Першае вучэнне Дхармы, якое даў Буда
Дасягнуўшы прасвятлення ў Бодхгаі больш за 2500 гадоў таму, спачатку Буда не рашаўся вучыць іншых Дхарме. Ён апасаўся, што яна магла аказацца занадта глыбокай і цяжкай для разумення ці што людзі, захопленыя мірскімі задавальненнямі, проста ёй не зацікавяцца. У ранніх тэкстах сказана, што Брахма – стваральнік сусвету – з'явіўся перад Будай і папрасіў яго вучыць Дхарме, каб прынесці карысць істотам: сярод іх несумненна знойдуцца тыя, хто таксама зможа дасягнуць прасвятлення. Пасля гэтага Буда даў сваё першае вучэнне ў Аленевым парку. Яно было прысвечана чатырам высакародным ісцінам, якія ляжаць у аснове ўсяго будыйскага шляху і ўсіх сучасных будыйскіх традыцый.
Першая ісціна, якую патлумачыў Буда, – што жыццё заўсёды нездавальняючае. Нават калі ў нейкі момант мы адчуваем сябе вельмі шчаслівымі, гэта пачуццё няўстойлівае і хуткацечнае. Гэта датычыцца ўсіх нас: усе мы ведаем гэта з уласнага вопыту. Ніводнае шчаслівае перажыванне не доўжыцца вечна, і ў любы момант яно можа абярнуцца пакутай. Другая ісціна: няшчасце не прыходзіць звонку, яно ўзнікае з-за нашай прывязанасці да таго, каб заўсёды атрымліваць жаданае, а ў першую чаргу – з-за неўсведамлення таго, як усё існуе на самай справе. Трэцяя ісціна абвяшчае, што мы можам вызваліцца ад усіх пакут і праблем, а чацвёртая ісціна паказвае шлях, прытрымліваючыся якога, мы зможам назаўжды вызваліцца ад усіх праблем.
Вучэнні Буды накіраваны на ліквідацыю пакут
У часы Буды ўсе вучэнні Дхармы перадаваліся вусна і завучваліся напамяць. Так вучэнні перадаваліся праз некалькі пакаленняў, і толькі потым былі сабраны ў рукапісы. Цяпер у нас ёсць сотні і сотні сутр, тэксты з правіламі для манаскіх паслядоўнікаў Буды і філасофскія дыскурсы, якія разам складаюць Трыпітаку або «Тры кошыкі». У адпаведнасці з традыцыяй часам гаворыцца, што Буда даў 84 000 вучэнняў Дхармы, якія дапамагаюць пераадолець 84 000 трывожных эмоцый. Магчыма, гэта ўмоўны лік, але ён паказвае, як шмат праблем, нездаволенасці і розных тыпаў пакут мы перажываем у нашым жыцці і наколькі шырокія вучэнні, якія даў Буда, каб мы маглі з усім гэтым справіцца.
На самай справе ўсе вучэнні Буды нацэлены на пераадоленне пакут. Буду не цікавілі метафізічныя тэорыі, і ён нават адмаўляўся адказваць на некаторыя пытанні пра асобу і сусвет, таму што разважанне над імі не набліжае нас да вызвалення. Буда паглядзеў на становішча чалавека, убачыў, што ўсе мы пакутуем, і знайшоў рашэнне. Вось чаму Буду часта параўноўваюць з урачом, а вучэнні Дхармы – з лекамі. Лекі Дхармы дапамагаюць нам вырашыць усе нашы праблемы раз і назаўжды.
Хоць ёсць тры Каштоўнасці прыстанку – Буда, Дхарма і Сангха, – менавіта Дхарма з'яўляецца сапраўдным прыстанкам. Буды вучаць Дхарме, але яны не могуць пстрыкнуць пальцамі і цудоўным чынам ліквідаваць нашы пакуты. Хоць Сангха можа нам дапамагчы і натхніць нас, яна не можа прымусіць нас практыкаваць Дхарму. Нам трэба вывучаць і практыкаваць Дхарму самастойна: гэта адзіны шлях, які дазваляе пазбавіцца ад пакут. У пэўным сэнсе, мы самі сабе выратавальнікі.
Якасці Дхармы
У Дхармы незлічонае мноства якасцей, але можна пералічыць асноўныя:
- Дхарма падыходзіць людзям з рознымі схільнасцямі. Хоць формы будызму ў розных краінах, напрыклад у Тайландзе, Тыбеце, Японіі, на Шры-Ланцы і гэтак далей, прыкметна адрозніваюцца, усе традыцыі ўтрымліваюць сутнасць будыйскага вучэння і накіраваны на дасягненне вызвалення.
- Дхарма заснавана на логіцы. Яна просіць нас рэалістычна паглядзець на свой розум і на ўсе свае перажыванні. Яна не дагматычная і не патрабуе веры ў бога ці багоў, а хутчэй прапануе нам ставіць усё пад пытанне з дапамогай логікі. Яго Святасць Далай-лама шмат гадоў супрацоўнічае з навукоўцамі, разглядаючы ключавыя будыйскія паняцці, такія як свядомасць і розум, і будысты, і навукоўцы вучацца адно ў аднаго.
- Дхарма не накіравана на вырашэнне толькі адной праблемы; яна накіравана на корань усіх праблем. Калі б мы кожны дзень пакутавалі ад галаўнога болю, мы маглі б прыняць аспірын. Вядома, на некаторы час гэта б дапамагло, але галаўны боль вярнуўся б зноў. Калі б існавала таблетка, якая назаўжды пазбаўляе нас ад галаўнога болю, мы б несумненна яе прынялі. Дхарма менавіта такая: яна назаўжды вызваляе не толькі ад галаўнога болю, але і ад усіх праблем і пакут.
Заключэнне
Буда падобны да вельмі ўмелага ўрача, які ставіць нам дыягназ і дае нам найлепшыя лекі ад пакут – Дхарму. Але ўсё залежыць ад таго, ці будзем мы прымаць лекі, гэта значыць ці будзем мы самі практыкаваць Дхарму. Ніхто не можа нас прымусіць гэта рабіць. Але калі мы па-сапраўднаму бачым карысць і ўнутраны спакой, якія прыносіць нам Дхарма, калі мы бачым, што яна сапраўды дапамагае нам пазбавіцца ад усіх праблем, нездаволенасці і пакут, мы будзем з радасцю практыкаваць Дхарму і дзеля сябе, і дзеля ўсіх істот.