Як развіваць спачуванне

Ва ўсіх нас ёсць прыроджаны патэнцыял да спачування – жадання, каб іншыя былі свабодныя ад пакут і іх прычын. Мы здольныя развіваць гэтую якасць, што прынясе нам і іншым неверагодную карысць.

Лепш за ўсё пачынаць развіваць спачуванне з абмежаванага кола людзей, напрыклад з тых, каго мы сустракаем асабіста або ў інтэрнэце, і, магчыма, з некаторых жывёл. Паступова мы вучымся распаўсюджваць спачуванне на ўсіх: на тых, хто нам падабаецца, на незнаёмцаў і нават на людзей, якія нам зусім не падабаюцца. Мы працягваем да таго часу, пакуль наша спачуванне не ахопіць увесь свет – так, нават прусакоў!

У спачування ёсць як эмацыйны, так і рацыянальны складнік. Эмацыйны ўключае прызнанне ўзаемазалежнасці ўсяго жывога на нашай планеце. Усё, што мы спажываем і чым карыстаемся ва ўмовах глабальнай эканомікі, – ежа, адзенне, тэхнічныя навінкі, дом, сродкі перамяшчэння і гэтак далей, – створана іншымі. Без іх працы ў нас не было б дарог, электрычнасці, паліва, вады і ежы. Разумеючы гэта, мы натуральным чынам адчуваем удзячнасць – шчаслівы стан розуму, які прыводзіць да так званай «сардэчнай любові». Чым больш мы разважаем пра гэтае пачуццё ўдзячнасці, тым больш будзем даражыць іншымі, падобна да таго як маці адчувае сябе жахліва, калі нешта дрэннае здараецца з яе адзіным дзіцем. Мы адчуваем смутак з нагоды непрыемнасцей іншых, але гэта не літасць, а эмпатыя: мы адчуваем чужыя праблемы як уласныя.

Рацыянальны складнік бесстаронняга і ўсёабдымнага спачування відавочны. Тым не менш, многія людзі нават не думаюць пра гэта. Усе роўныя ў жаданні быць шчаслівымі, і ўсе таксама роўныя ў жаданні быць свабоднымі ад няшчасця і пакут. Гэтыя два факты застаюцца праўдзівымі незалежна ад таго, ці блізкі нам іншы чалавек і што ён робіць. Нават калі хто-небудзь прычыняе нам або іншым шмат шкоды, ён робіць гэта з-за невуцтва, блытаніны і памылковых уяўленняў, памылкова думаючы, што гэта прынясе карысць грамадству або яму самому. Ён прычыняе іншым шкоду не таму, што ён па сваёй прыродзе дрэнны – ніхто не з'яўляецца «дрэнным» па сваёй сутнасці. Таму цалкам апраўдана і дарэчы адчуваць да яго спачуванне: ён не хоча пакутаваць сапраўды гэтак жа, як і мы.

Медытацыя на спачуванне

Развіваючы спачуванне, мы абуджаем яго паэтапна, з усё большай сілай. Спачатку мы засяроджваемся на пакутах тых, хто нам падабаецца, затым – на пакутах тых, да каго мы адчуваем нейтральныя пачуцці, і нарэшце пераходзім да тых, каго мы не любім. Урэшце мы развіваем здольнасць засяроджвацца на пакутах усіх істот, паўсюль, у роўнай ступені.

На кожным этапе мы абуджаем тры пачуцці:

  • Як было б выдатна, калі б яны былі свабодныя ад пакут і іх прычын.
  • Няхай яны будуць свабодныя ад пакут. Я жадаю ім вызваліцца.
  • Няхай я змагу дапамагчы ім вызваліцца.

Такім чынам, спачуванне ўключае гатоўнасць дапамагаць іншым пазбавіцца праблем, справіцца з няшчасцем. Яму спадарожнічае ўпэўненасць, што праблемы можна вырашыць з дапамогай рэалістычных метадаў, іншымі словамі, што безнадзейных сітуацый не існуе. Такім чынам, спачуванне ў будызме – гэта актыўны стан розуму, калі мы ў любы момант гатовыя дзейна дапамагаць іншым.

[Прайдзіце кіраваную медытацыю: Адчуванне спачування]

Відэа: Мацьё Рыкар – «Натхняльнае пасланне»
Каб уключыць субцітры, клікніце па іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Налады».
Top