Як пазбавіцца пачуцця віны

Калі мы глядзім на любы дрэнны ўчынак або памылку, якую зрабілі, у кантэксце ўсяго свайго жыцця, мы перастаём рабіць з мухі слана. Тады мы прымаем рашэнне больш так не рабіць не з пачуццём віны, а з пачуццём даравання.

Тлумачэнне

Дараванне азначае, што мы не злуемся за абразу, недахоп або памылку і не таім крыўды. Нам варта развіваць такі станоўчы стан розуму не толькі тады, калі нас падводзяць або ў адказ на прычыненую нам шкоду, але і ў дачыненні да ўласных адмоўных дзеянняў і памылак. Для гэтага трэба адрозніваць сябе як асобу ад любога канкрэтнага дзеяння або памылкі, якія мы зрабілі. Калі мы думаем пра сябе, трэба браць пад увагу ўсё сваё жыццё, а калі мы прымаем будыйскае вучэнне пра перараджэнне, то разважаць таксама пра свае мінулыя і будучыя жыцці. Калі мы разважаем пра сваё жыццё ў больш шырокім кантэксце, наш розум становіцца больш адкрытым і мы разумеем, што любое наша адмоўнае дзеянне або правіна – гэта проста адзін з эпізодаў нашага жыцця. Мы зрабілі шмат чаго іншага. Пакуль мы не станем будамі, мы будзем непазбежна рабіць новыя памылкі. Калі мы атаясамліваем сябе са сваёй памылкай і трымаемся за яе як за сваю сапраўдную ідэнтычнасць, то вынікам будзе пачуццё віны. Чым даўжэй мы за гэта трымаемся, тым даўжэй адчуваем віну і тым горш нам становіцца.

Калі мы даруем сабе, гэта не значыць, што мы забываем пра тое, што зрабілі, нібы яно не мела значэння. Мы бяром на сябе адказнасць за прычыненую шкоду і зробленыя памылкі. Аднак мы не трымаемся за іх, адчуваючы віну, і не злуемся на сябе. Мы прызнаём свае памылкі і правіны, адпускаем атаясамленне з імі (гэта значыць адпускаем думкі «я дрэнны чалавек» ці «я ідыёт») і выкарыстоўваем чатыры сілы супрацьдзеяння:

  • Адчуваем шкадаванне
  • Прымаем цвёрдае рашэнне зрабіць усё магчымае, каб не паўтараць сваіх памылак і не здзяйсняць тых жа шкодных дзеянняў
  • Пацвярджаем намер рухацца па жыцці ў станоўчым напрамку
  • Калі гэта магчыма, выпраўляем памылку, змякчаем прычыненую шкоду, прынёсшы прабачэнні, і нейтралізуем яе якімі-небудзь станоўчымі ўчынкамі.

Медытацыя

  • Супакойцеся, засяродзіўшыся на дыханні.
  • Успомніце пра свой шкодны ўчынак: можа быць, вы зрабілі каму-небудзь балюча дзеяннем або словам. Успомніце, як вы працягвалі думаць пра тое, што зрабілі ці сказалі, адчувалі віну і злаваліся на сябе.
  • Пашырце свой погляд і падумайце пра сябе ў кантэксце ўсяго жыцця. Зразумейце, што зробленая памылка – гэта ўсяго толькі адзін эпізод вашага жыцця. Нават калі ён паўторыцца, у вашым жыцці ўжо адбылося і яшчэ адбудзецца шмат усяго іншага.
  • Усвядомце, што, зацыкліваючыся на атаясамленні сябе з адным учынкам, вы адчуваеце віну і вам становіцца дрэнна. У гэтым выпадку ваша бачанне сябе занадта абмежаванае.
  • Убачыўшы, што такое атаясамленне не адпавядае ўсёй вашай асобе, адпусціце яго.
  • Зноў зірніце на ўвесь свой жыццёвы шлях і парадуйцеся ўсяму станоўчаму і канструктыўнаму, што вы зрабілі.
  • Прызнайце, што здзейснены вамі ўчынак дэструктыўны і шкодны. Вы яшчэ не дасягнулі вызвалення, таму часам здзяйсняеце шкодныя ўчынкі.
  • Хоць вы не можаце адмяніць тое, што зроблена, адчуйце шкадаванне. Шкадаванне азначае, што вы хацелі б, каб гэтага не адбывалася.
  • Прыміце рашэнне зрабіць усё, што ў вашых сілах, каб не паўтараць гэтае шкоднае дзеянне. Вы будзеце старацца падтрымліваць памятаванне адносна сваіх паводзін і мовы, а таксама будзеце праяўляць стрыманасць, калі адчуеце, што вось-вось зробіце ці скажаце што-небудзь дэструктыўнае.
  • Пацвердзіце намер трымацца станоўчага напрамку ў сваім жыцці: вы працуеце над сабой, каб пераадолець недахопы і праблемныя якасці, а таксама поўнасцю раскрыць свой патэнцыял.
  • Папрасіце прабачэння ў чалавека або людзей – хаця б у розуме – за тое, што прычынілі ім шкоду, і ўявіце, як робіце для іх што-небудзь добрае, каб кампенсаваць шкоду. Вырашыце, што калі зноў сустрэнеце гэтага чалавека, то сапраўды зробіце тое, што ўявілі.

Успомніце, як вы зрабілі якую-небудзь памылку, і паўтарыце тыя ж крокі:

  • Успомніце вашу памылку. Магчыма, вы выпадкова выдалілі важны файл з вашага камп'ютара. Успомніце, як вы раззлаваліся на сябе і моцна засмуціліся. Можа быць, вы лаяліся і называлі сябе ідыётам.
  • Пашырце свой погляд і падумайце пра сябе ў кантэксце ўсяго жыцця. Зразумейце, што зробленая памылка – гэта ўсяго толькі адзін эпізод вашага жыцця. Нават калі ён паўторыцца, у вашым жыцці ўжо адбылося і яшчэ адбудзецца шмат іншага. У большасці выпадкаў вы робіце ўсё правільна.
  • Усвядомце, што, зацыкліўшыся на атаясамленні сябе з гэтай памылкай, вы засмучаецеся і адчуваеце сябе жудасна. Ваша бачанне сябе занадта абмежаванае.
  • Убачыўшы, што такое атаясамленне не адпавядае ўсёй вашай асобе, адпусціце яго.
  • Зноў зірніце на ўвесь свой жыццёвы шлях і парадуйцеся ўсяму, што вы зрабілі правільна і добра.
  • Прызнайце, што вы зрабілі памылку і што часам вы робіце памылкі. У гэтым няма нічога асаблівага.
  • Хоць вы не можаце адмяніць тое, што зроблена, адчуйце шкадаванне. Шкадаванне азначае, што вы хацелі б, каб гэтага не адбывалася.
  • Прыміце рашэнне зрабіць усё магчымае, каб не паўтараць гэтую памылку. Вы будзеце падтрымліваць памятаванне і пільнасць падчас працы за камп'ютарам, каб заўсёды быць уважлівымі.
  • Пацвердзіце намер трымацца станоўчага напрамку ў сваім жыцці: вы працуеце над сабой, каб пераадолець свае недахопы і выправіць памылкі (напрыклад, няўважлівасць да таго, што вы робіце), а таксама поўнасцю раскрыць свой патэнцыял.
  • У спакойным стане розуму вырашыце, што паспрабуеце ўспомніць, што было ў файле, і надрукаваць гэта нанава. Затым зрабіце гэта.

Заключэнне

Калі мы даруем сабе за прычыненую шкоду або за зробленыя памылкі, то больш не злуемся на сябе, не думаем пра сябе дрэнна, не адчуваем віны і не кляймім сябе ідыётам. Убачыўшы, што зробленае не адпавядае ўсяму нашаму жыццю, мы перастаём абмежавана атаясамліваць сябе з правінай ці памылкай. Мы бяром на сябе адказнасць за свае ўчынкі і разбіраемся з імі. Прызнаючы, што зрабілі няправільна, мы шкадуем і абяцаем зрабіць усё, каб гэта не паўтарылася. Мы пацвярджаем намер прытрымлівацца ў сваім жыцці станоўчага напрамку і альбо змякчаем прычыненую шкоду прабачэннем і добрым учынкам, альбо выпраўляем сваю памылку.

Top