Тлумачэнне
Пасля таго як мы развілі клапатлівы настрой і навучыліся рэалістычна ставіцца да рэчаў, наступны крок – гэта развіць спачуванне да іншых. Сэнс спачування не ў тым, каб звысоку глядзець на іншых, шкадуючы іх; аснова спачування – эмпатыя, здольнасць адчуваць тое, што адчуваюць іншыя. Такім чынам, спачуванне – гэта жаданне, каб іншыя істоты былі свабодныя ад пакут і прычын пакут, – сапраўды гэтак жа, як мы хацелі б быць свабоднымі ад пакут. Гэта не проста пустыя мары, калі мы ведаем, што надзеі няма; наадварот, спачуванне грунтуецца на ўпэўненасці, што вызваліцца ад пакут магчыма. Яно таксама ўключае гатоўнасць і намер дапамагаць усім, чым толькі можам. Спачуванне не проста пасіўнае. Мы дапамагаем альбо фізічна ці матэрыяльна, калі гэта неабходна, альбо разумова: абуджаем у сабе стан розуму, неабходны іншым, каб пераадолець свае праблемы, і ўяўляем, як пасылаем яго ім.
Медытацыя
- Супакойцеся, засяродзіўшыся на дыханні.
- Уявіце, што страцілі дом і ўсю маёмасць падчас землетрасення, таму вам даводзіцца спаць на вуліцы, у вас цяжкасці з пошукам ежы і вады і няма грошай, каб пачаць жыццё з чыстага ліста. Вы ў поўнай роспачы і пачуваецеся прыгнечанымі.
- Уявіце, як бы вам хацелася вызваліцца ад гэтых абставін; зразумейце, што прычына вашага няшчасця – гэта ваша прыгнечанасць, і адчуйце рашучасць вызваліцца ад яе і знайсці сродкі, каб аднавіць жыццё.
- Затым уявіце, што ў такую ж сітуацыю трапіла ваша маці. Перанясіце сваю рашучасць вызваліцца на маці і развіце спачуванне – рашучасць, каб і яна вызвалілася ад гэтага.
- Пажадайце, каб яна не страчвала надзею і ёй хапіла мужнасці і сіл пачаць усё спачатку.
- Затым уявіце тое самае ў дачыненні да соцень тысяч непальцаў, якія цяпер апынуліся ў такой сітуацыі, і развіце спачуванне да іх.
- Зрабіце тое самае ў дачыненні да эмацыйнай неўраўнаважанасці. Успомніце сітуацыю, калі вы былі эмацыйна неўраўнаважаныя. Усвядомце, што вы можаце вярнуць эмацыйную раўнавагу, развіваючы спакойны, ясны розум. Абудзіце ў сабе рашучасць вызваліцца ад неўраўнаважанасці.
- Затым перанясіце гэта на сваю маці, а потым – на ўсіх істот.
Заключэнне
Мы хочам быць шчаслівымі і ніколі не быць нешчаслівымі, і тое ж самае датычыцца ўсіх астатніх. Гэтак жа, як і мы, кожны хоча быць свабодным ад пакут і праблем. Каб развіць спачуванне да іншых істот – жаданне, каб яны былі свабодныя ад пакут, – нам спачатку трэба прызнаць свае праблемы, паглядзець ім у вочы і развіць моцнае жаданне вызваліцца ад іх. Чым мацнейшая наша рашучасць пазбавіцца сваіх пакут, тым больш чуйна мы зможам адчуваць пакуты іншых істот і тым прасцей будзе развіць рашучасць дапамагчы ім пераадолець і іх пакуты. Такую рашучасць, накіраваную на іншых, мы называем «спачуваннем».