Спачуванне да сябе – краевугольны камень будыйскай практыкі, аднак часта яно няправільна разумеецца або ігнаруецца ў штодзённым жыцці. Многіх з нас вучылі спагадліва і па-добраму ставіцца да іншых, аднак нам цяжка накіраваць тую ж дабрыню на сябе. У будызме спачуванне да сябе – гэта не проста праява дабрыні, але і неабходная аснова духоўнага росту і добрага самаадчування.
Калі чалавек тоне ў разлітай, бурнай рацэ і яго выносіць цячэнне, як ён дапаможа іншым перасекчы раку? – Буда
Што такое спачуванне да сябе?
Спачуванне да сябе мае на ўвазе, што мы ставімся да сябе з тым жа клопатам, уважлівасцю і разуменнем, з якімі ставіліся б да дарагога сябра. Часта нам адносна лёгка без асуджэння слухаць сябра, які расказвае пра свае праблемы, аднак, калі справа даходзіць да нас саміх, мы адчуваем, што не заслугоўваем такога ж стаўлення. Спачуванне да сябе азначае прызнанне нашых недасканаласцей, памылак і складанасцей без жорсткага асуджэння. Замест таго каб крытыкаваць сябе за недахопы, мы ставімся да сябе з прыняццем і разуменнем. Такі спагадлівы падыход – гэта не патаканне сабе і не самаапраўданне, а распазнаванне непазбежных цяжкасцей, з якімі сутыкаюцца ўсе, уключаючы нас.
Чаму спачуванне да сябе важнае ў будызме?
Спачуванне пачынаецца з нас
У цэлым можна сказаць, што сапраўднае спачуванне да іншых пачынаецца са спачування да сябе. Калі мы жорстка і крытычна ставімся да сябе, то ўявіце, як цяжка будзе праяўляць шчырае спачуванне да іншых. Практыкуючы спачуванне да сябе, мы развіваем добрае і мяккае стаўленне, якое натуральным чынам зыходзіць вонкі, дапамагаючы нам усталёўваць яшчэ больш эмпатычны кантакт з іншымі.
Спачуванне да сябе спрыяе эмацыйнаму ацаленню
Жыццё поўнае ўзлётаў і падзенняў, і тое, як мы рэагуем на свае пакуты, вельмі моцна ўплывае на наша самаадчуванне. Спачуванне да сябе падобнае да заспакаяльнага бальзаму. У цяжкія часы яно дазваляе нам адкрыцца свайму болю, не патанаючы ў ім, і дапамагае лягчэй апраўляцца пасля няўдач.
Спачуванне да сябе змяншае колькасць адмоўных думак пра сябе
У многіх з нас ёсць унутраны крытык, які асуджае і прыніжае нас. У некаторых людзей ён ніколі не змаўкае! Гэта можа здавацца неважным, але насамрэч адмоўная ўнутраная размова з самім сабой можа прыносіць неімаверную шкоду: яна можа прывесці да пачуцця ўласнай непаўнавартаснасці і да нізкай самаацэнкі. Практыкуючы спачуванне да сябе (напрыклад, распазнаючы сваю «прыроду буды» – той факт, што ва ўсіх нас ёсць магчымасць стаць будамі), мы можам супакоіць унутранага крытыка і замяніць асуджэнне думкамі, якія падтрымліваюць і падбадзёрваюць. Такая перамена не толькі паляпшае псіхічнае здароўе, але і стварае ў нашым розуме больш станоўчы вобраз сябе.
Спачуванне да сябе спрыяе асобаснаму росту
Некаторыя людзі думаюць, што спачуванне да сябе мае на ўвазе патаканне сабе, калі мы толькі і робім, што клапоцімся пра сябе, пазбягаем адказнасці за свае памылкі або не звяртаем увагі на свае недахопы. Наадварот, спачуванне да сябе забяспечвае бяспечную прастору для прызнання памылак і недасканаласцей. Толькі ў такіх умовах мы можам вучыцца на сваіх памылаках і расці. Хоць некаторым можа быць карысная жорсткая самакрытыка, большасці з нас для асобаснага росту больш падыдзе іншы падыход – стаўленне да сябе з дабрынёй і разуменнем.

Як практыкаваць спачуванне да сябе
Прызнайце свае пакуты
Мы пачынаем практыку спачування да сябе з прызнання, што мы пакутуем. Гэта можа здацца простым, але нам можа быць складана прызнаць, што мы сутыкнуліся з цяжкасцямі, асабліва калі мы адчуваем, што нам варта быць моцнымі або заўсёды трымаць усё пад кантролем. Такім чынам, спачатку трэба дазволіць сабе прызнаць свой боль, як душэўны, так і фізічны, без асуджэння.
Пастаўцеся да сябе з дабрынёй
Што б вы сказалі свайму блізкаму сябру, які перажывае цяжкія часы? Якія словы б падабралі? Як прапанавалі б падтрымку? Цяпер паспрабуйце накіраваць дабрыню і разуменне на сябе. Пагаварыце з сабой мякка, скажыце сабе словы падтрымкі, суцешце сябе.
Памятайце пра агульную чалавечую прыроду
Успомніце, што ўсе перажываюць пакуты і няма нікога, хто ні разу не памыліўся. Гэта частка чалавечага жыцця. Прызнаючы, што не вы адны сутыкаецеся з цяжкасцямі, вы можаце адчуць, што вы звязаны з іншымі і не адзінокія ў тым, што цяпер перажываеце.
Практыкуйце ўважлівае ўсведамленне
Заставайцеся ў цяперашнім імгненні са сваімі эмоцыямі, не ўцягваючыся ў іх. Назірайце за пачуццямі і думкамі з цікаўнасцю і адкрытасцю, дазваляючы ім быць, не спрабуючы іх змяніць або здушыць. Гэтая практыка ўважлівага ўсведамлення дапаможа вам цвёрда стаяць на зямлі і развіваць унутраны спакой.
Заключэнне
Спачуванне да сябе – гэта не раскоша і не пабочны прадукт будыйскай практыкі. Гэта ключавы элемент спагадлівага жыцця. Узрошчваючы спачуванне да сябе, мы ствараем трывалую аснову для нашага добрага самаадчування і здабываем здольнасць падтрымліваць іншых. Памятайце, што праява дабрыні да сябе – гэта не эгаізм, а найважнейшы крок на шляху да больш спагадлівага, асэнсаванага, напоўненага жыцця. Прама цяпер надайце трохі часу таму, каб прайсціся па згаданых пунктах і праявіць да сябе спачуванне, якога вы заслугоўваеце.