Фізічны і разумовы дыскамфорт
Мір – клопат кожнага, усё роўна, жыве чалавек на Захадзе, на Усходзе, на Поўначы ці на Поўдні, багаты ён ці бедны – кожнаму неабходна шчыра клапаціцца пра мірнае жыццё. Усе мы людзі, і таму ва ўсіх нас, як правіла, адно імкненне: быць шчаслівымі, жыць шчаслівым жыццём. І ўсе мы заслугоўваем шчаслівага жыцця. Давайце гаварыць з гэтага пункту гледжання. У кожнага ёсць пачуццё «я», або ўласнай асобы, аднак мы не разумеем у поўнай меры, што такое «я» і асоба. Як бы там ні было, усё ж у нас ёсць моцнае пачуццё «я». Разам з гэтым пачуццём прыходзіць жаданне быць шчаслівымі і не пакутаваць. Яно ўзнікае натуральным чынам. Зыходзячы з гэтага ў нас ёсць права на шчасце.
Між тым у нашым жыцці шмат непрыемнасцяў і немінуча ўзнікаюць праблемы. Яны бываюць двух відаў. Па-першае, пакуты з-за фізічных прычын, напрыклад хвароб і старэння. Напрыклад, я ўжо сутыкаюся з некаторымі з іх: мне цяжка чуць, бачыць, хадзіць. Гэта немінуча. Іншы від пакут у асноўным адносіцца да розуму. Нават калі мы валодаем матэрыяльным камфортам, раскошай і ўсім астатнім, мы ўсё ж адчуваем сябе адзінока, калі адчуваем стрэс і няўпэўненасць у сабе. Мы раўнуем, баімся і ненавідзім, і таму нешчаслівыя. Так што, нягледзячы на фізічны ўзровень, мы можам перажываць вельмі моцныя разумовыя пакуты.
Што да фізічнага камфорту, калі ў нас ёсць грошы, безумоўна, мы можам паменшыць пакуты і атрымаць фізічнае задавальненне. Аднак гэты фізічны ўзровень, уключаючы ўладу, імя і славу, не можа забяспечыць нам унутранага спакою. Насамрэч часам вялікія грошы і дастатак толькі ствараюць дадатковыя турботы. Мы занадта моцна клапоцімся пра імя і славу, і гэта вядзе да пэўнай крывадушнасці, дыскамфорту, стрэсу. Таму шчасце на ўзроўні розуму залежыць не столькі ад знешніх умоў, колькі ад таго, што ўнутры нас – ад нашага мыслення.
Мы можам бачыць бедных людзей, якія ўсё ж на ўнутраным узроўні вельмі моцныя і шчаслівыя. Фактычна, калі мы ўнутрана задаволеныя, то можам вытрымаць любое цяжкае фізічнае пакутанне і пераўтварыць яго. Таму з фізічнага і разумовага пакутавання я лічу разумовае пакутаванне больш значным. Бо фізічнае пакутаванне можа быць аслаблена разумовым камфортам, а разумовы дыскамфорт нельга ліквідаваць пры дапамозе фізічнага камфорту.
Хваляванні і жыццёвыя праблемы ў людзей мацнейшыя і больш сур'ёзныя, чым у жывёл. Магчыма, на фізічным узроўні пакуты і тых і другіх аднолькавыя, аднак, што да людзей, з-за нашага інтэлекту мы перажываем сумненні, няўпэўненасць і стрэс. Гэта вядзе да дэпрэсіі, і ўсё гэта з-за нашага высокага інтэлекту. Каб вырашыць гэтую праблему, нам неабходна карыстацца тым жа чалавечым інтэлектам. Што да эмацыйнага ўзроўню, некаторыя эмоцыі прымушаюць нас страчваць спакой розуму. У той жа час пэўныя эмоцыі даюць нам больш сілы. Гэта аснова сілы і ўпэўненасці, шлях да валодання больш ураўнаважаным і спакойным станам розуму.
Два віды эмоцый
Такім чынам, ёсць эмоцыі двух відаў. Адны вельмі шкодныя для спакою розуму, і гэта разбуральныя эмоцыі, такія як гнеў і нянавісць. Яны не толькі парушаюць спакой розуму ў дадзены момант, але таксама вельмі разбуральныя для нашых прамовы і цела. Іншымі словамі, яны ўплываюць на нашы паводзіны. Яны падштурхоўваюць нас да шкодных дзеянняў, і таму разбуральныя. Пры гэтым іншыя эмоцыі, такія як спачуванне, даюць нам сілу і спакой. Напрыклад, яны даюць нам сілу прабачаць. Нават калі ў нас часам з'яўляюцца праблемы з пэўным чалавекам, прабачэнне ў выніку вядзе нас да ўраўнаважанасці і спакою розуму. Чалавек, на якога мы былі такія сярдзітыя, можа нават стаць нам лепшым сябрам.
Мір ва ўсім свеце
Калі мы гаворым пра мір у сэнсе спакою, мы павінны гаварыць пра гэтыя эмоцыі і пра ўнутраны спакой. Такім чынам, нам неабходна высветліць, якія эмоцыі вядуць да ўнутранага міру і спакою. Аднак спачатку я хачу пагаварыць пра мір на нашай планеце.
Мір – гэта не толькі адсутнасць гвалту. Магчыма, у часы халоднай вайны мы знешне жылі ў міры; але гэты мір быў заснаваны на страху – страху ядзернай катастрофы. Кожная з бакоў баялася, што другі бок будзе яе бамбіць, так што гэта не было сапраўдным мірам. Сапраўдны мір павінен паходзіць з унутранага спакою. Усякі раз, калі ўзнікае канфлікт, я лічу, што нам неабходна знайсці мірнае рашэнне, і гэта азначае вядзенне перамоваў. Так што ў міру ёсць шмат агульнага з сардэчнасцю і павагай да іншых, адмовай прычыняць ім шкоду і пунктам гледжання, што жыцці іншых настолькі ж святыя, як і наша ўласнае. Нам неабходна паважаць гэта, і на такой аснове мы таксама імкнемся дапамагаць іншым, калі можам.
Калі мы сутыкаемся з цяжкасцямі і хто-небудзь прыходзіць нам на дапамогу, вядома ж, мы ўдзячныя за гэта. Калі хто-небудзь іншы пакутуе, тады, нават калі мы прапануем толькі чалавечае разуменне, ён будзе ўдзячны нам і адчуе сябе вельмі шчаслівым. Таму, дзякуючы ўнутранаму спачуванню і спакою розуму, усе дзеянні становяцца мірнымі. Калі мы ў стане знайсці ўнутраны спакой, то мы можам таксама дасягнуць міру, або спакою, звонку.
Мы людзі, таму, калі мы ўступаем у адносіны адно з адным, у нас розныя пункты гледжання. Але калі гэтыя пункты гледжання заснаваныя на трывалай канцэпцыі «мяне» і «іх», тады апроч гэтага з'яўляюцца канцэпцыі «мае інтарэсы» і «вашы інтарэсы». Зыходзячы з гэтага, мы нават можам пачаць ваяваць. Мы лічым, што знішчэнне ворага прынясе перамогу. Між тым ужо надышоў час новай рэальнасці. Мы моцна залежым адно ад аднаго з эканамічнага і з экалагічнага пункту гледжання. Таму канцэпцыя «мы» і «яны» больш не дарэчная. Тыя, каго мы лічылі «імі», цяпер сталі часткай «нас». Такім чынам, ключавы фактар развіцця спакою розуму – спачуванне, заснаванае на прызнанні таго, што мы – гэта шэсць мільярдаў чалавек на гэтай планеце і што ўсе мы валодаем аднолькавымі правамі быць шчаслівымі. Дзякуючы гэтаму мы сур'ёзна ставімся да кожнага, і на гэтай аснове мы павінны здолець усталяваць знешні мір.
Каб уключыць субцітры, клікніце на іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Налады».
Пачынаем з малога
Такім чынам, дзеля ўсеагульнага міру нам неабходна пачаць развіваць мір у саміх сабе, затым у нашых сем'ях і затым – у нашых вёсках і гарадах. Да прыкладу, адзін мой сябар у Мексіцы арганізаваў у сваім горадзе «зону міру». Ён зрабіў гэта дзякуючы таму, што кожны ў яго раёне прыйшоў да пагаднення – пастарацца свядома пазбягаць гвалту ўнутры гэтай «зоны міру». Усе людзі пагадзіліся, што, калі яны захочуць сварыцца або супярэчыць адно аднаму, то будуць выходзіць за межы гэтай зоны. Гэта вельмі добра.
Складана чакаць міру ва ўсім свеце, хоць у канчатковым рахунку гэта было б лепш за ўсё. Тым не менш, больш рэалістычна пачаць цяпер з малога ўзроўню – з сябе, з сям'і, з абшчыны, з раёна і гэтак далей, усталёўваючы нешта падобнае да зон міру. Такім чынам, унутраны спакой у значнай ступені звязаны са спачуваннем.
Прама цяпер абставіны ў свеце сапраўды вельмі моцна мяняюцца. Я памятаю, некалькі гадоў таму адзін мой сябар з Германіі, нябожчык Фрыдрых фон Вайцзэкер, якога я лічу сваім настаўнікам, распавядаў мне пра тое, што, калі ён быў малады, усе жыхары Германіі лічылі ворагам Францыю і наадварот. Аднак цяпер усё па-іншаму. Цяпер у нас аб'яднаныя сілы, Еўрапейскі саюз. Гэта вельмі добра. Раней кожны штат лічыў свой суверэнітэт каштоўным. Аднак у нашы дні ў Еўропе новая рэальнасць: ёсць агульныя інтарэсы, якія важнейшыя за асабістыя. Калі эканоміка расце, выйграе кожная дзяржава, якая ўдзельнічае ў Саюзе. Таму цяпер важна распаўсюдзіць гэтае стаўленне на ўсё шасцімільярднае насельніцтва планеты. Нам неабходна думаць пра кожнага як пра члена адной вялікай чалавечай сям'і.
Спачуванне як біялагічны фактар
Цяпер пра спачуванне. Развіццё ўсіх жывёл, якія нараджаюцца ад маці, – людзей, млекакормячых, птушак і гэтак далей – залежыць ад таго, ці атрымліваюць яны прыхільнасць і клопат. Гэта сапраўды так, за выключэннем некалькіх відаў жывёл, напрыклад марскіх чарапах, матылькоў, ласосевых, якія адкладаюць яйкі або ікру і паміраюць – гэта невялікае выключэнне. Возьмем, да прыкладу, марскіх чарапах. Маці адкладаюць яйкі на беразе і пакідаюць іх, і выжыванне маладых чарапах залежыць выключна ад іх уласных намаганняў. Ім не патрэбна мацярынская прыхільнасць, і ўсё ж яны выжываюць. Таму ў некаторых аўдыторыях я кажу, што было б цікавым эксперыментам, пасля таго як чарапашка вылупіцца з яйка, змясціць яе разам з мамай і паглядзець, ці будуць яны праяўляць адна да адной прыхільнасць. Я думаю, што не. Прырода стварыла іх такімі, таму яны не маюць патрэбы ў прыхільнасці. Аднак млекакормячыя, і асабліва мы, людзі, загінулі б без мацярынскага клопату.
Догляд за нованароджаным немаўлём патрабуе пэўных эмоцый, такіх як спачуванне, любоў і клапатлівасць. Навукоўцы кажуць, што мацярынскі дотык важны для развіцця мозгу немаўляці ў час першых некалькіх тыдняў пасля нараджэння. Мы можам бачыць, што дзеці, якія выраслі ў любячай, ласкавай, дружнай сям'і, звычайна шчаслівыя. Яны нават больш здаровыя фізічна. А ў дзяцей, якім, асабліва ў раннім дзяцінстве, бракавала любові, часцяком шмат складанасцяў.
Некаторыя навукоўцы праводзілі эксперыменты, у якіх яны разлучалі дзіцянят малпаў з маці, і назіранні паказалі, што дзіцяняты пастаянна знаходзіліся ў дрэнным настроі, біліся. Яны не вельмі гулялі адно з адным. У той час як тыя, якія заставаліся са сваімі маці, былі шчаслівыя і гулялі адно з адным. І асабліва чалавечыя дзеці, якім бракуе любові ў маленстве, схільныя быць недружалюбнымі. Ім складана праяўляць прыхільнасць да іншых, і ў некаторых выпадках яны становяцца грубымі з навакольнымі. Таму прыхільнасць уяўляе сабой біялагічны фактар – фактар, які мае біялагічную аснову.
Акрамя таго, я лічу, што паколькі спачуванне і эмоцыі звязаны з біялагічным, фізічным узроўнем, то пастаянныя гнеў, нянавісць і страх разбураюць нашу імунную сістэму і яна становіцца слабейшай. Гэта адпавядае меркаванню шэрагу навукоўцаў. Затое спагадлівы розум дапамагае імуннай сістэме і ўмацоўвае яе.
Возьмем іншы прыклад. Калі мы разгледзім медыцынскую галіну, давер паміж медсёстрамі і ўрачом з аднаго боку і пацыентамі з другога дапамагае пацыентам выздаравець. Такім чынам, што ляжыць у аснове даверу? Калі доктар або медсёстры са свайго боку прадэманстравалі сапраўдны клопат пра пацыента і ўвагу да яго, для таго каб ён папраўляўся, тады ўзнікае давер. Аднак, з іншага боку, нават калі доктар – высокакваліфікаваны спецыяліст, калі ён ці яна даглядае пацыента машынальна, даверу амаль не ўзнікае. Так, калі доктар вельмі вопытны, гэта, верагодна, спрыяе ўзнікненню некаторага даверу, але калі ён пры гэтым таксама праяўляе спачуванне, даверу будзе больш. Пацыенты будуць лепш спаць і менш хвалявацца. Калі пацыенты хвалююцца на глыбокім эмацыйным узроўні, у іх з'яўляюцца фізічныя цяжкасці і гэта ўплывае на іх выздараўленне.
Як бы там ні было, праблемы ў жыцці, вядома, немінучыя. Шантыдэва, вялікі індыйскі майстар, раіў: сутыкаючыся з праблемамі, неабходна іх даследаваць. Калі можна вырашыць праблемы, ужыўшы які-небудзь метад, тады не варта хвалявацца: проста ўжывайце яго. Калі ж вырашыць іх нельга, тады не варта хвалявацца, таму што гэта ніяк не дапаможа. Вельмі карысна разважаць, прытрымліваючыся гэтага ланцужка разваг. Нават калі мы сутыкнуліся з вялікімі праблемамі, мы можам значна паменшыць іх, калі будзем разважаць падобным чынам.
Да таго часу пакуль нам неабходны клопат іншых (напрыклад, пакуль мы маленькія дзеці), у нас ёсць прыхільнасць і спачуванне. Аднак па меры таго як мы сталеем і набываем большую незалежнасць, мы звычайна пачынаем лічыць, што агрэсія важнейшая за спачуванне, калі нам трэба дабіцца свайго. Між тым усе шэсць мільярдаў чалавек пайшлі ад маці. Кожны, будучы немаўлём, адчуваў шчасце і задавальненне, атрымліваючы мацярынскую любоў, або чыю-небудзь яшчэ ласку, калі гэта была не маці. Аднак паступова, калі мы сталеем, гэтыя якасці змяншаюцца, і таму мы становімся больш агрэсіўнымі, больш грубымі і ствараем шмат праблем.
Неабходнасць бачыць рэальнасць
Адзін навуковец са Швецыі сказаў мне, што калі ў розуме з'яўляецца злосць і мозг знаходзіцца ва ўладзе гневу, то, якім паўстае перад намі «гэты жудасны чалавек», на якога мы ўгневаны, – гэта на 90% праекцыя розуму. Іншымі словамі, 90% негатыву – гэта ментальная праекцыя. Сапраўды гэтак жа, калі мы адчуваем да каго-небудзь прыхільнасць і моцны запал, мы бачым чалавека на сто працэнтаў выдатным і добрым. Аднак значны працэнт гэтага – таксама праекцыя, мы не бачым рэальнасці. Таму вельмі важна бачыць рэчаіснасць.
Ёсць яшчэ адно важнае пытанне: калі ніхто не хоча непрыемнасцяў, чаму ж тады яны ўзнікаюць? Гэта адбываецца з-за нашай наіўнасці, нашага няведання, нашага стаўлення: мы не бачым рэальнасці. З-за нашага ўласнага абмежаванага пункту гледжання мы не можам бачыць усю карціну рэальнасці. Мы бачым толькі два вымярэнні, але гэтага недастаткова. Нам неабходная здольнасць бачыць з'явы ў трох, чатырох, шасці вымярэннях. Для аб'ектыўнага аналізу трэба спачатку супакоіць свой розум.
Каб зразумець усё гэта, таксама важна разумець розніцу паміж стваральнымі і разбуральнымі эмоцыямі. Па меры таго як мы сталеем, біялагічны фактар спачування паступова змяншаецца, гэта значыць нам неабходна атрымліваць веды пра спачуванне і трэніраваць яго, каб зрабіць яго зноў моцным. Між тым біялагічнае спачуванне прадузятае: яно заснавана на атрыманні прыхільнасці ад іншых. Карыстаючыся ім як асновай, дадаючы да яго інтэлект і навуковыя фактары з нашага даследавання, мы не толькі здольныя падтрымліваць гэты біялагічны ўзровень спачування, але таксама можам яго ўзмацніць. Гэта значыць з дапамогай трэніроўкі і адукацыі абмежаванае прадузятае спачуванне можа стаць бязмежным непрадузятым спачуваннем, якое распаўсюджваецца на шэсць мільярдаў чалавек і далей.
Важнасць адукацыі
Ключ да ўсяго гэтага – адукацыя. Сучасная адукацыя ўдзяляе ўвагу развіццю мозгу і інтэлекту, але гэтага недастаткова. У нашай сістэме адукацыі таксама неабходна развіваць сардэчнасць, пачынаючы з дзіцячага садка і на працягу ўсяго навучання, уключаючы ўніверсітэт.
У Амерыцы некалькі навукоўцаў распрацавалі праграмы, якія навучаюць дзяцей развіваць спачуванне і памятаванне. І гэта было зроблена не з мэтай дапамагчы гэтым дзецям палепшыць іх будучыя жыцці і дасягнуць нірваны, а дзеля дабрабыту ў гэтым жыцці. Акрамя таго, у некаторых універсітэтах ужо нават ёсць некалькі адукацыйных праграм для развіцця сардэчнасці і спачування. Такое непрадузятае спачуванне не сканцэнтравана на стаўленні іншых да нас, а толькі на тым, што яны чалавечыя істоты. Кожны з нас – частка шасцімільярднага чалавечага насельніцтва гэтай планеты, таму ў сілу гэтай роўнасці кожны заслугоўвае нашага спачування.
Унутранае і знешняе раззбраенне
Такім чынам, для ўнутранага міру і міру ва ўсім свеце нам неабходна і ўнутранае, і знешняе раззбраенне. Гэта азначае, што на ўнутраным узроўні мы развіваем спачуванне і затым, з часам, на гэтай аснове мы здольныя раззброіць усё – усе краіны на знешнім узроўні. Гэта падобна на валоданне аб'яднанымі сіламі французска-германскага Еўрапейскага ваеннага корпуса. Гэта выдатна. Калі ў Еўрапейскага Саюза будуць аб'яднаныя сілы, тады ўзброенага супрацьстаяння паміж яго ўдзельнікамі не ўзнікне.
Неяк у Бруселі была сустрэча міністраў замежных спраў, і я сказаў тады, што ў будучыні было б вельмі карысна, калі б штаб-кватэра Еўрапейскага Саюза размясцілася ўсходней, у адной з усходне-еўрапейскіх краін, напрыклад у Польшчы. Пасля гэтага было б карысна пашырыць Саюз, напрыклад, уключыць у яго Расію, а затым, у выніку, перамясціць штаб-кватэру НАТА ў Маскву. Калі гэта адбудзецца, тады сапраўды наступіць мір і не будзе небяспекі вайны ў Еўропе. Цяпер ёсць некаторыя складанасці ў адносінах паміж Расіяй і Грузіяй, але нам патрэбна надзея.
Далей, на аснове такога пашырэння міру, абаронная прамысловасць, да прыкладу тут, у Францыі, можа быць з часам спынена і мы зможам перавесці эканоміку ў больш прадуктыўнае рэчышча. Замест танкаў фабрыкі можна пераабсталяваць, напрыклад, пад вытворчасць бульдозераў!
Народы Афрыкі таксама маюць вялікую патрэбу ў нашай дапамозе. Разрыў паміж багатымі і беднымі – гэта вялікая праблема, не толькі ў глабальным сэнсе, але і на нацыянальным узроўні. Разрыў паміж багатымі і беднымі насамрэч жудасны. Напрыклад, тут, у Францыі, вялікая розніца паміж багатымі і беднымі. Некаторыя людзі нават сутыкаюцца з голадам. Але ўсе мы – чалавечыя істоты, і ва ўсіх аднолькавыя надзеі, патрэбы і праблемы. Усё гэта нам неабходна прымаць да ўвагі, каб з дапамогай унутранага спакою садзейнічаць міру.