Кожны з нас шукае сэнс жыцця. Хтосьці спрабуе ўбачыць яго ў кар'еры, хтосьці – у тым, каб не адставаць ад моды, хтосьці – у падарожжах у далёкія краіны. Але ўрэшце кар'ера заканчваецца пенсіяй, мода пастаянна змяняецца, а адпачынак непрыкметна пралятае. Нішто з гэтага не прыносіць пастаяннага задавальнення ці шчасця. Выбіраючы з мільёнаў варыянтаў, даступных у сучасным свеце, матэрыяльных і духоўных, мы апынаемся збітымі з панталыку: чаму сябе прысвяціць?
Будыйскае прыстанішча азначае, што мы надаём свайму жыццю асэнсаваны напрамак. Што гэта за напрамак? Працаваць над сабой, пераадольваючы ўсе свае недахопы і цалкам раскрываючы свой патэнцыял, каб найлепшым чынам дапамагаць сабе і іншым. Будыйскае прыстанішча абараняе нас не толькі ад часовых праблем, такіх як нуда, голад ці стрэс. Гэта не знешнія змены: не трэба апранаць асаблівае адзенне ці мяняць прычоску. Будыйскае прыстанішча азначае змяняць стан свайго розуму і паглыбляць разуменне таго, што дае нам адчуванне сэнсу жыцця і што прыносіць нам шчасце цяпер і будзе прыносіць шчасце ў будучыні. Карацей кажучы, будыйскае прыстанішча абараняе нас ад пакут.
Будысты звычайна ўжываюць выразы «прымаць прыстанішча» ці «ісці да прыстанішча», таму што прыстанішча – гэта актыўны працэс. Гэта асноватворны крок, на якім мы прысвячаем сябе будыйскаму шляху. Навошта гэта трэба? Калі мы разумеем чалавечую прыроду – што ўсе мы шукаем шчасця і задавальнення і ніхто з нас не хоча пакутаваць, – трэба пастарацца знайсці тое, што нам у гэтым дапаможа. У будызме мы звяртаемся па прыстанішча да Трох Каштоўнасцей.
Тры Каштоўнасці – гэта Буда, Дхарма і Сангха.
Мы прымаем прыстанішча ў Будзе, таму што гэта прасветлены настаўнік, які паказвае шлях не проста да асэнсаванага жыцця, але і да канчатковага вызвалення ад пакут. Ён вучыў, што розум па сваёй прыродзе чысты, а ўсю нашу блытаніну і адмоўныя эмоцыі можна з дапамогай спачування і мудрасці ліквідаваць назаўжды, так што яны ніколі не вернуцца. Дхарма – гэта вучэнне Буды пра тое, як гэтага дасягнуць. Прымаючы прыстанішча, мы звяртаемся да розных будыйскіх метадаў і выкарыстоўваем іх, каб спраўляцца з усімі праблемамі ў нашым жыцці. Сангха – гэта манахі, манахіні і нашы спадарожнікі на будыйскім шляху. Тыя з іх, хто практыкуе вучэнне Буды па-сапраўднаму, служаць узорамі для пераймання і натхняюць нас ісці ўсё далей і далей.
Прысвячэнне сябе будыйскаму шляху не азначае, што трэба ізалявацца ад сяброў і грамадства. На самай справе, прымаючы прыстанішча ў Трох Каштоўнасцях, мы не проста напаўняем жыццё сэнсам: мы становімся больш адкрытымі для іншых і пачынаем бачыць, чым можам быць карыснымі людзям вакол і свету ў цэлым.
Калі мы прымаем прыстанішча ў Будзе, Дхарме і Сангхе, нам больш не трэба адчуваць сябе заблытанымі. Нам больш не трэба перабіраць розныя духоўныя шляхі, і, хоць нам, вядома, патрэбны пэўны ўзровень матэрыяльнага камфорту, мы ўсведамляем, што на матэрыяльны дабрабыт нельга спадзявацца: ён не прыносіць вечнага шчасця. Шчыра прытрымліваючыся будыйскіх прынцыпаў, мы вызваляемся ад стрэсу. У нас з'яўляецца больш часу на тое, што па-сапраўднаму важна, – на тое, каб стаць больш шчаслівымі і здаровымі на эмацыйным узроўні.
Вось чаму прыстанішча – актыўны і бесперапынны працэс. Трэба працаваць над гэтым пастаянна. Недастаткова проста паверыць у Буду і маліцца яму, як калі б ён быў нейкім богам. Нашы будыйскія сябры таксама не зробяць нашу працу за нас. Вось чаму гаворыцца, што найвышэйшае прыстанішча – гэта вучэнне Буды, гэта значыць Дхарма. Нават калі мы моцна верым у Буду і ў нас шмат мудрых і спагадлівых будыйскіх сяброў, мы не зможам атрымаць карысць ад прыстанішча, калі самі не будзем прытрымлівацца вучэння Дхармы і прымяняць яго. Калі мы будзем прытрымлівацца асноўных будыйскіх прынцыпаў – не прычыняць шкоды іншым, удзельнічаць у карысных справах і ўтаймоўваць уласны розум, – наша жыццё, несумненна, стане больш асэнсаваным.
Хоць ёсць асаблівыя цырымоніі, на якіх мы можам фармальна пачаць свой будыйскі шлях, сапраўднае рашэнне прысвяціць сябе гэтаму шляху павінна ісці ад сэрца. Калі мы пачалі шчыра працаваць над сабой, значыць, мы па-сапраўднаму прынялі прыстанішча.
Каб уключыць субцітры, клікніце па іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Налады».