Тлумачэнне
Любоў у будызме – гэта жаданне, каб іншыя істоты былі шчаслівыя і валодалі прычынамі шчасця. Таксама гэтае жаданне ўключае ў сябе гатоўнасць дапамагаць іншым істотам здабыць шчасце, калі гэта магчыма: мы не проста спадзяёмся, што ім захоча дапамагчы хто-небудзь іншы. Гэта ўсёабдымнае пачуццё, звернутае да ўсіх істот, нават да незнаёмцаў або да тых, хто нам не падабаецца, а не толькі да тых, хто нам сімпатычны ці блізкі. Такога роду ўсёабдымная любоў бесстаронная: яна свабодная ад прыхільнасці, агіды і абыякавасці, таму што заснавана на разуменні, што ўсе мы аднолькавыя ў жаданні быць шчаслівымі і не быць нешчаслівымі. Іншыя істоты могуць думаць і паводзіць сябе дэструктыўна, ствараючы прычыны для няшчасця. Але так адбываецца толькі таму, што яны заблыталіся і папросту не ведаюць, што прынясе ім шчасце.
Такая любоў заснавана на разважанні пра тое, што ўсе астатнія – гэта проста людзі, якія хочуць быць шчаслівымі, гэтак жа як і мы. Такая любоў заснавана не на тым, як іншыя істоты сябе паводзяць. І ўжо дакладна яна не заснавана на тым, ці добра яны да нас ставяцца і ці любяць яны нас у адказ. Паколькі ў нас няма чаканняў і мы непрадузятыя, такая безумоўная любоў выяўляецца як спакойны стан розуму; яна не туманіць розум неразумнымі думкамі і не прымушае да дзеянняў, заснаваных на прыхільнасці.
Эмацыйны складнік такой любові – гэта пачуццё звязанасці з усімі істотамі і ўдзячнасць. Пачуцці звязанасці і ўдзячнасці прыходзяць, калі мы разумеем: усё, што мы спажываем ці чым карыстаемся, – гэта вынік працы іншых істот. Калі б іншыя істоты не працавалі так шмат, то дзе мы змаглі б атрымаць тыя рэчы, якімі карыстаемся? Адкуль дасталі б матэрыялы для вырабу рэчаў? Дзе бралі б ежу? Дзе атрымлівалі б адзенне, якое носім? Адкуль бы з'яўлялася вада і электрычнасць у нашым доме або інфармацыя ў інтэрнэце і гэтак далей? Людзі таксама ўскосна дапамагаюць нам, фарміруючы рынак, які стымулюе іншых ствараць прадукты, якія мы купляем.
Чым мацней мы адчуваем звязанасць і ўдзячнасць, тым спакайнейшымі і шчаслівейшымі мы сябе адчуваем. Гэта звязана з аксітацынам – гармона, які адказвае за сувязь паміж маці і немаўлём. Абудзіўшы гэтае цёплае, радаснае пачуццё, мы пашыраем яго ў медытацыі. Мы пачынаем з сябе, бо калі мы не жадаем шчасця сабе, то навошта нам жадаць шчасця камусьці яшчэ? Затым мы паступова распаўсюджваем яго на ўсё больш шырокія групы істот, пакуль яно не ахопіць усіх.
На кожным з этапаў гэтая любоў утрымлівае ў сабе тры думкі:
- Як было б цудоўна, калі б іншыя істоты былі шчаслівыя і валодалі прычынамі шчасця.
- Няхай яны будуць шчаслівыя, гэта значыць: «Я сапраўды хачу, каб яны былі шчаслівыя».
- «Няхай я змагу прынесці ім шчасце».
Разважаючы пра тое, як стварыць прычыны для шчасця іншых істот, нам трэба спачатку зразумець прычыны іх няшчасця. Калі яны галодныя, то мы не проста жадаем, каб у іх было дастаткова ежы; мы разумеем, што, нават калі яны будуць шчаслівыя пасля таго, як паядуць, ёсць імавернасць, што яны будуць пераядаць шкодную ежу і пакутаваць ад атлусцення. Таму мы таксама жадаем ім эмацыйнай раўнавагі, унутранай задаволенасці і самакантролю ў харчаванні. Тое самае і ў дачыненні да грошай, матэрыяльных даброт і гэтак далей. Мы разважаем хутчэй пра доўгатэрміновае, трывалае шчасце, чым пра кароткатэрміновае задавальненне матэрыяльнай патрэбы.
Медытацыя
- Супакойцеся, засяродзіўшыся на дыханні.
- Падумайце пра тое, што ўсё, што вы спажываеце і чым карыстаецеся, залежыць ад іншых.
- Сканцэнтруйцеся на пачуцці звязанасці з усімі істотамі і глыбокай удзячнасці.
- Заўважце, як ад гэтага вам становіцца цяплей, спакайней і радасней.
- Засяродзьцеся на сабе і адзначце, што вы часта адчуваеце сябе нешчаслівымі.
- Падумайце: «Як было б цудоўна, калі б я быў(была) шчаслівы(ая) і валодаў(ла) прычынамі шчасця; няхай я буду шчаслівы(ая); няхай я ствару прычыны, якія прынясуць яшчэ больш шчасця, але не проста павярхоўнае, кароткатэрміновае шчасце, а працяглае шчасце». Вы можаце таксама падумаць пра канкрэтныя рэчы, якія зрабілі б вас больш шчаслівымі: эмацыйная раўнавага і ўстойлівасць, спакойны і ясны розум, больш разумення, здольнасць лепш знаходзіць агульную мову з іншымі і гэтак далей.
- [Па жаданні: уявіце, што вы напоўнены цёплым жоўтым святлом, якое сімвалізуе сагравальнае шчасце.]
- Затым прарабіце тое самае, падумаўшы пра чалавека, які вам падабаецца, і распаўсюдзьце гэтае пачуццё яшчэ на некалькі сімпатычных вам людзей.
- [Па жаданні: уявіце, як вы выпраменьваеце цёплае жоўтае святло і напаўняеце ім іншага чалавека.]
- Наступнымі ў медытацыі ідуць людзі, з якімі вы часам сутыкаецеся, але з якімі вас мала што звязвае. Гэта могуць быць, напрыклад, касір у магазіне або вадзіцель аўтобуса.
- Затым прарабіце тое самае з людзьмі, якія вам не падабаюцца.
- Затым падумайце пра ўсе тры групы людзей.
- Затым, пашыраючы межы, звярніце сваю любоў да ўсіх людзей у вашым горадзе, у вашай краіне, ва ўсім свеце.
Заключэнне
Бесстаронная ўсёабдымная любоў – гэта шматграннае пачуццё, якое спалучае ў сабе пачуццё звязанасці з усімі істотамі і пачуццё ўдзячнасці за прамы або ўскосны ўклад гэтых істот у наша добрае самаадчуванне. Гэта спакойны, цёплы эмацыйны стан, у якім няма прыхільнасці, агіды і абыякавасці: няма ні любімчыкаў, ні чужакоў. Гэтае пачуццё безумоўнае, і яно распаўсюджваецца на ўсіх істот, незалежна ад таго, як яны сябе паводзяць, бо гэтая любоў заснавана на разуменні, што мы ўсе аднолькава хочам быць шчаслівымі і не хочам быць нешчаслівымі. Такая любоў не чакае нічога ў адказ. Гэтае пачуццё не пасіўнае. Наадварот, яно падштурхоўвае нас рабіць усё, што можа дапамагчы іншым істотам здабыць не кароткатэрміновае шчасце ў вызваленні ад матэрыяльнай патрэбы, а доўгатэрміновае, трывалае шчасце ў свабодзе ад трывожных эмоцый і заблытаных думак.