць дзіця іграць на музычным інструменце: «Струны не павінны быць нацягнуты занадта слаба: тады ты не зможаш іграць. Гэтак жа яны не павінны быць перацягнуты, інакш яны парвуцца». Дзякуючы гэтаму Сідхартха ўсвядоміў, што гады яго аскетычнай практыкі не прынеслі яму карысці. Як і палацавая раскоша, аскеза была крайнасцю, якая не ліквідавала пакуты. Ён падумаў, што адказам павінен быць сярэдзінны шлях паміж крайнасцямі.

У гэты час міма праходзіла дзяўчына па імені Суджата. Яна прапанавала Сідхартху малочнай рысавай кашы, і гэта была яго першая сапраўдная ежа за шэсць гадоў. Ён паеў – гэты ўчынак узрушыў яго сяброў-аскетаў – і затым сеў пад фігавым дрэвам. Адразу ж ён прыняў рашэнне: «Я не ўстану з гэтага месца, пакуль не дасягну поўнага абуджэння». Пад тым дрэвам, якое цяпер вядомае як дрэва бодхі, Сідхартха дасягнуў поўнага прасвятлення і стаў вядомы як Буда – абуджаны.

Неўзабаве пасля прасвятлення Буда даў вучэнне пра чатыры высакародныя ісціны і васьмікратны шлях. Наступныя 40 гадоў ён падарожнічаў па раўнінах паўночнай Індыі і вучыў іншых таму, што ён сам спасціг. Ён заснаваў манаскую абшчыну, вядомую як Сангха, якая потым распаўсюдзіла вучэнне Буды па ўсёй Індыі, а затым – па ўсёй Азіі і па ўсім свеце.

Буда пакінуў гэты свет ва ўзросце каля 80 гадоў у Кушынагары. Перад гэтым ён спытаў Сангху, ці засталіся ў іх сумненні і ці ёсць у вучэнні што-небудзь, што патрабуе праяснення. Раячы сваім паслядоўнікам спадзявацца на Дхарму і этычную самадысцыпліну, ён сказаў свае апошнія словы: «Слухайце, манахі, гэта мая апошняя парада вам. Усе састаўныя рэчы ў гэтым свеце зменлівыя. Яны не доўжацца вечна. Старанна працуйце дзеля ўласнага выратавання». Пасля гэтых слоў ён лёг на правы бок і сышоў з гэтага свету.

Хто такія буды?

Мы ўбачылі, кім быў гістарычны Буда, але што насамрэч значыць быць будам?

Простымі словамі, Буда – гэта той, хто прачнуўся. Буды прачнуліся ад глыбокага сну. Гэта не той глыбокі сон, які знаёмы нам, калі мы ўсю ноч весяліліся на вечарынцы, а глыбокі сон блытаніны, які пранізвае кожны момант нашага жыцця. Гэта блытаніна ў тым, як мы існуем на самай справе і як існуе ўсё астатняе.

Буды – не багі і не творцы. Усе буды пачыналі гэтак жа, як мы: іх розум быў поўны блытаніны і трывожных эмоцый, а ў іх жыцці было мноства праблем. Але, паступова ідучы па шляху спачування і мудрасці і прыкладаючы намаганні да развіцця гэтых дзвюх пазітыўных якасцей, кожны можа дасягнуць прасвятлення.

У буд ёсць тры асноўныя якасці:

  1. Мудрасць. У буд няма ментальных перашкод, таму яны цалкам і правільна разумеюць усе рэчы, у першую чаргу – як дапамагчы іншым.
  2. Спачуванне. Дзякуючы мудрасці яны бачаць, што ўсе мы звязаныя адно з адным, таму ў буд ёсць вялікае спачуванне і яны ведаюць, што яны здольныя дапамагчы кожнай істоце. Мудрасць без спачування можа зрабіць чалавека вельмі адукаваным, але не надта карысным для грамадства. Менавіта спачуванне падштурхоўвае іх працаваць на карысць усіх істот. Вось чаму яны развіваюць гэтую другую якасць, імкнучыся стварыць сувязь з усімі намі.
  3. Здольнасці. Паколькі буды ведаюць, як ліквідаваць пакуту, і ў іх ёсць моцнае жаданне дапамагаць іншым, гэтыя дзве якасці робяць іх здольнымі па-сапраўднаму дапамагаць істотам, даючы ім вучэнне пра шлях да прасвятлення з дапамогай разнастайных умелых сродкаў.

Буды разумеюць: гэтак жа як яны самі не хочуць пакутаваць, ніводная істота не хоча праблем. Усе хочуць быць шчаслівымі. Таму буды працуюць не толькі дзеля сябе, але і дзеля кожнай істоты ў сусвеце. Яны клапоцяцца пра іншых не менш, чым пра сябе.

Падахвочаныя неверагодна моцным спачуваннем, яны вучаць іншых таму, што можа ліквідаваць усе пакуты, а менавіта мудрасці – яснасці розуму, якая дазваляе адрозніваць рэальнасць ад выдумкі. Дзякуючы мудрасці мы нарэшце зможам пазбавіцца ўсяго адмоўнага – блытаніны, эгаізму і адмоўных эмоцый. Мы таксама зможам стаць дасканалымі будамі і перажыць поўны ўнутраны спакой.

Заключэнне

Буды – гэта дасканалыя настаўнікі, якія дакладна ведаюць, як дапамагчы нам сваімі ўмелымі метадамі. Яны спагадлівыя і заўсёды гатовыя нам дапамагчы, паказаўшы правільны напрамак.

Як і Сідхартха, мы часта сляпыя да пакут свету. Але колькі б мы ні спрабавалі іх пазбягаць ці ігнараваць, усе мы сустрэнемся са старасцю, хваробамі і смерцю. Жыццеапісанне Буды натхняе нас на тое, каб мы ўбачылі: сустрэўшыся з рэальнасцю пакут і зразумеўшы яе, як гэта зрабіў ён, мы таксама зможам вызваліцца ад усёй нездаволенасці, якая ёсць у нашым жыцці. Жыццё і вучэнне Буды нагадваюць нам, што мы павінны па меры сваіх магчымасцей старацца пазбаўляцца дэструктыўных эмоцый і блытаніны, каб мы таксама змаглі прыносіць карысць усім істотам, як Буда.

Top