Спачуванне, то бок жаданне, каб іншыя былі свабодныя ад пакут і іх прычын, – гэта адна з найпрыгажэйшых якасцяў у чалавеку. Хоць думкі пра спачуванне могуць натхняць, спачуванне становіцца па-сапраўднаму магутным, калі мы прымяняем яго на практыцы. Такім чынам, дзейнае спачуванне ўвасабляе нашы глыбінныя каштоўнасці будыйскіх практыкаў. Гэта адчувальнае выражэнне нашага абавязацельства дапамагаць усім істотам. Пераводзячы свае спагадлівыя намеры ў канкрэтныя асэнсаваныя дзеянні, мы можам прыносіць палёгку ў навакольны свет. Што можа быць больш значным за гэта?
Чаму спачуванне павінна выяўляцца ў дзеянні
Палягчаем пакуты
Першая з чатырох высакародных ісцін вучыць нас, што жыццё ад нараджэння да смерці напоўнена пакутамі і нездаволенасцю. Разам з мудрасцю спачуванне служыць проціяддзем ад гэтых пакут. Аднак спачуванне ва ўсёй сваёй паўнаце не заканчваецца адным толькі разуменнем або эмпатыяй: яму патрэбнае выражэнне ў дзеянні. Выказваючы спачуванне ў дзеянні, мы можам наўпрост палягчаць пакуты іншых. Нашы спагадлівыя дзеянні могуць унесці велізарны ўклад у жыццё іншых людзей: магчыма, мы дапаможам сябру, калі ён будзе ў гэтым мець патрэбу, паспрыяем развіццю агульнай справы або проста пабудзем побач з тым, каму зараз цяжка. Дзейнае спачуванне мяняе і нас саміх. Здзяйсняючы добры ўчынак, мы паступова ўзгадоўваем у сваім сэрцы шчодрасць і адкрытасць свету.
Ствараем станоўчы кармічны патэнцыял
У будызме намер, які стаіць за нашымі дзеяннямі, мае велізарнае значэнне. Дзеянні, матываваныя шчырым спачуваннем, назапашваюць станоўчы патэнцыял, які, як сказаў Буда, прыводзіць да перажывання шчасця ў будучыні. Дзейнічаючы са спачування, мы сеем насенне дабрыні, плады якога пажнём і мы, і іншыя. Спагадлівае дзеянне таксама разрывае цыкл разбуральных патэнцыялаў. Пастаянна адгукаючыся на сітуацыі з дабрынёй і разуменнем, а не са злосцю і эгаізмам, мы пачынаем прывучаць свой розум і сэрца да стваральных дзеянняў, пакуль яны не стануць для нас натуральнымі. Так мы дасягнем унутранага ўміратварэння і шлях да прасвятлення будзе станавіцца ўсё больш ясным.
Разумеем узаемазалежнасць
Спачуванне ў дзеянні дапамагае нам распазнаць узаемазалежнасць усіх істот. Няма ніводнай істоты ў сусвеце, якая, прачнуўшыся, пажадала б быць нешчаслівай. Усе мы аднолькава хочам перажываць шчасце. Дзейнічаючы са спачування, мы прызнаём, што ўсе мы з'яўляемся часткай чагосьці большага і што шчасце і пакуты іншых цесна звязаны з нашым шчасцем і пакутамі. Гэта ўсведамленне сілкуе ў нас пачуццё адзінства. Яно разбурае сцены, якія падзяляюць нас, з-за якіх у многіх выпадках з'яўляюцца пакуты. У свеце, які часта здаецца расколатым на часткі, дзейнае спачуванне выконвае ролю магутнай сілы, якая нагадвае нам, што ўсе мы ў адной лодцы і што, падтрымліваючы адно аднаго, мы можам стварыць больш гарманічны свет.

Як выказаць спачуванне ў дзеянні
Шчодрасць
Шчодрасць, першы з шасці далёка ідучых станаў розуму (параміт), – адзін з лепшых спосабаў практыкаваць спачуванне ў дзеянні. Яна можа прымаць мноства формаў. Напрыклад, мы можам прапаноўваць матэрыяльную падтрымку тым, хто ў гэтым мае патрэбу, калі ў нас ёсць такая магчымасць. Таксама ёсць шмат спосабаў прысвяціць іншым свой час і сілы. У будызме практыка даяння ўплывае не толькі на таго, хто атрымлівае, але і на таго, хто аддае. Калі мы аддаём з чыстым сэрцам і з радасцю, асабліва калі мы не спадзяёмся нічога атрымаць наўзамен, мы адпускаем свае жаданні і адкрываемся радаснай самаахвярнасці.
Прапанова эмацыйнай падтрымкі і суцяшэння
Ці заўважалі вы, што, калі чалавек перажывае цяжкія часы, часта яму патрэбная не парада, а каб хто-небудзь проста пабыў побач? Часам гэта самае спагадлівае, што мы можам зрабіць. Прапанова эмацыйнай падтрымкі (добрыя словы, абдымкі або проста выслухоўванне без асуджэнняў) можа суцешыць чалавека і палегчыць пакуты. Такія спагадлівыя дзеянні не патрабуюць шырокіх жэстаў. Часта яны выяўляюцца ў невялікіх жэстах дабрыні, якія вельмі моцна змяняюць сітуацыю. Застаючыся побач з тымі, каму цяжка, мы выказваем сваю неабыякавасць і паказваем, што яны не адны.
Валанцёрства
Валанцёрства – гэта яшчэ адзін спосаб выказаць спачуванне ў дзеянні. У большасці месцаў ёсць нямала магчымасцей праявіць спачуванне такім чынам: напрыклад, можна дапамагаць у дабрачынных харчовых фондах або прыняць удзел у калектыўнай уборцы. Валанцёрства дазваляе нам наўпрост унесці свой уклад у дабрабыт іншых, а таксама дае нам устойлівае адчуванне мэты ў жыцці. Прысвячаючы час і сілы дапамозе іншым, мы развіваем цярпенне і спачуванне. Таксама мы развіваем сціпласць, паколькі разумеем, што не з'яўляемся цэнтрам сусвету і што складанасці ёсць ва ўсіх; гэта ўзмацняе спагадлівы настрой.
Адстойванне сацыяльнай справядлівасці
Таксама дзейнае спачуванне можа прымаць форму адстойвання сацыяльнай справядлівасці. Гэта прадугледжвае адстойванне правоў і гонару ўсіх істот, барацьбу з несправядлівасцю і працу на карысць больш справядлівага і спагадлівага грамадства. Мы можам зрабіць гэта, павышаючы ўзровень усвядомленасці ў грамадстве, падтрымліваючы палітычныя змены, займаючыся мірным актывізмам або ахвяруючы арганізацыям, дзейнасць якіх прысвечана гэтым мэтам. Абарона правоў цяжкая, аднак гэта эфектыўны спосаб выражэння спачування ў дзеянні, бо часта гэтая дзейнасць накіравана на дапамогу маргіналізаваным слаям грамадства. Мы паказваем, што гатовыя накіроўваць свае сілы на дапамогу тым, хто пакутуе.

Перавагі дзейнага спачування
Дзейнічаючы са спачування, мы не проста дапамагаем іншаму чалавеку. Гэта становіцца крыніцай шчасця і сэнсу для нас саміх. Проста ўявіце, як радасна ведаць, што вы хаця б трохі палегчылі чыесьці пакуты. Гэтая радасць не мімалётная, у адрозненне ад задавальнення, звязанага з мірской, матэрыяльнай выгадай: гэта глыбокае, устойлівае доўгае шчасце. На гэта не трэба траціць грошы. Мы ўсе можам прыняць у гэтым удзел. Больш за тое, кожны спагадлівы акт умацоўвае звычку да спачування ў нашым розуме. Неўзабаве дзеянні са спачування стануць для нас натуральнымі, з якім бы чалавекам або з якой бы сітуацыяй мы ні сутыкнуліся.
Спачуванне можна называць самым каштоўным спадарожнікам для тых, хто хоча практыкаваць будызм. З дапамогай спачування мы можам растварыць перашкоды, якія замімінаюць нам быць у кантакце з іншымі істотамі. Як пастаянна нагадвае Яго Святасць Далай-лама, мы сацыяльныя жывёлы і менавіта сувязь з іншымі дапамагае нам пражываць па-сапраўднаму шчаслівае і асэнсаванае жыццё.
Заключэнне
Спачуванне ў дзеянні – сэрца будыйскай практыкі, і сучасны свет адчайна ў гэтым мае патрэбу. Гэтая практыка ператварае прыгожыя спагадлівыя намеры, якія нараджаюцца ў нашым розуме, у канкрэтныя, адчувальныя намаганні па палягчэнні пакут і стварэнні лепшага свету. Са спачуваннем здзяйсняючы любыя апісаныя вышэй дзеянні (або любыя іншыя), мы не толькі дапамагаем тым, каму патрэбна дапамога, але таксама прасоўваемся па шляху да прасвятлення.