Слова «Сангха» – санскрыцкі тэрмін, які азначае «супольнасць». У першую чаргу яго выкарыстоўваюць у дачыненні да манаскіх паслядоўнікаў Буды, вядомых як бхікшу і бхікшуні – манахі і манахіні. Цяпер, калі будызм распаўсюдзіўся па ўсім заходнім свеце, Сангхай таксама часта называюць будыйскую супольнасць у цэлым ці нават невялікія групы міран, якія практыкуюць у будыйскім цэнтры.

Паходжанне Сангхі

У «Сутры кола Дхармы» (Дхарма-чакра-правартана-сутра) гаворыцца, што пасля прасвятлення Буда даў сваё першае вучэнне – пра чатыры высакародныя ісціны – пяці былым сябрам, з якімі ён некалькі гадоў практыкаваў аскезу. Падчас гэтага вучэння ўсе пяць аскетаў сталі вучнямі Буды, а адзін з іх, Каўндынья, дасягнуў стану архата, вызваленай істоты. Праз некалькі дзён, калі Буда даваў вучэнне пра пустатнасць асобы – пра тое, што асоба не можа існаваць немагчымымі спосабамі, – усе астатнія аскеты таксама дасягнулі архацтва. Такім чынам, гэтыя пяць вучняў сталі першымі членамі Сангхі, першымі будыйскімі манахамі.

Буда правёў астатак свайго жыцця, каля 45 гадоў, распаўсюджваючы Дхарму, якую ён адкрыў, а яго вучні таксама падарожнічалі па вёсках і гарадах раўніннай часткі паўночнай Індыі, несучы пасланне Буды. У Буды хутка з'явілася мноства паслядоўнікаў, якія былі выхадцамі з розных сацыяльных слаёў: гэта былі іншыя духоўныя настаўнікі, цары і царыцы, земляробы, мяснікі і многія іншыя. Хоць большасць вучняў не хацела адракацца ад мірскога жыцця, тыя, хто хацеў далучыцца да манаскай Сангхі, маглі гэта зрабіць. Вучні-міране, якія працягвалі працаваць і жыць сямейным жыццём, падтрымлівалі Сангху ежай і адзеннем.

Праз некаторы час, па меры таго як да супольнасці Буды фармальна далучалася ўсё больш людзей, узнікла неабходнасць ствараць правілы, прытрымліваючыся якіх, вучні маглі б жыць у гарманічнай духоўнай супольнасці. Правілы фармуляваліся метадам спроб і памылак, калі гэта было неабходна, пасля ўзнікнення ў Сангхе інцыдэнтаў з непажаданымі наступствамі. У канцы жыцця Буды абшчына налічвала некалькі сотняў правіл для манахаў і манахінь.

Манаскае пасвячэнне для жанчын

Спачатку Буда прымаў у сваю абшчыну толькі мужчын. Праз пяць гадоў пасля заснавання мужчынскай манаскай абшчыны Махапраджапаці Гаўтамі, якая даводзілася Буду цёткай, папрасіла Буду пасвяціць яе ў манахіні, але ён адмовіўся. Аднак Махапраджапаці была непахісная: разам з 500 іншымі жанчынамі яна вырашыла пагаліць галаву, надзець жоўтае адзенне і ісці за Будам.

Махапраджапаці прасіла Буду яшчэ двойчы, але кожны раз Буда адмаўляўся даць ім манаскія абяцанні. На чацвёрты раз Ананда, стрыечны брат Буды, заступіўся за яе, спытаўшы, ці маюць жанчыны такія ж здольнасці ісці па духоўным шляху і дасягнуць прасвятлення, як і мужчыны, на што Буда адказаў сцвярджальна. Тады Ананда выказаў думку, што жанчынам было б добра станавіцца манахінямі, і Буда пагадзіўся, дазволіўшы жанчынам даць манаскія абяцанні.

Умоўная Сангха і Сангха ар'яў

Звычайна тэрмін «Сангха» выкарыстоўваецца ў дачыненні да гэтых дзвюх груп бхікшу і бхікшуні – манахаў і манахінь, якія прытрымліваюцца вучэння Буды. Тэрмін «бхікшу» на самай справе азначае «жабрак», і яго выкарыстоўвалі таму, што манаская абшчына павінна была адрачыся ад большасці матэрыяльных даброт і вандраваць з месца на месца, залежачы ў ежы ад іншых. Каб заснаваць Сангху, трэба не менш за чатырох цалкам пасвечаных манахаў і манахінь або паслушнікаў і паслушніц, незалежна ад іх узроўню духоўнага спасціжэння. Мы называем гэта ўмоўнай Сангхай. Таксама ёсць Сангха ар'яў – тых, хто на самай справе здабыў некаторыя спасціжэнні на шляху Дхармы, незалежна ад наяўнасці ў іх манаскіх абяцанняў.

Важна адрозніваць умоўную Сангху і Сангху ар'яў. Хоць ёсць мноства выдатных звычайных манахаў і манахінь, сярод умоўнай Сангхі могуць быць і тыя, чый розум такі ж неспакойны, як і наш, і гэта можа выклікаць у нас сумненне: навошта прымаць у іх прыстанак? Такім чынам, менавіта Сангха ар'яў з'яўляецца той сапраўднай каштоўнасцю сярод Трох Каштоўнасцей, у якой мы прымаем прыстанак. Менавіта яны могуць па-сапраўднаму дапамагчы нам рухацца ў правільным напрамку.

Якасці Сангхі

Якія якасці Сангхі мы хочам развіваць у сабе?

  1. Калі яны вучаць, яны не проста паўтараюць тое, што прачыталі ў кнігах. Яны гавораць на аснове свайго сапраўднага вопыту, і гэта па-сапраўднаму натхняе.
  2. Іх адзінае жаданне – дапамагаць іншым, і яны самі практыкуюць тое, чаму вучаць. Уявіце, што курэц лае нас, гаворачы пра шкоду курэння: мы адразу задумаемся, чаму мы павінны прытрымлівацца яго парады, ці не так? Таму члены Сангхі заўсёды шчырыя ў тым, што яны робяць, і мы можам ім давяраць.
  3. Калі мы праводзім час у дрэннай кампаніі, часта мы нават не ўсведамляем, што самі пачынаем пераймаць яе дрэнныя якасці. Падобным чынам, праводзячы час з добрымі сябрамі, мы без вялікіх намаганняў хутка пераймаем добрыя якасці. Сангха вельмі добра ўплывае на нас і дапамагае рушыць наперад у практыцы Дхармы.

Важнасць Сангхі

Буда адышоў прыкладна 2500 гадоў таму, пакінуўшы пасля сябе вучэнне Дхармы, каб мы маглі яго практыкаваць. Вось на чым заснаваны будызм. Але каб практыкаваць добра, нам патрэбныя надзейныя прыклады – людзі, якія на самай справе вывучалі і практыкавалі вучэнне Буды, а таксама ў некаторай ступені дасягнулі мэт практыкі Дхармы. Яны могуць дапамагаць нам і даваць парады. Супольнасць такіх людзей называецца Сангхай.

У сучасным свеце мы часта шукаем узоры для пераймання ў знакамітасцях – акцёрах і актрысах, спеваках і спявачках, мадэлях і спартсменах. Але ў гэтых людзей таксама ёсць праблемы, ці не так? Мы ведаем, што часта іх асабістае жыццё ў поўным беспарадку! Больш за тое, калі мы залішне захапляемся знакамітасцямі і іх жыццём, звычайна гэта прыводзіць толькі да пустой балбатні з сябрамі і да таго, што мы яшчэ больш, чым звычайна, чапляемся за матэрыяльныя каштоўнасці. Такое баўленне часу не прынясе ні нам, ні іншым сапраўднай карысці і шчасця. З іншага боку, Сангха – гэта людзі, якія ўжо пазбавіліся часткі ўласных праблем – ці гэта не выдатна? – і прыкладаюць намаганні да таго, каб пазбавіцца астатніх. Ці не мае сэнсу пераймаць іх прыклад, калі мы таксама хочам пазбавіцца сваіх праблем?

Менавіта дзякуючы Сангхе ў нашым сучасным свеце цудоўным чынам захавалася вучэнне Буды, якое перадавалася з пакалення ў пакаленне. Сангха натхняе нас паглядзець далей нашых бягучых праблем і ўбачыць шлях, які можа цалкам пазбавіць нас ад усіх пакут. Яны не проста нас натхняюць: яны нас вядуць, падбадзёрваюць і дапамагаюць нам на кожным кроку шляху. Вось чаму часам гаворыцца, што будызму не можа быць без Сангхі.

Заключэнне

Як выбраць у жыцці добры ўзор для пераймання? Магчыма, мы не сустрэнем сапраўднага члена Сангхі ар'яў – чалавека з сапраўднымі духоўнымі дасягненнямі – тым не менш мы можам сустрэць людзей, больш дасведчаных у Дхарме, чым мы, і дзякуючы гэтаму можам адчуць натхненне. Убачыўшы іх прыклад, мы захочам ісці па іх слядах.

Дзякуючы самаадданасці будыйскіх манахаў і манахінь – умоўнай Сангхі – Дхарма змагла распаўсюдзіцца па ўсім свеце. Гэтак жа як Буду параўноўваюць з урачом, а Дхарму – з лекамі, Сангху параўноўваюць з медсёстрамі, якія падбадзёрваюць нас і вядуць па духоўным шляху, калі мы прыкладаем намаганні дзеля вызвалення ад усіх праблем назаўжды.

Top