Што такое будыйская практыка?

Самае галоўнае ў будызме – працаваць над сваімі недахопамі і раскрываць свой станоўчы патэнцыял. Недахопы – гэта недахоп яснасці і эмацыйны дысбаланс, з-за якіх у нас узнікае блытаніна ў жыцці. У выніку мы здзяйсняем кампульсіўныя (заснаваныя на дакучлівых імпульсах) учынкі пад уплывам трывожных эмоцый, такіх як гнеў, прагнасць і наіўнасць. Наш патэнцыял уключае здольнасць да яснай камунікацыі, разумення рэальнасці, эмпатыі і самаўдасканалення.

[Гл.: Як развіваць любоў]

Пачынаючы практыкаваць будызм, мы супакойваем розум і падтрымліваем памятаванне. Памятаванне азначае, што мы не забываем падтрымліваць усведамленне таго, як мы сябе паводзім і як размаўляем з іншымі, а калі застаёмся адны – пра што мы думаем. Але гэта не азначае, што мы проста назіраем і пакідаем усё як ёсць. Дзякуючы памятаванню мы адрозніваем, што стваральна, а што разбуральна. Памятаванне – зусім не тое ж самае, што заклапочанасць сабой: насамрэч мы становімся больш клапатлівымі і адкрытымі для іншых.

Мэта інтраспекцыі і самаўсведамлення – выявіць прычыны нашых праблем. Знешнія фактары і людзі, безумоўна, ствараюць абставіны, у якіх узнікаюць цяжкасці. Але будыйскі падыход – пастарацца выявіць больш глыбокія прычыны, а для гэтага трэба назіраць за ўласным розумам [Гл.: Што такое розум]. Тое, як мы ўспрымаем тое, што адбываецца, залежыць ад нашых ментальных звычак, станоўчых і адмоўных эмоцый.

Відэа: Джэцунма Тэнзін Палмо – «Як зрабіць практыку радаснай і ўстойлівай»
Каб уключыць субцітры, клікніце па іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Налады».

Калі мы адчуваем стрэс на працы, дэпрэсію, неспакой, адзіноту або няўпэўненасць у сабе, нам цяжка з імі спраўляцца з-за нашых ментальных і эмацыйных станаў, а не з-за саміх праблем [Гл.: Як спраўляцца з неспакоем]. Супакоіць свой розум, здабыць эмацыйную раўнавагу і яснасць розуму – найлепшы спосаб справіцца з жыццёвымі цяжкасцямі, якія пастаянна ўзнікаюць.

Стаўшы ўважлівымі да сваіх эмоцый, стаўлення і паводзін, якія вядуць да стрэсу і праблем, мы зможам прымяніць да іх проціяддзі.

Нам патрэбная эмацыйная гігіена, заснаваная на больш ясным разуменні рэальнасці і таго, як працуе розум. – 14-ы Далай-лама

Усе мы ўдзяляем увагу гігіене цела, але не менш важна клапаціцца пра стан свайго розуму. Каб падтрымліваць эмацыйную гігіену, трэба памятаць пра тры рэчы. Трэба памятаць проціяддзі ад трывожных станаў розуму, не забываць прымяняць іх, калі гэта неабходна, і памятаць пра тое, каб падтрымліваць іх.

Каб памятаць пра ўсе проціяддзі, трэба:

  • вывучыць іх,
  • разважаць пра іх, каб правільна іх зразумець, умець іх прымяняць і пераканацца ў тым, што яны працуюць,
  • практыкаваць іх у медытацыі, каб іх асвоіць.

Трэба стаць уласным урачом: вучыцца дыягнаставаць праблемы, разумець іх прычыны, даведвацца пра метады лячэння, вучыцца прымяняць гэтыя метады і затым прымяняць іх.

Калі мы хранічна хворыя і нам трэба змяніць лад жыцця, важна спачатку пераканацца ў тым, што змены прынясуць карысць. Большасць людзей не пачне з глыбокага вывучэння харчавання і фізічных трэніровак, а спачатку паспрабуе якую-небудзь дыету і практыкаванні. Вядома, спачатку ім спатрэбяцца інструкцыі, але, атрымаўшы першыя карысныя вынікі, яны могуць захацець пайсці далей.

Тое ж самае датычыцца эмацыйнага здароўя. Калі практыка памятавання пачне прыносіць нам адчуванне дабрабыту, нам лягчэй знайсці матывацыю і цікавасць больш даведацца пра будыйскія практыкі, каб палепшыць якасць свайго жыцця і больш дапамагаць іншым.

Буда таксама быў звычайным чалавекам і сутыкаўся з жыццёвымі цяжкасцямі. Як і ўсе мы, ён хацеў зрабіць лепшым сваё жыццё і жыццё іншых людзей. Дзякуючы інтраспекцыі ён усвядоміў, што мы можам заставацца спакойнымі, уважлівымі і кіраваць сваімі эмоцыямі незалежна ад таго, што адбываецца вакол.

Тое, што Далай-лама называе «эмацыйнай гігіенай», выходзіць за межы культуры і рэлігіі, паколькі датычыцца нашага самага глыбіннага жадання – жыць без праблем шчаслівым і спакойным жыццём.

Top