Спачуванне ў будызме – не проста высакародны ідэал. Гэта магутная і трансфармавальная сіла, якая стаіць у цэнтры нашай духоўнай практыкі. Развіццё спачування абсалютна неабходнае не толькі для нашага асобаснага росту, але і для ператварэння нашага свету ў больш спакойнае і гарманічнае месца, у якім, напэўна, мы ўсе хацелі б жыць. Дзякуючы аднаму толькі ўзрошчванню шырокага спачування ў сваім розуме, мы можам неверагодным чынам кранаць жыцці іншых, прыносячы святло туды, дзе цёмна, і суцяшаючы тых, хто пакутуе. Вось у чым сіла спачування.
Навошта развіваць спачуванне?
Некаторыя могуць спытаць: «Навошта мне развіваць спачуванне?» Мы можам адчуваць сябе шчаслівымі і паспяховымі і не бачыць неабходнасці развіваць тое, што, як можа здацца, не прынясе нам карысці. Аднак калі мы сапраўды адчуваем сябе шчаслівымі і паспяховымі, то можам убачыць, наколькі наша спрыяльная сітуацыя залежыць ад іншых – ад людзей, якія вырошчваюць ежу, якую мы ямо, ад тых, хто сочыць за станам дарог, па якіх мы ходзім і ездзім. Што было б з намі без гэтых людзей?
Усвядоміўшы, што мы шмат чым абавязаны свету вакол нас, мы бачым, што развіццё спачування – гэта ключ, які адкрывае для нас яшчэ больш глыбокую сувязь з іншымі людзьмі – з нашымі блізкімі і з тымі, хто далёка. Буда вучыў, што ўсе істоты ўзаемазвязаныя, а такім чынам шчасце і пакуты іншых непарыўна звязаныя з нашым шчасцем і пакутамі.
Калі мы развіваем спачуванне, адбываецца нешта важнае: мы пачынаем бачыць далей за сваё «я» і ўласныя патрэбы, жаданні і турботы. Мы пачынаем распазнаваць, што шчасце і добрае самаадчуванне іншых гэтак жа важныя, як і нашы ўласныя. Адно з выдатных практыкаванняў, якому вучаць тыбецкія майстры, – уявіць сябе са сваімі патрэбамі і жаданнямі на адным баку, а на іншым баку ўявіць усіх астатніх, усіх жывых істот, у кожнага з якіх свае надзеі і свае цяжкасці. Затым мы пытаемся ў сябе: чые патрэбы важнейшыя, мае ці незлічоных іншых істот? Гэтае змяненне ў нашым успрыманні накіраванае не проста на дапамогу іншым: мы таксама вызваляемся з пасткі эгацэнтрызму і перастаем думаць толькі пра сябе.
Калі хочаш, каб іншыя былі шчаслівыя, практыкуй спачуванне. Калі хочаш быць шчаслівым, практыкуй спачуванне. – Яго Святасць Чатырнаццаты Далай-лама
Больш за тое, паводле вучэння Буды спачуванне – гэта крыніца сапраўднага шчасця. У адрозненне ад пагоні за матэрыяльнымі рэчамі або кар'ерных дасягненнямі, якія даюць толькі часовае задавальненне, спачуванне прыносіць нам трывалае пачуццё самарэалізацыі. Гэта дапамагае кожны дзень знаходзіць радасць у малым, напрыклад, калі мы аддаём, не чакаючы нічога ўзамен, або проста ўсміхаемся мінаку. Гэтае шчасце не залежыць ад знешніх абставін. Яно ўзнікае натуральным чынам, калі мы клапоцімся пра іншых і ўсталёўваем з імі чалавечы кантакт, разумеючы, што яны таксама людзі і, як і мы, хочуць быць шчаслівымі.
Карысць развіцця спачування
Спачатку можа здацца, што засяроджванне на пакутах іншых і жаданне нешта з гэтым зрабіць будзе эмацыйна нас абцяжарваць. Але парадаксальным чынам, чым больш мы развіваем спачуванне, тым больш натхнёнымі і супакоенымі мы сябе адчуваем, бо ў нашым жыцці з'яўляецца мэта. Прасцей кажучы, развіццё спачування прыносіць вялікую карысць – і для нас, і для ўсяго свету.
Навукова даказана, што на асабістым узроўні спачуванне зніжае ўзровень стрэсу, трывожнасці і дэпрэсіі. Спачуванне дапамагае нам развіць эмацыйную ўстойлівасць, дзякуючы якой нам становіцца прасцей спраўляцца з любымі жыццёвымі цяжкасцямі. Таксама спачуванне ўзбагачае нашы блізкія адносіны, робячы нас больш чуйнымі, цярплівымі і гатовымі падтрымаць тых, хто нам дарагі.
У больш шырокім маштабе спачуванне здольнае змяняць грамадства. Дзейнічаючы са спачування, мы робім уклад у новую культуру, заснаваную на дабрыні і эмпатыі. Так мы ствараем станоўчае асяроддзе, у якім людзі адчуваюць сваю каштоўнасць і атрымліваюць падтрымку, дзякуючы чаму грамадства становіцца больш гарманічным і згуртаваным.
Аднак, магчыма, найбольшая карысць спачування ў тым, што яно злучае нас з нашай сапраўднай прыродай. Спачуванне дапамагае ўбачыць тое, што знаходзіцца за межамі ілюзіі аддзеленасці, адкрываючы нам узаемазвязанасць усяго жывога. Усвядоміўшы гэта, мы знаходзім не толькі сэнс жыцця, але і шлях да трывалага спакою і задаволенасці.

Метады развіцця спачування
Буда вучыў мноству спосабаў развіцця спачування. Калі мы будзем практыкаваць як мага больш метадаў, спачуванне паступова будзе станавіцца нашай натуральнай рэакцыяй у адносінах з іншымі, што прывядзе да спантанных праяў дабрыні.
Разважаем над пакутамі іншых
Мы жывём у свеце, у якім усё больш людзей заяўляюць пра тое, што яны перажываюць «стомленасць ад спачування». На нас адусюль сыплюцца выявы вайны, голаду і іншых катастроф. Яны запаўняюць навінавыя каналы і сацыяльныя сеткі, і многія адчуваюць прыгнечанасць, не жадаючы больш нічога чуць пра пакуты.
Але адзін з самых эфектыўных спосабаў развіць спачуванне – гэта актыўна разважаць пра пакуты іншых. Убачыўшы, як у навінах асвятляюць якую-небудзь трагедыю, мы не проста думаем: «Як жахліва», і адразу прагортваем навіну. Возьмем, напрыклад, гісторыю пра бежанцаў. Мы можам крыху паразважаць пра тое, наколькі жахліва не па сваёй волі пакінуць родны дом і ўсё звыклае жыццё ды пайсці насустрач невядомаму. Часта бежанцы не толькі рызыкуюць сваім жыццём, адпраўляючыся ў небяспечную дарогу ў пошуках прытулку, але і, прыбыўшы ў пункт прызначэння, сутыкаюцца з падазронасцю, страхам або абыякавасцю. Падумайце пра тое, як было б жахліва, калі б у такой сітуацыі апынуліся мы самі або нашы любімыя і блізкія. Натуральным чынам мы адчуем спачуванне: «Няхай ніхто не сутыкнецца з такімі пакутамі».
Мы бачым, што разважанне над пакутамі не азначае, што мы засяроджваемся на болі або смутку, дазваляючы ім перапоўніць нас. Хутчэй, мы ўсведамляем, што пакуты – гэта перажыванне, з якім сутыкаюцца ўсе. Прызнаючы цяжкасці, з якімі сутыкаюцца іншыя людзі (і тыя, хто побач, і тыя, хто жыве далёка ад нас), мы можам узрошчваць шчырае жаданне палегчыць іх пакуты.
Праяўляем дабрыню
Як ужо гаварылася вышэй, спачуванне – гэта не толькі пачуццё, але і дзеянні. Нават невялікія праявы дабрыні – калі мы прапануем дапамогу, выслухоўваем таго, каму трэба выгаварыцца, ці проста ўсміхаемся мінаку, – дазваляюць нам выказаць спачуванне ў дзеянні.
Гэтыя невялікія праявы дабрыні могуць здацца нязначнымі, але яны могуць мець вялікі ўплыў і закранаць больш жыццяў, чым мы думаем. Дабрыня падобная да мышцы, таму кожная, нават самая малая праява дабрыні ўзмацняе наша спачуванне, дзякуючы чаму нам становіцца ўсё прасцей адгукацца з клопатам і эмпатыяй. У свеце, які здаецца раз'яднаным, такія маленькія праявы дабрыні могуць дапамагчы нам наблізіцца да іншых істот і зрабіць свет крыху святлейшым.
Практыкуем альтруістычную любоў
Альтруістычная любоў – гэта шчырае жаданне, каб іншыя былі шчаслівыя. Яна цесна звязаная са спачуваннем. Гэта магутная практыка, у якой мы трэніруемся пераключаць сваю ўвагу з эгацэнтрычных клопатаў на больш шырокае пачуццё любові, звернутае да ўсіх істот. Практыкуючы такім чынам, мы падключаемся да крыніцы супакаення і задаволенасці, якая насамрэч знаходзіцца ўнутры нас.
Як кажа Мацьё Рыкар, будыйскі манах, якога часта называюць «самым шчаслівым чалавекам у свеце»: «Альтруізм – лепшы стан розуму, які варта развіваць, бо ён прыносіць найбольшую карысць і нам, і іншым». Калі мы імкнёмся штодня практыкаваць альтруістычную любоў, наша сэрца натуральным чынам становіцца больш спагадлівым і адкрытым.
Гэтая практыка не патрабуе шырокіх жэстаў. Мы можам пачаць з таго, каб проста шчыра пажадаць шчасця людзям, з якімі бачымся на працягу дня. Мы можам у думках пажадаць мінаку на вуліцы ўсяго найлепшага, пажадаць сябру здабыць унутраны спакой або накіраваць любоў усім, хто пакутуе па ўсім свеце. Гэтыя невялікія свядомыя праявы дабрыні дапамагаюць нам пашырыць сваю здольнасць праяўляць любоў і спачуванне.
Часам нам лёгка адчуваць альтруістычную любоў да тых, хто, як нам здаецца, пакутуе. Мы можам убачыць жабрака на вуліцы і адразу адчуць: «Няхай ён здабудзе шчасце і няхай яго цяжкасці вырашацца». Але, убачыўшы чалавека, які выглядае заможным, у якога ўсё ёсць, мы думаем: «Чаму я павінен жадаць яму шчасця? У яго ўжо ўсё ёсць!» Аднак альтруістычная любоў выходзіць за межы павярхоўнага ўспрымання. Незалежна ад таго, які чалавек апынуўся перад намі – паспяховы ці той, хто змагаецца за выжыванне, – важна памятаць, што ўсе заслугоўваюць шчасця.
Таму Буда вучыў медытацыі на любячую дабрыню. У гэтай практыцы мы спачатку абуджаем любоў і дабрыню ў адносінах да сябе, а затым пашыраем гэтае пачуццё, накіроўваючы яго на іншых: спачатку на тых, каго мы любім, затым на тых, да каго мы ставімся нейтральна, і нарэшце на тых, з кім нам цяжка. Мэта практыкі – паступова пашыраць кола нашай любові і спачування да таго часу, пакуль у яго не ўвойдуць усе істоты без выключэння. З цягам часу мы натуральным чынам будзем жадаць шчасця ўсім, з кім бы мы ні сустрэліся.
Памятаванне і медытацыя
Памятаванне – гэта практыка, падчас якой мы цалкам прысутнічаем у цяперашнім моманце і ўсведамляем свае думкі, эмоцыі і навакольнае асяроддзе, не выносячы меркаванняў. Адтачыўшы гэты навык – а на гэта здольны кожны, – мы здабудзем больш яснае разуменне нашага ўласнага пакутавання і пакутавання іншых. Па меры таго як наша ўсведамленне будзе ўзрастаць, наша спачуванне таксама натуральным чынам будзе ўзмацняцца дзякуючы разуменню таго, што пакуты – гэта асноватворная частка чалавечага існавання, нешта, з чым сутыкаецца кожны.
Як красамоўна падмеціў вялікі будыйскі манах і настаўнік Ціт Нат Хан: «Памятаванне нараджае спачуванне». Развіўшы памятаванне, мы пачынаем заўважаць не толькі відавочныя, але і тонкія перажыванні болю, страху і расчаравання ў нас і ў іншых істот. Гэтае разуменне змякчае наша сэрца, дзякуючы чаму замест раздражнення або расчаравання мы адгукаемся са спачуваннем і дабрынёй.
З дапамогай памятавання і медытацыі мы распазнаём, што незалежна ад абставінаў усе сутыкаюцца з цяжкасцямі і праблемамі. Гэта дапамагае нам выйсці за межы паспешных меркаванняў, якія мы прывыклі выносіць. З дапамогай практыкі мы паступова пашыраем сваё спачуванне, уключаючы ў яго ўсіх істот, і такім чынам пачынаем разбураць сцены аддзеленасці (і часта – пачуццё ўласнай перавагі), якія замінаюць нам адчуць глыбінны кантакт з іншымі. Дзякуючы гэтаму мы, будучы сацыяльнымі істотамі, робім уклад ва ўласнае шчасце, а таксама ў шчасце людзей вакол нас.
Заключэнне: шлях да сапраўднага спачування
Ціт Нат Хан сказаў: «Спачуванне – гэта дзеяслоў». Нам трэба актыўна ўзрошчваць спачуванне не толькі ў адносінах да тых, хто сутыкаецца з відавочнымі праблемамі, але і ў адносінах да ўсіх, каго мы сустракаем. Дзякуючы невялікім праявам дабрыні, разважанню пра пакуты іншых ці медытацыі на любячую дабрыню насенне спачування распусціцца і зацвіце ў нас, стаўшы кветкай шчырага клопату пра ўсіх.
Паколькі мы людзі, нас часта паглынае клопат пра нашы асабістыя патрэбы і турботы, аднак усім, незалежна ад таго, хто яны, адкуль яны родам і як яны выглядаюць, таксама хочацца быць шчаслівымі і пазбавіцца пакут. Вось дзе можа спатрэбіцца наша дапамога. Нашы намаганні могуць здацца нам нязначнымі, але Буда вучыў, што ўсё і ўсе ўзаемазвязаныя. Гэта значыць, што кожны раз, калі мы ўсміхаемся мінаку, і кожную хвіліну, якую мы праводзім у медытацыі на любячую дабрыню, мы станоўча ўплываем на сябе і на тых, хто вакол нас.