Многія людзі і жывёлы пакутуюць кожны дзень. Ёсць шмат спосабаў ім дапамагчы, але ўсё залежыць ад нашай здольнасці зразумець іх сітуацыю і ўбачыць, як лепш за ўсё дапамагчы. Каб быць сапраўды карыснымі, недастаткова быць спагадлівымі і ўмелымі. Нам таксама трэба шчодра аддаваць свой час і мець самадысцыпліну, цярплівасць, стараннасць, засяроджанасць і мудрасць. Вось 11 спосабаў, як дапамагчы іншым. Практыкуючы іх, мы не толькі дапамагаем тым, хто мае ў гэтым патрэбу, але і вырываемся са шкарлупіны ўласнай адзіноты і напаўняем жыццё сэнсам:
1. Клапаціцца пра тых, хто пакутуе
Трэба клапаціцца пра хворых, людзей з інваліднасцю і тых, хто пакутуе ад болю. Калі мы бачым, што хтосьці з цяжкасцю спраўляецца з цяжкай ношай або складанай задачай, мы прыходзім на дапамогу і падзяляем яго цяжар.
2. Накіроўваць тых, хто збіты з панталыку і не ведае, што рабіць
Сустракаючы людзей, якія заблыталіся і не ведаюць, што рабіць у цяжкіх сітуацыях, мы дапамагаем ім парадай, калі яны пра яе просяць, або проста выслухоўваючы іх. Калі наш сабака або котка зачынена ў пакоі, мы адчыняем дзверы, даючы ёй выйсці. Мы ўжываем гэты прынцып, нават калі па акне поўзае муха. Муха не хоча знаходзіцца ў нашым пакоі, яна хоча вылецець, таму мы адчыняем акно, дазваляючы ёй выбрацца.
3. Аддзячваць за дабрыню тым, хто дапамог нам
Важна цаніць працу іншых людзей, на якой трымаецца свет, і імкнуцца дапамагчы тым, хто шмат даў асабіста нам, напрыклад нашым бацькам. Важна рабіць гэта не з пачуцця віны або абавязку, а са шчырай удзячнасці.
4. Супакойваць і абараняць тых, каму страшна
Мы стараемся супакоіць перапалоханых людзей і жывёл. Калі іншаму чалавеку трэба пайсці ў небяспечнае месца, дзе ён можа пацярпець, мы прапануем суправаджаць і абараняць яго. Бежанцам, якія выратаваліся ад гвалту, мы забяспечваем бяспеку і дапамагаем асвоіцца. Тыя, каго траўміравала вайна ці хто падвергнуўся якой-небудзь форме гвалту, асабліва маюць патрэбу ў нашым разуменні і дапамозе, каб загаіць душэўныя раны.
5. Суцяшаць тых, хто ў горы
Мы спрабуем са спагадай суцешыць тых, хто перажывае гора, напрыклад тых, хто страціў любімага чалавека або развёўся. Не трэба ставіцца да іх з паблажлівасцю, думаючы: «Ах ты, бедненькі». Мы спрабуем паставіць сябе на іх месца і падзяліць іх боль.
6. Матэрыяльна дапамагаць бедным
Важна не толькі рабіць ахвяраванні дабрачынным арганізацыям, але і даваць міласціну жабраком, якіх мы бачым на вуліцах. Нам трэба пераадолець грэблівасць, асабліва калі бяздомныя жабракі выглядаюць бруднымі і адштурхвальнымі, так што нам не хочацца нават на іх глядзець, не кажучы ўжо пра тое, каб усміхнуцца і паставіцца да іх з павагай. Уявіце, калі б гэты чалавек, які жыве на вуліцы, быў вашай маці або сынам: ці змаглі б вы з халодным сэрцам проста прайсці міма, быццам гэта кавалак смярдзючага смецця?
7. Знаёміць з Дхармай тых, хто да нас прыхільны
Таксама трэба дапамагаць тым, хто хоча праводзіць з намі шмат часу. Мы не хочам, каб гэтыя людзі ад нас залежалі, але, калі ў іх з намі вельмі моцная сувязь, мы можам паспрабаваць ім дапамагчы. Калі яны праяўляюць да гэтага цікавасць, мы можам навучыць іх асноўным будыйскім метадам, якія дазваляюць дасягнуць шчасця і дапамагаць іншым. Сэнс не ў тым, каб навярнуць іх у будызм: мы проста дапамагаем і даём параду. Такім чынам мы можам зрабіць нашы адносіны больш асэнсаванымі.
8. Дапамагаць іншым паводле іх жаданняў
Дапамагаючы іншым, мы спрабуем рабіць гэта так, як ім падыходзіць. Калі іншыя просяць нас чаму-небудзь іх навучыць, а мы можам гэта зрабіць і бачым, што гэта будзе карысна, важна дапамагчы, нават калі гэта не наш любімы занятак. Калі мы ідзём з сябрамі ў рэстаран, было б няўважліва і эгаістычна заўсёды настойваць на той ежы, якую любім мы. Час ад часу варта згаджацца з перавагамі іншых. Як і ў адносінах, трэба шукаць кампраміс паміж тым, што любім мы і што падабаецца іншаму чалавеку. Не ўсё павінна круціцца вакол нас і нашых пераваг.
9. Падбадзёрваць тых, хто жыве сумленна
Мы таксама можам дапамагчы, хвалячы тых, хто вядзе сумленнае жыццё – мае станоўчыя арыенціры і добра працуе. Пры гэтым важна не перашчыраваць, каб яны не сталі высакамернымі. Гэта асабліва важна ў дачыненні да людзей з нізкай самаацэнкай. Калі ў чалавека ёсць вартасці, але ён занадта моцна імі ганарыцца, можна хваліць яго ў прысутнасці іншых, але не ў твар. Мы ўсё роўна натхняем яго выкарыстоўваць свае здольнасці на карысць іншых, але і дапамагаем яму паменшыць ганарыстасць, паказваючы на памылкі, якія ён робіць.
10. Вучыць канструктыўным паводзінам тых, хто вядзе дэструктыўны лад жыцця
Калі мы сустракаем тых, хто вядзе вельмі дэструктыўны і адмоўны лад жыцця, не варта проста адмахвацца ад такіх людзей, адпрэчваць або асуджаць іх. Замест таго каб судзіць іх, мы спрабуем паказаць ім, як пераадолець адмоўныя паводзіны, калі яны гатовыя мяняцца.
11. Выкарыстоўваць экстраардынарныя здольнасці, калі ўсё астатняе не працуе
У некаторых з нас ёсць здольнасці, якія выходзяць за межы звычайнага. Напрыклад, мы можам быць майстрамі баявых мастацтваў, але не любім афішаваць свае здольнасці. Але калі мы бачым, што на каго-небудзь напалі, трэба выкарыстоўваць сваё майстэрства, каб утаймаваць нападніка, калі спыніць яго іншым спосабам не атрымліваецца.
Каб уключыць субцітры, клікніце па іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Налады».
Ёсць мноства спосабаў дапамагаць іншым. Але майстэрства заключаецца не толькі ў тым, каб бачыць, як, каму і чым дапамагчы. Нам таксама важна разумець, калі варта прапаноўваць дапамогу і калі зрабіць крок назад, каб іншыя навучыліся дапамагаць сабе самі. Тыя, хто відавочна пакутуе, фізічна або эмацыйна, маюць патрэбу ў нашым неадкладным клопаце. Але дапамагаць заўсёды трэба ў належнай ступені – не занадта шмат і не занадта мала. Важна дапамагаць тым, хто перажыў няшчасце, вярнуцца да нармальнага жыцця, але, магчыма, лепшая доўгатэрміновая дапамога – даць умовы і метады, каб іншыя маглі ісці наперад і клапаціцца пра сябе самастойна.