Усёабдымная любоў – жаданне, каб усе былі шчаслівыя і валодалі прычынамі шчасця, – узнікае дзякуючы разуменню сваёй найцяснейшай узаемасувязі з усімі астатнімі істотамі [Гл.: Што такое любоў?]. Мы частка чалавецтва, і наш дабрабыт звязаны з дабрабытам усіх людзей у цэлым. Ніхто з нас не зможа пазбегнуць наступстваў эканамічнага крызісу або змены клімату. Паколькі мы ўзаемазвязаныя з усім чалавецтвам, цалкам дарэчы распаўсюдзіць нашу любоў на ўсіх.
Развіццё любові да іншых натуральным чынам робіць розум спакойным. Гэта найвышэйшая крыніца жыццёвага поспеху. – 14-ы Далай-лама
Каб развіць любоў, важна ўсвядоміць нашу ўзаемазвязанасць. Усё, што вы ясьце, чым карыстаецеся і чым цешыцеся, прыходзіць да вас дзякуючы працы іншых. Падумайце пра тысячы людзей у самых розных кутках свету, якія зрабілі прыладу, на якой вы зараз чытаеце гэты тэкст. Глыбока паразважаўшы пра гэта, вы адчуеце сувязь з усімі і ўдзячнасць ім, і ў вас узнікне глыбокае перажыванне шчасця, якое ідзе знутры. Дзякуючы гэтаму вы натуральным чынам пачняце клапаціцца пра шчасце іншых. Гэтыя пачуцці – аснова ўсёабдымнай любові.
Кароткая медытацыя для развіцця любячай дабрыні
Спачатку важна развіць любячую дабрыню да сябе. Не жадаючы шчасця сабе, чаму мы будзем жадаць яго іншым?
Выклічце глыбокае пачуццё:
- Як было б выдатна, калі б я быў шчаслівы і валодаў прычынамі шчасця.
- Я жадаю сабе шчасця.
- Няхай я змагу зрабіць сябе шчаслівым.
Калі вы зможаце шчыра пажадаць сабе шчасця, распаўсюджвайце гэтае пачуццё на ўсё шырэйшае кола іншых:
- Распаўсюдзьце любоў на каханых, блізкіх і сяброў.
- Далей – на ўсіх тых, каго сустракаеце штодня і хто вам абыякавы.
- Затым – на людзей, якія вам зусім не падабаюцца.
- Нарэшце, на ўвесь свет і ўсіх істот у ім.
Так вы разаўеце любоў не толькі да сябе і сваіх блізкіх, але і да ўсіх істот.
Калі вы можаце што-небудзь зрабіць, каб іншыя былі шчаслівыя, важна гэта рабіць. Калі гэта немагчыма, уяўляйце, што даяце іншым тое, што прынясе ім не толькі кароткачасовае шчасце, але і доўгачасовае добрае самаадчуванне. Гаворка ідзе не толькі пра матэрыяльную дапамогу, напрыклад, пра тое, каб даць ежу галодным і прытулак бяздомным. Многія багатыя і паспяховыя людзі таксама пакутуюць, і трэба ўключаць іх у свае пажаданні. Паступова пачуццё шчырай любові да сваёй сям'і, сяброў, да ўсіх, каго вы сустракаеце, будзе ўзнікаць натуральна, прыносячы шчасце і вам, і іншым.
[Прайдзіце кіраваную медытацыю на любоў: Пашырэнне любові]
Каб уключыць субцітры, клікніце па іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Налады».