Як дараваць іншым

Калі мы пераносім увагу з чыёй-небудзь правіны ці памылкі на самога чалавека і ўсведамляем, што ён мог быць засмучаны ці збіты з панталыку, мы перастаём злавацца і замест гэтага спагадліва даруем.

Тлумачэнне

Паводле Оксфардскага слоўніка, дараванне азначае, што мы перастаём злавацца ці крыўдаваць на кагосьці за правіну, недахоп або памылку. У некаторых кантэкстах гэтае слова таксама азначае, што пацярпелы або нейкая вышэйшая ўлада памілоўвае вінаватага і той вызваляецца ад пакарання за свае ўчынкі.

Будыйскі аналіз разумовых фактараў не ўключае асобнага тэрміна для даравання, аднак там згадваюцца гнеў, крыўда (у тым ліку схільнасць таіць крыўду) і іх супрацьлегласці – адсутнасць гневу і жорсткасці.

  • Не злавацца значыць не жадаць адпомсціць і прычыніць шкоду іншым або самім сабе, калі праз нашы ўчынкі мы пакутуем ці будзем пакутаваць.
  • Не быць жорсткім дадае да гэтага спачуванне – жаданне, каб яны былі свабодныя ад пакут і прычын пакут.

Такім чынам, з пункту гледжання будызму мы жадаем сабе і іншым быць свабоднымі ад пакут, якія маглі б узнікнуць у выніку нашых шкодных дзеянняў. Аднак ні ў кога няма ўлады памілаваць кагосьці, вызваліўшы ад кармічных наступстваў яго правін, таму нам не пагражае разадзьмутае пачуццё «я больш святы, чым ты», якое можа быць у святара або ў суддзі, які памілоўвае злачынцаў.

Ключ да будыйскага падыходу да даравання – адрозніваць чалавека ад яго шкодных або дэструктыўных дзеянняў ці памылак. Гэта датычыцца і іншых людзей, і нас саміх. Памятайце: мы паводзім сябе дэструктыўна і робім памылкі не таму, што мы дрэнныя, а таму, што мы блытаемся наконт прычын і вынікаў сваіх паводзін, а таксама наконт рэальнасці. Акрамя таго, мы робім памылкі з-за таго, што наша разуменне абмежаванае. Мы абмежаваныя сансарныя істоты, абцяжараныя блытанінай і праблемамі, якія некіравана паўтараюцца, і таму заслугоўваем спачування. Мы прычыняем сабе дастаткова шкоды і пакут. Не варта прычыняць сабе яшчэ больш шкоды.

Такім чынам, дараванне ў кантэксце будызму азначае:

  • Адрозніваць чалавека ад яго ўчынку, незалежна ад таго, пра каго ідзе гаворка – пра нас ці пра каго-небудзь іншага.
  • Не злавацца і не быць жорсткім з гэтым чалавекам ці з сабой.
  • Замест гэтага адчуць спачуванне з жаданнем, каб мы або гэты чалавек былі свабодныя ад таго, што прымусіла нас здзейсніць дэструктыўны ўчынак або памыліцца.

Аднак гэта не значыць, што, здзейсніўшы шкоднае дзеянне або зрабіўшы памылку, мы расслабляемся і нічога не робім. Мы робім усё магчымае, каб прадухіліць паўтарэнне гэтых дэструктыўных учынкаў у будучыні і выправіць памылкі. Але пры гэтым мы не злуемся, не таім крыўды і пазбягаем пыхлівасці, нібы мы іх памілоўваем.

Медытацыя

Хоць нам трэба дараваць і іншым, і сабе, сёння мы засяродзімся на дараванні іншым. Наступным разам мы пагаворым пра тое, як дараваць сабе.

  • Супакойцеся, засяродзіўшыся на дыханні.
  • Успомніце каго-небудзь, хто выклікае ў вас раздражненне, хто параніў вас ці моцна раззлаваў. Можа, вы нават затаілі на гэтага чалавека крыўду і працягвалі думаць пра тое, што ён зрабіў, злуючыся і засмучаючыся.
  • Успомніце, як вы сябе адчувалі, і адзначце гэтае пачуццё як непрыемны стан розуму.
  • Цяпер паспрабуйце ў розуме аддзяліць чалавека ад яго ўчынку. Гэта проста эпізод у жыцці гэтага чалавека, нават калі ён паўтараўся шмат разоў.
  • Гэты чалавек гэтак жа, як і любы іншы, уключаючы мяне, хацеў быць шчаслівым і не быць нешчаслівым, але блытаўся наконт таго, што прынясе яму шчасце. З-за таго што ён адчуваў сябе нешчаслівым, а таксама з-за неўсведамлення і няведання ён паводзіў сябе дэструктыўна, параніўшы вас або зрабіўшы што-небудзь, што вас раздражніла.
  • Адзначце, што, чым больш вы канцэнтруецеся на гэтым разуменні, тым больш сціхаюць гнеў і крыўда.
  • Абудзіце да гэтага чалавека спачуванне – жаданне, каб ён вызваліўся ад блытаніны і няшчасця, якія вымусілі яго параніць вас ці зрабіць нешта непрыемнае.
  • Вырашыце, што ў прыдатны момант, калі вы будзеце спакойныя, а той чалавек – гатовы вас выслухаць, вы раскажаце яму, што вас параніла, і паспрабуеце вырашыць праблему.

Паўтарыце тое самае ў дачыненні да чалавека, які зрабіў памылку:

  • Успомніце, як хто-небудзь памыліўся і як вы на гэта раззлаваліся.
  • Успомніце, як вы сябе адчулі, і адзначце гэтае пачуццё як непрыемны стан розуму.
  • Цяпер паспрабуйце мысленна аддзяліць чалавека ад зробленай ім памылкі.
  • Гэты чалавек гэтак жа, як і любы іншы, уключаючы мяне, хацеў быць карысным і не хацеў памыліцца. Аднак ён блытаўся наконт таго, як лепш за ўсё нешта зрабіць або як лепш за ўсё ўчыніць. Можа быць, ён не звярнуў увагі або паляніўся і гэтак далей. З-за няведання і трывожных эмоцый ён памыліўся. Гэты чалавек – абмежаваная сансарная істота, таму было б нерэалістычна чакаць, што ён заўсёды будзе ідэальным і ніколі не зробіць памылку.
  • Адзначце, што, чым больш вы канцэнтруецеся на гэтым разуменні, тым больш сціхае ваш гнеў.
  • Абудзіце да гэтага чалавека спачуванне – жаданне, каб ён вызваліўся ад блытаніны, няведання і трывожных эмоцый, якія паслужылі прычынай яго памылкі.
  • Вырашыце, што ў прыдатны момант, калі вы будзеце спакойныя, а той чалавек – гатовы вас выслухаць, вы ўкажаце яму на памылку і дапаможаце яе выправіць.

Заключэнне

Дараванне не азначае, што мы можам памілаваць каго-небудзь за дэструктыўныя паводзіны ці памылкі, як калі б мы былі больш праведнымі і дасканалымі за гэтага чалавека, а ён горшы за нас, і з вышыні нашага высокага становішча мы б даравалі і памілавалі яго, нават не дачакаўшыся ад яго пакаяння. Калі мы даруем каму-небудзь, то больш не трымаем на яго зла, не крыўдуем, не таім крыўды і не хочам адпомсціць. Мы аддзяляем чалавека ад учынку або памылкі, развіваем спачуванне да чалавека і выпраўляем памылку або дапамагаем пазбегнуць паўтарэння гэтай памылкі. У такім выпадку мы пазбягаем пастак і няшчасця, якія прыносіць нам гнеў, асабліва калі гнеў прыводзіць да злых думак, агрэсіўнай і варожай мовы і шалёных, неабдуманых паводзін.

Top