Што такое любоў?

Любоў – гэта жаданне, каб іншыя былі шчаслівыя і валодалі прычынамі шчасця. Заснаваная на разуменні таго, што ўсе хочуць быць шчаслівымі ў аднолькавай ступені, любоў усёабдымная і безумоўная. Яна ўключае чуласць да патрэбаў іншых і гатоўнасць дапамагчы ім стаць больш шчаслівымі. Гэтае пачуццё можна ў аднолькавай ступені распаўсюдзіць на кожнага, незалежна ад таго, што іншыя для нас зрабілі ці кім яны нам даводзяцца, і яно нічога не чакае ўзамен. У будызме любоў лічыцца найвышэйшай крыніцай шчасця.

Любоў і прыхільнасць

Любоў часта суправаджаецца іншымі эмоцыямі, напрыклад нездаровай прыхільнасцю, калі мы перабольшваем добрыя якасці іншых людзей – рэальныя або выдуманыя – і адмаўляем недахопы. Мы чапляемся за гэтых людзей і засмучаемся, калі яны не звяртаюць на нас увагі. Мы думаем: «Я цябе люблю, ніколі не пакідай мяне, я не магу без цябе жыць».

Сапраўдная любоў – гэта жаданне бесстаронна падтрымліваць шчасце ўсіх істот, незалежна ад таго, падабаюцца яны нам ці не. – Йонгдзын Лінг Рынпочэ

Любоў у будызме характарызуецца пачуццём блізкасці да іншых, але яна не мае патрэбы ў любові і клопаце ў адказ; яна ні ад каго не залежыць. Любоў, змяшаная з прыхільнасцю і залежнасцю, нетрывалая. Калі чалавек, якога мы любім, раніць нас, часта мы перастаём любіць. Проста паглядзіце, як шмат шлюбаў пачынаюцца з любові і заканчваюцца разводам! Калі мы свабодныя ад чаканняў, нішто не можа нас пахіснуць. Можна зрабіць сваю любоў да іншых настолькі трывалай, што мы зможам мець справу нават з самымі цяжкімі людзьмі, падобна таму як бацькі заўсёды любяць сваё непаслухмянае дзіця і жадаюць яму ўсяго найлепшага. Гэта патрабуе трэніроўкі, але здольнасць любіць ёсць ва ўсіх.

[Гл.: Як развіваць любоў]

Любоў да сябе

Гаворачы пра ўсёабдымную любоў, часта выпускаюць з-пад увагі адзін аспект: мы таксама павінны любіць сябе. Але гэта любоў не павінна быць эгаістычнай і нарцысічнай: мы шчыра клапоцімся пра свой кароткатэрміновы і доўгатэрміновы дабрабыт. Магчыма, нам не падабаюцца некаторыя рысы нашага характару, таму што яны шкодзяць нам самім, але гэта не азначае, што мы жадаем сабе быць нешчаслівымі: гэта было б супрацьлегласцю любові. Жадаць сабе шчасця цалкам натуральна.

Ставіцца да сябе з любоўю не азначае патураць свайму бясконцаму імкненню да задавальненняў і забаў: такое шчасце невялікае і хуткаплыннае, і мы ніколі не адчуваем задаволенасці.

Калі мы любім сябе шчыра, то будзем імкнуцца не да імгненных задавальненняў, а да працяглага шчасця. Толькі навучыўшыся любіць сябе, мы зможам палюбіць іншых.

Відэа: Мацьё Рыкар – «Просты сакрэт шчасця»
Каб уключыць субцітры, клікніце па іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Налады».
Top