Мяне папрасілі расказаць пра адраджэнне старажытнаіндыйскіх каштоўнасцяў. Гэта адно з чатырох абавязацельстваў, якія ўзяў на сябе Яго Святасць Далай-лама. Гэтая тэма ўключае некалькі пытанняў:
- Па-першае, што такое старажытнаіндыйскія каштоўнасці?
- Па-другое, навошта іх адраджаць?
- Па-трэцяе, што значыць адраджаць гэтыя каштоўнасці?
- Па-чацвёртае, якія практычныя і эфектыўныя метады дазволяць іх адрадзіць?
Давайце даследуем гэтыя пытанні адно за адным.
Што такое старажытнаіндыйскія каштоўнасці?
Пра старажытнаіндыйскія каштоўнасці можна казаць з двух пунктаў гледжання:
- Па-першае, з пункту гледжання ахімсы і каруны, гэта значыць негвалтоўнасці і спачування. Гэта дзве каштоўнасці Старажытнай Індыі, пра важнасць якіх часта кажа Яго Святасць. На гэтых каштоўнасцях, якія першапачаткова з'явіліся ў індыйскіх рэлігійных традыцыях, заснавана сучасная свецкая этыка, агульначалавечыя каштоўнасці і «Праграма навучання сацыяльным, эмацыйным і этычным навыкам (СЭЭ)», распрацаваная ва Універсітэце Эморы. Цяпер гэтую праграму ўкараняюць у многіх школах Індыі, а таксама ў некаторых іншых краінах свету.
- Па-другое, можна падысці да гэтага з пункту гледжання эмацыйнай гігіены. Гэта яшчэ адна старажытнаіндыйская каштоўнасць, пра якую кажа Яго Святасць, і ў першую чаргу яна прадстаўлена ў вучэнні старажытнаіндыйскіх філасофскіх сістэм, якія апісваюць розум, эмоцыі, спосабы пазнання і логіку.
Я хацеў бы засяродзіцца на другім аспекце старажытнаіндыйскіх каштоўнасцяў – на эмацыйнай гігіене. Калі казаць пра індыйскую навуку, філасофію і рэлігію – гэты падзел Яго Святасць праводзіць у дачыненні да будыйскага вучэння, – эмацыйная гігіена ў асноўным звязана са старажытнаіндыйскай навукай. Аднак яна перасякаецца і з індыйскай філасофіяй, якая закранае пытанні, звязаныя з асобай, ісцінай і рэальнасцю. Тое, як мы ўспрымаем сябе і іншых і што мы лічым рэальнасцю і ісцінай, відавочна, уплывае на наш эмацыйны дабрабыт.
Старажытнаіндыйскія філасофскія сістэмы ўключаюць чатыры будыйскія і восем небудыйскіх сістэм, і ў некаторых з іх таксама ёсць некалькі галін. Аднак кожная з філасофскіх сістэм – паўнавартасная сістэма з уласным унікальным поглядам на ўсе аспекты эмацыйнай гігіены. Кожная з сістэм прапануе сваю карту розуму і эмоцый, сваё тлумачэнне ўзаемасувязі розуму і асобы, уласную тэорыю пазнання і сістэму лагічных доказаў. Больш за тое, ва ўсіх сістэм розныя погляды на філасофскія пытанні, звязаныя з асобай, ісцінай і рэальнасцю.
Акрамя таго, усе гэтыя сістэмы, акрамя сістэмы чарвакаў, прапануюць свае навуковыя і філасофскія погляды ў кантэксце, агульным для ўсіх індыйскіх рэлігій. Гэты кантэкст уключае такія тэмы, як карма, некіравальны кругазварот перараджэнняў (сансара), пакуты сансары, няведанне адносна асобы і рэальнасці як прычына сансары, правільнае разуменне асобы і рэальнасці як метад дасягнення вызвалення ад сансары. Паколькі нашы эмацыйныя станы знаходзяцца пад уплывам няведання і, у сваю чаргу, уплываюць на нашы кармічныя паводзіны, яны прыносяць пакуты сансарных перараджэнняў. Усе метады збавення ад гэтых эмацыйных станаў, якія караняцца ў няведанні, накіраваны на дасягненне вызвалення ад сансарных перараджэнняў. Такім чынам, індыйскую навуку і эмацыйную гігіену нельга проста выцягнуць з кантэксту асноватворных поглядаў індыйскай філасофіі і рэлігіі.
Улічваючы разнастайнасць поглядаў па асноўных пытаннях, агульных для старажытнаіндыйскай навукі, філасофіі і рэлігіі, як можна па сутнасці апісаць старажытнаіндыйскія каштоўнасці, звязаныя з эмацыйнай гігіенай?
- Гэта каштоўнасць рацыянальнага і аналітычнага мыслення, якое дазваляе адрозніваць факт ад выдумкі.
- І каштоўнасць разумення, як працуе розум і эмоцыі, паколькі такое разуменне дапаможа нам пераадолець пакуты, якія мы ствараем для сябе, а значыць і для іншых.
Разглядаючы метады падтрымання эмацыйнай гігіены, агульныя для старажытнаіндыйскіх філасофскіх сістэм, мы ўбачым яшчэ больш агульных каштоўнасцяў.
- Першая каштоўнасць – адукацыя. Усе сістэмы сцвярджаюць, што для пераадолення няведання і пакуты трэба трэніраваць розум, спачатку слухаючы настаўленні або чытаючы іх, затым крытычна іх асэнсоўваючы, каб дамагчыся правільнага разумення і ўпэўненасці, што яны сапраўдныя і карысныя. Такім чынам, у аснове адукацыі ляжыць вывучэнне і крытычнае мысленне.
- Другая каштоўнасць – прымяненне таго, што мы вывучылі і зразумелі, у чым мы дасягнулі ўпэўненасці, каб гэта стала часткай нашага жыцця. Для гэтага ўсе індыйскія сістэмы вучаць медытацыі як метаду развіцця карысных звычак.
- Трэцяя каштоўнасць уключае этычную самадысцыпліну, засяроджанасць і праніклівасць. Усе філасофскія сістэмы вучаць дысцыплінаваць сваё цела і мову з дапамогай этычных паводзін, паколькі так мы развіваем дысцыпліну, неабходную для трэніроўкі розуму. Каб трэніраваць розум, усе яны выкарыстоўваюць метады медытацыі шаматхі для развіцця засяроджанасці і віпаш'яны для здабыцця праніклівасці, якая ліквідуе няведанне. Шаматха – гэта спакойны стан розуму, вольны ад блукання і млявасці і засяроджаны на аб'екце. Пры гэтым шаматха прадугледжвае правільнае ўспрыманне аб'екта, напрыклад як непастаяннага, або карыснае стаўленне да каго-небудзь ці чаго-небудзь, напрыклад спачуванне. Віпаш'яна – гэта выключна ўспрымальны стан розуму, які прадугледжвае, што мы захоўваем шаматху і ў дадатак да яе можам на глыбінным узроўні адрозніваць усе нюансы, а таксама бачыць усё, што вынікае з правільнага разумення або стаўлення да аб'екта.
Такім чынам, эмацыйная гігіена ўключае ў сябе наступныя каштоўнасці:
- адукацыя,
- рацыянальнае, аналітычнае мысленне,
- разуменне розуму і эмоцый,
- этычныя паводзіны,
- медытацыя на развіццё засяроджанасці і праніклівасці.
Навошта адраджаць старажытнаіндыйскія каштоўнасці, звязаныя з эмацыйнай гігіенай?
Слова «каштоўнасці» мае на ўвазе нешта, што мы лічым важным для дасягнення якой-небудзь пазітыўнай мэты. Фізічная гігіена заснавана на каштоўнасці чысціні, здаровага харчавання, фізічных практыкаванняў і бяспечных паводзін. Усё гэта важна, таму што прадухіляе хваробы і спрыяе дабрабыту як індывіда, так і грамадства. Падобным чынам, эмацыйная гігіена заснавана на такіх каштоўнасцях, як адукацыя, рацыянальнае мысленне, правільнае разуменне, эмацыйная раўнавага, стваральныя паводзіны, засяроджанасць і праніклівасць. Усё гэта важна таму, што дапамагае прадухіліць ірацыянальнае мысленне, эмацыйную няўстойлівасць і кампульсіўныя паводзіны, разбуральныя для чалавека і грамадства.
Мэта старажытнаіндыйскага вучэння пра эмацыйную гігіену заўсёды заключалася ў тым, каб дапамагаць людзям пазбаўляцца ад пакут. Хоць вышэйшай мэтай было пераадоленне сансарных пакут, а менавіта некіравальнага кругазвароту перараджэнняў, гэтыя кіраўніцтвы таксама дапамагаюць справіцца з паўсядзённымі праблемамі і пакутамі. Старажытныя вучэнні прадстаўляюць людзям аналітычныя схемы, якія дапамагаюць зразумець, як працуе іх розум і эмоцыі, як іх эмоцыі ўплываюць на іх паводзіны, як правільна зразумець, якія станы розуму і эмоцыі прыносяць праблемы, як прымяняць тэорыю пэўнага пазнання, логіку і аналіз, дысцыпліну і медытацыю, каб пазбавіцца ад таго, што прыносіць праблемы.
Мы адраджаем гэтае вучэнне для таго, каб дапоўніць сучасныя навуковыя веды пра работу мозгу і псіхалагічныя тэорыі пра работу розуму і каб прапанаваць людзям дадатковыя метады. Гаворка ідзе не толькі пра псіхатэрапеўтычную дапамогу людзям з істотнымі расстройствамі псіхікі, але таксама пра дапамогу звычайным людзям, якія хочуць лепш спраўляцца з паўсядзённымі задачамі. Напэўна, асноўнае абавязацельства, якое ўзяў на сябе Яго Святасць – дапамагаць усім істотам пераадольваць пакуты.
У наш час асабліва важна адраджаць старажытнаіндыйскія каштоўнасці, звязаныя з эмацыйнай гігіенай. Мы часта чуем, як наш час называюць «эпохай постпраўды». Дэзінфармацыя і так званыя «фэйкавыя навіны» паўсюль. Многія лічаць, што ісціна – гэта тое, што здаецца ім праўдзівым на эмацыйным узроўні, а не факты, пэўнасць якіх можна праверыць. Гэта прыводзіць да ірацыянальных паводзін і сацыяльнай дысгармоніі, канфліктаў, сістэмнага крызісу. Карацей кажучы, гэта прыводзіць да мноства праблем і пакут. Адраджэнне старажытнаіндыйскіх каштоўнасцяў эмацыйнай гігіены можа дапамагчы, паколькі прапануе метады, якія дазваляюць ліквідаваць няправільнае разуменне рэальнасці, а таксама неспакойныя эмоцыі і кампульсіўныя разбуральныя дзеянні, якія з гэтага вынікаюць і выклікаюць пакуты людзей.
Прывяду прыклад: Яго Святасць часта гаворыць пра падабенствы паміж поглядам будыйскай школы чытаматра («толькі розум») і квантавай механікай. І тое і іншае прыходзіць да высновы, што аб'ектыўнай рэальнасці не існуе: розум назіральніка ўплывае на стан назіраемага аб'екта. Такім чынам, з розных пунктаў гледжання праўдзівымі можна лічыць розныя станы, напрыклад стан фатона як часціцы або як хвалі энергіі, у залежнасці ад назіральніка і канцэптуальнага падыходу да вымярэння. Як фатон можа быць і часціцай, і хваляй, і гэта адносна праўдзіва, гэтак жа сама ўспрыманне розных тыпаў істот адносна праўдзівае і функцыянуе з пункту гледжання прычынна-выніковай сувязі. Вада спаталяе смагу людзей, нектар прыносіць багам наймацнейшае задавальненне, а гной прычыняе прэтам (галодным духам) жудасны боль.
Аднак гэтая адноснасць пунктаў гледжання і вопыту характэрная толькі для ўмоўнай ісціны, але не для найглыбейшай. І нават з пункту гледжання ўмоўнай (адноснай) ісціны ёсць розніца паміж дакладнай і недакладнай ўмоўнай ісцінай. Нельга сказаць, што праўдзіва ўсё, што думае той ці іншы чалавек, проста таму, што ён у гэта верыць. Агонь нельга патушыць маслам проста таму, што нехта ў гэта верыць. Адна з пераваг адраджэння крытычнага мыслення, заснаванага на логіцы і здаровым сэнсе, як адной са старажытнаіндыйскіх каштоўнасцяў, заключаецца ў тым, што яно дапамагае людзям знаходзіць правільны курс сярод цяжкасцяў і хаосу эпохі постпраўды.
Што маецца на ўвазе пад адраджэннем старажытнаіндыйскіх каштоўнасцяў эмацыйнай гігіены?
Гэтыя разнастайныя будыйскія і небудыйскія філасофскія сістэмы не развіваліся асобна адна ад адной. На працягу многіх стагоддзяў яны ўступалі адна з адной у дэбаты ў буйных індыйскіх універсітэтах, такіх як Наланда. Яшчэ адно абавязацельства Далай-ламы – садзейнічаць міжрэлігійнай гармоніі, заснаванай на разуменні і павазе да ўсіх традыцый. З пункту гледжання гэтага абавязацельства і ў адпаведнасці з традыцыяй Наланды, якую вельмі паважае Яго Святасць, адраджэнне старажытнаіндыйскіх каштоўнасцяў азначала б адраджэнне вучэння пра эмацыйную гігіену, якое ёсць ва ўсіх індыйскіх філасофскіх сістэмах – як будыйскіх, так і небудыйскіх.
Адраджэнне старажытнаіндыйскіх каштоўнасцяў эмацыйнай гігіены не абмяжоўваецца толькі перакладам тэкстаў з санскрыту на сучасныя мовы, хоць гэта важная частка больш агульнай задачы. Карэнныя тэксты і індыйскія каментарыі на іх, і нават тыбецкія каментарыі на індыйскія будыйскія тэксты, зразумець вельмі няпроста. Гэта вельмі прасунутыя тэксты, разуменне якіх патрабуе вельмі высокага ўзроўню адукацыі і ведання кантэксту. Каб адрадзіць тыя веды, якія ў гэтых тэкстах утрымліваюцца, неабходна паступова атрымліваць тлумачэнні гэтага матэрыялу, пачаўшы з базавага ўзроўню. Толькі дзякуючы такому паступоваму прасоўванню гэтыя тэксты стануць зразумелымі людзям, якія не знаёмыя са старажытнаіндыйскай думкай.
Аднак гэта не значыць, што трэба арганізаваць паслядоўнае вывучэнне гэтых сістэм так, як быццам мы пераходзім ад менш дакладных сістэм да больш дакладных і пэўных. Гэта прадугледжвала б, што адна сістэма пераўзыходзіць усе астатнія і вывучэнне сістэм, якія лічацца «ніжэйшымі», – гэта проста крокі на шляху да вывучэння вышэйшай і лепшай сістэмы. Хоць многія вучоныя сапраўды прапануюць вывучаць будыйскія філасофскія сістэмы такім чынам, калі гэты падыход прымяніць да вывучэння будыйскіх і небудыйскіх філасофскіх сістэм, ён будзе цалкам супярэчыць каштоўнасцям міжрэлігійнай гармоніі, пра важнасць якіх кажа Яго Святасць. Тлумачэнне будыйскіх і небудыйскіх вучэнняў у пэўным парадку азначае вывучэнне гэтых філасофскіх сістэм па асобнасці з павелічэннем узроўню складанасці.
Яго Святасць часта кажа, што будыйскую навуку і будыйскую філасофію можна вывучаць як акадэмічныя прадметы асобна ад рэлігіі. Гэта датычыцца і індыйскай навукі, і філасофіі ў цэлым. Але адраджэнне гэтай старажытнай мудрасці не павінна абмяжоўвацца яе захаваннем у тым сэнсе, што яе можна будзе вывучаць як музейны экспанат у акадэмічных інстытутах. У многіх універсітэтах па ўсім свеце ўжо ёсць кафедры краін Паўднёвай Азіі, дзе выкладаюць старажытнаіндыйскую філасофію. Важным крокам было пашырэнне падобных праграм у Індыі, дзе быў заснаваны новы Універсітэт Наланда, які спецыялізуецца на гэтых прадметах. Аднак гэтага недастаткова.
Яго Святасць часта гаворыць пра важнасць і каштоўнасць выкладання эмацыйнай гігіены дзецям, каб пра гэтыя каштоўнасці гаварылі ў рамках адукацыйных праграм усіх узроўняў, ад дзіцячага садка да ўніверсітэта. Яго Святасць цвёрда верыць, што, калі мы хочам дамагчыся станоўчых сацыяльных змен, лепш за ўсё пачаць з адукацыі дзяцей. Такім чынам, Яго Святасць сцвярджае, што старажытнаіндыйскія каштоўнасці, і не толькі ахімса і каруна (негвалтоўнасць і спачуванне), але і эмацыйная гігіена, павінны дапаўняць цяперашні матэрыялістычны ўхіл у адукацыі дзяцей.
Доўгатэрміновая стратэгія ўключэння старажытнаіндыйскіх каштоўнасцяў у свецкую сістэму адукацыі – самы надзейны метад, які дазволіць дамагчыся станоўчых змен у грамадстве. Паколькі вучэнні пра важнасць гэтых каштоўнасцяў узыходзяць да індыйскіх крыніц, у якіх прысутнічаюць агульныя для ўсёй індыйскай думкі перадумовы, Яго Святасць рэкамендаваў пачаць адраджэнне гэтых каштоўнасцяў з самой Індыі. На аснове вынікаў гэтай праграмы можна разгледзець стратэгіі, якія дазволяць уключыць гэтыя каштоўнасці ў адукацыйныя праграмы ўсіх краін свету, якія не падзяляюць тыя ж самыя філасофскія перадумовы.
Каб гэтыя вучэнні і каштоўнасці па-сапраўднаму адрадзіліся, іх трэба вяртаць да жыцця, суправаджаючы практычнымі кіраўніцтвамі пра тое, як прымяняць іх для вырашэння праблем, з якімі людзі сутыкаюцца ў сучасным жыцці. Такім чынам, нават у Індыі гэтыя вучэнні трэба будзе адаптаваць да свецкага фармату, пазбаўленага першапачатковых рэлігійных аспектаў, звязаных з кармай, перараджэннем і вызваленнем. Гэта асабліва важна таму, што розныя будыйскія і небудыйскія філасофскія сістэмы ўсё роўна прытрымліваюцца розных, часцяком супярэчных адна адной пазіцый па гэтых пытаннях. Знайсці нешта агульнае складана яшчэ і таму, што нават філасофскія погляды на асобу, ісціну і рэальнасць, прадстаўленыя ў розных будыйскіх і небудыйскіх сістэмах, таксама часта супярэчаць адзін аднаму. Гэтыя розныя рэлігійныя і філасофскія пазіцыі, у сваю чаргу, уплываюць на тое, як розныя сістэмы падтрымліваюць розныя аспекты эмацыйнай гігіены.
Напрыклад, усе індыйскія філасофскія сістэмы згодныя адна з адной у тым, што прычына пакут – няведанне адносна рэальнасці. Усе яны таксама сцвярджаюць, што гэтае няведанне стаіць за ўсімі эмоцыямі, як разбуральнымі, так і стваральнымі, а таксама за ўсімі пачуццямі шчасця і няшчасця. Усе яны згодныя ў тым, што мы можам пазбавіцца ад няведання і такім чынам вызваліцца ад пакуты:
- дзякуючы разуменню таго, як розум пазнае рэчы,
- дзякуючы ўменню адрозніваць пэўныя спосабы пазнання ад непэўных,
- дзякуючы логіцы і здароваму сэнсу.
Але на гэтым падабенствы заканчваюцца. Небудыйскія сістэмы сцвярджаюць, што асоба – нязменная сутнасць, якая пасля вызвалення ад перараджэння і пакут працягвае існаваць незалежна ад цела і розуму. Зыходзячы з гэтага, яны вучаць, што збавенне ад няведання азначае збавенне ад усіх эмоцый і пачуццяў, гэта значыць, з іх пункту гледжання, каб дасягнуць вызвалення, трэба пазбавіцца ад усіх эмоцый, стваральных і разбуральных, і ад усіх пачуццяў шчасця і няшчасця. Тады асоба будзе працягваць існаваць без цела, розуму і эмоцый, або пачуццяў.
Будыйскія сістэмы, наадварот, вучаць, што асоба існуе ў залежнасці ад цела і розуму, нават пасля вызвалення. Калі няведанне ліквідавана, у нас застаюцца стваральныя эмоцыі і пачуццё шчасця, не сапсаваныя няведаннем. Вызваленая асоба працягвае існаваць на аснове гэтых несапсаваных эмоцый і пачуццяў, якія перажываюцца ў целе і розуме, гэтак жа не сапсаваных няведаннем. Такім чынам, хоць будыйскія і небудыйскія сістэмы згодныя ў тым, што эмацыйная гігіена заснавана на збавенні ад няведання адносна рэальнасці, яны апісваюць гэты вынік па-рознаму. Небудыйскі ідэальны стан эмацыйнай гігіены – гэта поўная адсутнасць эмоцый і пачуццяў шчасця, у той час як будыйскі ідэальны стан прадугледжвае несапсаваныя стваральныя эмоцыі, такія як любоў і спачуванне, а таксама несапсаванае шчасце. Такім чынам, філасофскія і рэлігійныя пазіцыі розных старажытнаіндыйскіх філасофскіх сістэм прадугледжваюць розныя погляды на ідэальную эмацыйную гігіену.
Адраджэнне старажытнаіндыйскага вучэння пра эмацыйную гігіену як акадэмічнага прадмета, які выкладаецца ва ўніверсітэтах, можа без праблем уключаць тлумачэнне рэлігійнага і філасофскага кантэксту толькі навуковых аспектаў розных філасофскіх сістэм, звязаных з картай розуму і эмоцый, тэорыяй пазнання, спосабамі пазнання і метадамі лагічнай аргументацыі. Каб вывучаць гэтыя пытанні, студэнты павінны быць інтэлектуальна сталымі. Выкладанне разнастайных рэлігійных і філасофскіх пазіцый у школах не мае сэнсу, паколькі для дзяцей гэты матэрыял занадта складаны.
Якія старажытнаіндыйскія каштоўнасці, звязаныя з эмацыйнай гігіенай, дастаткова агульныя, каб іх можна было зрабіць часткай адукацыйнай сістэмы ўсіх узроўняў? Гэта:
- каштоўнасць і важнасць разумення таго, як працуе наш розум;
- каштоўнасць і важнасць аналізу нашых эмоцый і іх уздзеяння на наша стаўленне да рэчаў і мысленне;
- каштоўнасць і важнасць разумення, як нашы эмоцыі і стаўленне да рэчаў, у сваю чаргу, уплываюць на нашы паводзіны і дабрабыт;
- каштоўнасць і важнасць крытычнага і рацыянальнага мыслення, заснаванага на логіцы.
Таксама ў праграму можна ўключыць:
- каштоўнасць этычнай дысцыпліны і медытацыі, якая дапамагае развіць засяроджанасць і праніклівасць.
Філасофскія і рэлігійныя адрозненні, у кантэксце якіх існуюць гэтыя каштоўнасці, не надта важныя для дзяцей школьнага ўзросту.
Якія практычныя і эфектыўныя метады будуць спрыяць адраджэнню старажытнаіндыйскіх каштоўнасцяў?
Яго Святасць ужо зрабіў першы крок, неабходны для адраджэння будыйскіх настаўленняў па эмацыйнай гігіене. Ён папрасіў тыбецкіх вучоных знайсці матэрыялы па будыйскай навуцы і філасофіі ў Тэнг'юры – зборы каментарыяў індыйскіх майстроў на словы Буды ў тыбецкім перакладзе. Гэтая манументальная праца ўжо завершана і апублікавана на тыбецкай мове, а таксама да цяперашняга моманту часткова перакладзена на англійскую пад назвай Science and Philosophy in the Indian Buddhist Classics («Навука і філасофія ў індыйскіх будыйскіх класічных тэкстах»). Плануецца пераклад і на іншыя сучасныя мовы. Другі том гэтай працы пад назвай Mind («Розум») ужо даступны на англійскай, і ён прысвечаны эмацыйнай гігіене. Гэта вялікі крок да выканання абавязацельства Яго Святасці па адраджэнні старажытнаіндыйскіх каштоўнасцяў. Адраджэнне настаўленняў па эмацыйнай гігіене, якія можна знайсці ў небудыйскіх індыйских філасофскіх сістэмах, запатрабуе падобнай працы па пошуку гэтых настаўленняў у класічных тэкстах і іх перакладзе.
Хоць цяпер у нас ёсць матэрыялы па эмацыйнай гігіене, узятыя з Тэнг'юра і перакладзеныя, гэта не адмяняе многія іншыя задачы, звязаныя з тым, каб зрабіць іх даступнымі для сучаснай аўдыторыі. Па-першае, разумець індыйскія тэксты, нават з каментарыямі індыйскіх аўтараў, вельмі цяжка. Патрабуюцца дадатковыя тлумачэнні. Адрадзіць змешчаныя ў іх вучэнні вельмі складана яшчэ і таму, што розныя тыбецкія майстры (а ўсе яны спадчыннікі традыцыі Наланды) вельмі па-рознаму інтэрпрэтавалі гэтыя індыйскія тэксты; часцяком іх тлумачэнні супярэчаць адно аднаму. Гэта асабліва відавочна, калі разгледзець іх аналіз тэорыі пазнання і спосабаў пазнання.
Напрыклад, паслядоўнікі каментарыяў Сак'я Пандыты (Sa-pan) у школах сак'я, каг'ю і ньінгма сцвярджаюць, што зрокавае пазнанне, якое заўсёды неканцэптуальнае, успрымае толькі адзін момант каляровых формаў, напрыклад адзін момант каляровых формаў апельсіна. Зрокавае пазнанне не вызначае гэтыя каляровыя формы як той ці іншы агульнапрыняты аб'ект (апельсін). Апельсін як агульнапрыняты аб'ект, які ўключае зрокавы вобраз, пах, смак і фізічнае адчуванне і доўжыцца ў часе, узнікае толькі ў канцэптуальным пазнанні. Толькі канцэптуальнае пазнанне вызначае гэты аб'ект як апельсін. Паслядоўнікі Чапы (Phyva-pa) у школе гелуг, наадварот, сцвярджаюць, што візуальнае пазнанне ўспрымае не толькі адзін момант каляровых формаў, напрыклад апельсіна, але і сам апельсін, і вызначае яго як агульнапрыняты аб'ект. У сваю чаргу, гэтыя два супярэчныя адзін аднаму погляды ўплываюць на інтэрпрэтацыю многіх іншых аспектаў эмацыйнай гігіены, напрыклад на тое, як вызначаецца пэўнае пазнанне і што лічыцца рэальным.
Падобныя тыбецкія тлумачэнні павінны дапаўняць індыйскія будыйскія крыніцы, паколькі яны даюць больш яснае разуменне гэтых вучэнняў. Але зноў жа, важнае пытанне – ці варта рабіць гэтыя дадатковыя варыятыўныя тлумачэнні толькі часткай універсітэцкага, акадэмічнага вывучэння эмацыйнай гігіены ці іх можна дадаць хаця б у праграму старэйшых класаў агульнай адукацыі.
Паколькі адна з асноўных мэтаў адраджэння старажытнаіндыйскіх каштоўнасцяў эмацыйнай гігіены заключаецца ў тым, каб стымуляваць рацыянальнае мысленне, можна прапанаваць дадаць гэтую інфармацыю ў праграму ўніверсітэцкага ўзроўню і старэйшых класаў школы для таго, каб даць навучэнцам старажытнаіндыйскія метады – логіку і дэбаты – і дазволіць ім самім дэбатаваць пра перавагі і недахопы розных тэорый. Тое ж самае можна зрабіць пры абмеркаванні тых пытанняў, па якіх розныя будыйскія і небудыйскія філасофскія сістэмы разыходзяцца ў меркаваннях, напрыклад пытання пра тое, што такое ідэальная эмацыйная гігіена.
З чаго пачаць?
У сваім «Звароце да семнаццаці слаўных майстроў Наланды» Яго Святасць гаворыць пра асаблівы падыход да вывучэння будыйскіх настаўленняў майстроў Наланды. Гэты падыход лепш падыходзіць сучаснаму менталітэту. Трэба пачынаць з разумення дзвюх ісцін, затым пераходзіць ад дзвюх ісцін да чатырох ісцін, і нарэшце – ад чатырох ісцін да трох прыбежышчаў. Гэтую паслядоўнасць можна выкарыстоўваць і напачатку выкладання эмацыйнай гігіены ў свецкай манеры, хоць апошні пункт трэба тлумачыць не з пункту гледжання будыйскіх Трох Каштоўнасцяў прыбежышча. Яго можна тлумачыць як надзейны напрамак, у якім мы рухаемся ў сваім жыцці, каб абараніцца ад пакут.
Давайце разгледзім рэкамендацыю Яго Святасці. Калі казаць у самым шырокім сэнсе, які быў бы даступны для ўсіх людзей, дзве ісціны – гэта ілжывыя бачнасці (якія здаюцца нам праўдзівымі) і сапраўдная рэальнасць. Мы верым, што тое, як рэчы паўстаюць перад намі, адпавядае рэчаіснасці проста таму, што на эмацыйным узроўні яны сапраўды здаюцца нам праўдзівымі і мы не ацэньваем іх крытычна і лічым адпаведнымі рэчаіснасці. Але даследаваўшы гэтыя ілжывыя бачнасці, мы выявім, што яны падобныя да ілюзіі: яны не адпавядаюць рэчаіснасці. Сапраўдная рэальнасць заснавана на факце і можа быць пэўна ўстаноўлена. Ілюзіі пры бліжэйшым разглядзе аказваюцца памылковымі. З гэтым згодныя ўсе індыйскія філасофскія сістэмы, будыйскія і небудыйскія. Нават маленькія дзеці могуць навучыцца адрозніваць гэтыя рэчы на прыкладзе монстра, які, як ім можа здавацца, сядзіць пад ложкам, але якога там насамрэч не акажацца, калі яны правераць.
Калі дзеці зразумеюць розніцу паміж дзвюма ісцінамі, ім можна ў самых агульных рысах расказаць пра чатыры ісціны. Калі яны вераць у рэальнасць сваіх фантазій, яны будуць баяцца і не змогуць заснуць. Гэта пакута. Прычына іх пакуты – у няведанні, што тое, што здаецца ім рэальным, насамрэч нерэальна. Але страх і няшчасце пройдуць, калі яны паглядзяць і ўбачаць, што монстра пад ложкам няма.
Дзякуючы разуменню чатырох ісцін пра пакуту, пра неўсведамленне рэальнасці як прычыны пакут і пра збавенне ад пакут з дапамогай разумення рэальнасці, дзяцей можна прывесці да думкі: «Як было б выдатна ніколі больш не баяцца і не адчуваць няшчасця. Як было б выдатна ўсё разумець. Я магу дасягнуць гэтага стану дзякуючы адукацыі і трэніроўцы. Я хачу рухацца ў гэтым напрамку. Гэта надзейны напрамак, які дапаможа мне абараніць сябе ад страху і пакут».
Пераходзячы такім чынам ад дзвюх ісцін да чатырох ісцін і надзейнага напрамку, не толькі дзеці, але і людзі любога ўзросту могуць усвядоміць, што асноўная крыніца страхаў і няшчасця – іх уласны розум і неспакойныя эмоцыі. Так яны зразумеюць важнасць эмацыйнай гігіены, якая можа дапамагчы справіцца з гэтымі праблемамі. Усведамленне пераваг і важнасці эмацыйнай гігіены і жаданне прыкладаць намаганні ў гэтым напрамку – неабходная аснова далейшай трэніроўкі.
Калі гэтае базавае разуменне розніцы паміж падманлівымі бачнасцямі і рэальнасцю стане дастаткова добрым, наступныя крокі – знаёмства з інструментамі эмацыйнай гігіены. Паколькі кожная будыйская і небудыйская філасофская сістэма прапануе разнастайныя тлумачэнні гэтых інструментаў, спачатку людзям трэба даць агульнае ўвядзенне, расказаўшы пра ўсе гэтыя інструменты ў агульных рысах, каб з гэтым маглі пагадзіцца ўсе сістэмы. Больш прасунутым студэнтам можна падрабязней тлумачыць усе інструменты кожнай з сістэм, разглядаючы гэтыя сістэмы па чарзе. Было б несумленна ў адносінах да гэтых старажытных сістэм змешваць іх у кашу.
Каб разабрацца са сваім розумам і эмоцыямі і працаваць з імі, спачатку трэба зразумець, што такое розум і што такое эмоцыі. Некаторыя небудыйскія сістэмы, такія як санкх'я і вайшэшыка, вызначаюць розум і эмоцыі як матэрыяльныя аб'екты. Гэты погляд нагадвае заходні навуковы падыход, які зводзіць розум і эмоцыі толькі да фізічных працэсаў у мозгу. Небудыйская школа ньяя прымае матэрыялістычную пазіцыю вайшэшыкі, але таксама гаворыць пра пэўныя спосабы пазнання, якія таксама лічацца асобным матэрыяльным аб'ектам. Будыйскія сістэмы, наадварот, не згодныя з тым, што розум можна звесці толькі да фізічнага аб'екта або працэсу; замест гэтага яны вызначаюць розум як яснасць і ўсведамленне. Як тлумачыць Яго Святасць, яснасць – гэта актыўнасць, якая стварае кагнітыўны аспект аб'екта. Кагнітыўны аспект падобны да адлюстравання ў люстэрку. Усведамленне – гэта адначасовае з гэтым кагнітыўнае ўключэнне ў аб'ект пэўным чынам. Такім чынам, яснасць і ўсведамленне апісваюць адну і тую ж ментальную падзею.
Усе будыйскія і небудыйскія сістэмы гавораць пра ролю асобы: гэта важная частка тлумачэння таго, як розум пазнае з'явы і як гэты працэс суправаджаецца эмоцыямі. Калі не ўдавацца ў супярэчнасці паміж тлумачэннямі гэтых сістэм з іх рознымі пазіцыямі з нагоды прыроды асобы і яе ўзаемасувязі з розумам і эмоцыямі, усе гэтыя сістэмы згодныя адна з адной у тым, што пазнанне, якое суправаджаецца эмоцыямі – гэта суб'ектыўнае ўспрыманне, або перажыванне, аб'ектаў. Гэта важна з пункту гледжання эмацыйнай гігіены, і навучэнцы могуць з дапамогай простых практыкаванняў зразумець, што маецца на ўвазе ў гэтым вызначэнні.
За гэтым ідзе складанне карты розуму і эмоцый, і гэта таксама можна зрабіць на агульнай аснове. Самая агульная карта павінна ўключаць розныя тыпы свядомасці – сэнсарныя свядомасці і ментальную свядомасць, – а таксама асноўныя ментальныя фактары, такія як цікавасць, увага, засяроджанасць, пачуццё пэўнага ўзроўню шчасця або няшчасця і гэтак далей. Таксама важна вывучаць розныя эмоцыі, ад любові да гневу, і тое, як яны ўплываюць на наша мысленне, мову і паводзіны. Хоць складанне спісу асноўных ментальных фактараў і эмоцый, агульных для ўсіх старажытнаіндыйскіх сістэм, патрабуе далейшых даследаванняў, усе сістэмы згодныя ў тым, што першасныя крыніцы нашых праблем – жарснае жаданне, гнеў і няведанне.
Затым важна патлумачыць, як працуе неканцэптуальнае і канцэптуальнае пазнанне, і гэтая тэма ўключае тлумачэнне розных тыпаў аб'ектаў, якія пазнаюцца гэтымі тыпамі свядомасці. Далей гэтае тлумачэнне можна дапоўніць апісаннем пэўных і непэўных спосабаў пазнання аб'ектаў, у прыватнасці аголенага пазнання і пазнання, заснаванага на высновах. Абмеркаванне пазнання, заснаванага на высновах, натуральным чынам падводзіць да тэмы дэбатаў і пэўных і непэўных спосабаў аргументацыі. Нарэшце, гэты прадмет можна дапоўніць і асноўнымі метадамі медытацыі, прызначанымі для развіцця засяроджанасці і праніклівасці.
Завяршыўшы гэты ўводны агляд інструментаў эмацыйнай гігіены, агульных для ўсіх старажытнаіндыйскіх сістэм, навучэнцы змогуць вывучаць кожную з сістэм паглыблена, або адну за адной, або спецыялізуючыся на адной з іх, у залежнасці ад схільнасцяў, здольнасцяў і інтарэсаў. На ўсіх узроўнях навучання і на кожным кроку праграмы можна прапаноўваць практыкаванні, якія дапамогуць зразумець, як прымяніць гэты матэрыял да сітуацый з паўсядзённага жыцця. На нашым сайце studybuddhism.com каманда «Бібліятэкі Берзіна» ўжо распрацавала мноства падобных практыкаванняў.
Такія праграмы, пра якія я расказаў сёння, могуць дапамагчы выканаць абавязацельства Яго Святасці па адраджэнні старажытнаіндыйскіх каштоўнасцяў, звязаных з эмацыйнай гігіенай. Як часта кажа Яго Святасць: «Будучы людзьмі, мы валодаем інтэлектам і здольнасцю разважаць. Мы можам выкарыстоўваць інтэлект для таго, каб змяніць сваё мысленне і тым самым стаць больш шчаслівымі і менш пакутаваць». Дзякуй.