Што такое медытацыя?

Медытацыя – метад развіцця карысных станаў розуму. Мы зноў і зноў выклікаем патрэбныя станы, пакуль яны не робяцца звычкамі. Даказана, што медытацыя стварае новыя нейронныя сувязі на фізіялагічным узроўні.

Карысць медытацыі

З дапамогай медытацыі можна развіць шмат карысных станаў розуму. Мы можам:

  • расслабіцца і справіцца са стрэсам,
  • засяродзіцца і быць менш безуважлівымі,
  • супакоіцца, пазбавіцца пастаяннага неспакою,
  • лепш зразумець сябе, сваё жыццё і іншых,
  • развіць станоўчыя эмоцыі, такія як любоў і спачуванне.

Большасць з нас хоча, каб розум быў больш спакойным, ясным, шчаслівым. Стрэс і іншыя адмоўныя станы робяць нас нешчаслівымі, дрэнна ўплываюць на здароўе, могуць разбурыць кар'еру, сямейнае жыццё, сяброўства.

Калі нам надакучыў стрэс ці наша запальчывасць, магчыма, мы пачнём шукаць тэхнікі, якія вырашаць гэтыя праблемы, напрыклад звернемся да медытацыі. Медытацыя дапамагае пераадолець эмацыйныя цяжкасці, і ў яе няма пабочных эфектаў.

[Гл.: Як медытаваць]

Да медытацыі важна падысці рэалістычна. Гэта не панацэя, а інструмент, які можна выкарыстоўваць, каб дасягнуць добрых вынікаў. Але вынік не дасягаецца з дапамогай нечага аднаго: існуе мноства прычын і ўмоў. Напрыклад, медытацыя, безумоўна, можа дапамагчы пры высокім ціску, але вынік будзе значна лепшым, калі мы таксама зменім дыету, будзем займацца спортам і прымаць лекі.

Віды будыйскай медытацыі

Ёсць шмат тыпаў медытацыі, і хоць усе яны дапамагаюць супакоіць розум, гэта не канчатковая мэта. Тым не менш, перш чым мы зможам эфектыўна развіваць станоўчыя станы розуму, неабходна паменшыць стрэс. Таму ў большасці выпадкаў мы спачатку расслабляем і супакойваем розум, засяроджваючыся на дыханні, і толькі затым пачынаем чаргаваць два асноўныя тыпы будыйскай медытацыі – праніклівую і стабілізацыйную.

У праніклівай медытацыі, якую часта называюць аналітычнай, мы з дапамогай ланцужкоў высноў крок за крокам развіваем станоўчыя станы розуму, такія як любоў. Альбо мы выкарыстоўваем логіку, каб прааналізаваць сітуацыю і зразумець яе правільна, напрыклад усвядоміць непастаянства таго, што адбываецца. Альбо імкнемся ўзнавіць у розуме і зрабіць выразным вобраз якога-небудзь аб'екта, які валодае станоўчымі якасцямі, напрыклад вобраз буды.

Затым у стабілізацыйнай медытацыі мы як мага даўжэй падтрымліваем той станоўчы стан розуму, які развілі на папярэднім кроку. У гэтым нам дапамагаюць памятаванне, уважлівасць і засяроджанасць. Мы таксама можам выкарыстоўваць гэтыя інструменты, каб без адцягнення падтрымліваць засяроджанасць на ментальным вобразе, які мы ўявілі.

Мы чаргуем гэтыя два тыпы медытацыі. Выклікаўшы той ці іншы станоўчы стан розуму і ясна яго адрозніваючы, мы пераходзім да стабілізацыі. Калі наша засяроджанасць на гэтым стане становіцца слабой або губляецца, мы зноў стараемся развіць гэты стан і ясна яго адрозніць.

Відэа: Д-р Аляксандр Берзін – «Што такое медытацыя?»
Каб уключыць субцітры, клікніце па іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Налады».

Медытацыя ў паўсядзённым жыцці

Сэнс медытацыі не проста ў тым, каб адчуваць спакой, засяроджанасць і любоў, седзячы на падушцы ў сябе дома. Медытацыя павінна змяніць наша жыццё. Калі мы медытуем рэгулярна, станоўчыя эмоцыі стануць звычкай, мы зможам выклікаць іх у любы час дня і ночы. У канчатковым рахунку яны стануць натуральнымі: мы будзем адчуваць любоў, засяроджанасць і спакой без намаганняў.

Калі мы адчуем гнеў і нездаволенасць, будзе дастаткова нагадаць сабе: «Трэба больш любіць». Паколькі мы ўжо знаёмыя з гэтым станам дзякуючы медытацыі, то можам выклікаць яго імгненна.

[Гл.: 8 будыйскіх парад пра тое, як спраўляцца з гневам]

Ніхто не дасканалы, і кожны знойдзе ў сябе якую-небудзь дрэнную звычку, якой хацелася б пазбавіцца. На шчасце, любую звычку можна змяніць або пераадолець.

Гэтая перамена не патрабуе ад нас нічога, акрамя намаганняў. Многія людзі гадзінамі займаюцца ў спартзалах, але забываюць пра свой галоўны рэсурс – розум. Спачатку гэта цяжка, але, убачыўшы, што медытацыя можа змяніць наша жыццё да лепшага, мы будзем рады прысвячаць некаторы час працы з розумам.

[Гл. таксама: артыкул пра даследаванні медытацыі ў Вікіпедыі]

Top