Як пераадолець кампульсіўнасць

Паміж пачуццём, што вам хочацца што-небудзь зрабіць ці сказаць, і момантам, калі вы гэта робіце, ёсць прамежак, у якім вы можаце ацаніць наступствы і перастаць быць рабом благіх звычак.

Тлумачэнне

Карма – гэта кампульсіўнасць. Карма ўяўляе сабой дакучлівыя пабуджэнні, або разумовыя імпульсы, выкліканыя трывожнымі эмоцыямі або трывожнымі станамі розуму. Гэтыя імпульсы рухаюць намі, нібы магніт, прымушаючы рабіць, гаварыць або думаць пэўным чынам.

Кампульсіўныя дзеянні, заснаваныя на гэтых дакучлівых імпульсах, фарміруюць схільнасць кампульсіўна паўтараць гэтыя фізічныя, маўленчыя або разумовыя дзеянні. Калі ўзнікаюць розныя абставіны (унутраныя абставіны, напрыклад трывожныя эмоцыі, або знешнія абставіны, напрыклад, мы трапляем у якую-небудзь сітуацыю ці сутыкаемся з пэўнымі людзьмі), гэтыя схільнасці падштурхоўваюць нас да таго, каб паўтарыць пэўнае дзеянне. І тады мы кампульсіўна паўтараем яго, як правіла, не падумаўшы пра наступствы. Падобныя дакучлівыя дзеянні прыносяць няшчасце або такое шчасце, якое не здольна нас задаволіць. Карма – гэта дакучлівыя пабуджэнні, а таксама кампульсіўнасць, якая стаіць за нашымі дзеяннямі.

Менавіта гэта і прыводзіць да праблем, бо трывожныя эмоцыі рухаюць наступнымі шаблонамі:

  • Кампульсіўныя шаблоны паводзін – з-за прыхільнасці да таго, каб нічога не ўпусціць, мы кампульсіўна правяраем у тэлефоне паведамленні або стужку ў Facebook; з-за наіўнасці мы не бяром пад увагу пачуцці іншых і таму перапісваемся з кім-небудзь у інтэрнэце падчас вячэры з бацькамі; гнеў падштурхоўвае нас кампульсіўна сігналіць і абганяць іншых, калі мы затрымаліся ў пробцы
  • Кампульсіўныя маўленчыя шаблоны – нездаволенасць прымушае нас кампульсіўна скардзіцца; пачуццё ўласнай важнасці і варожасць падштурхоўваюць нас кампульсіўна крытыкаваць і агрэсіўна размаўляць, як задзіра; сарамлівасць і нізкая самаацэнка прымушаюць нас гаварыць вельмі ціха
  • Кампульсіўныя шаблоны мыслення – адсутнасць упэўненасці ў сабе прымушае нас кампульсіўна турбавацца; наіўнае стаўленне да рэальнасці або жаданне пазбягаць рэальнасці прыводзяць да кампульсіўнага лунання ў аблоках.

Усё гэта прыклады самаразбуральных кампульсіўных шаблонаў паводзін, якія вядуць да няшчасця. Аднак ёсць і канструктыўныя шаблоны, якія, тым не менш, неўратычныя: напрыклад, перфекцыянізм; звычка кампульсіўна папраўляць логіку іншых; кампульсіўнае імкненне рабіць дабро, калі чалавек ніколі не можа сказаць «не»; працагалізм і г. д. За гэтымі шаблонамі можа стаяць станоўчая эмоцыя, напрыклад жаданне дапамагаць іншым або добра выконваць сваю працу, але з-за таго, што яны зацыклены на разадзьмутым пачуцці «я» («я» павінен быць добрым, «я» павінен быць патрэбным, «я» павінен быць ідэальным), яны робяць нас шчаслівымі толькі на кароткі час, напрыклад, калі мы добра з чым-небудзь спраўляемся. Але такое шчасце заканчваецца, і ў гэтым праблема. Напрыклад, нам заўсёды здаецца, што мы недастаткова добрыя, або нам усё яшчэ трэба ісці і рабіць добрую справу, каб даказаць сваю вартасць.

Для пачатку нам трэба запаволіцца і супакоіцца. Толькі тады мы, магчыма, убачым розніцу паміж пабуджэннем што-небудзь зрабіць і самім кампульсіўным дзеяннем. Паміж пабуджэннем і дзеяннем з'явіцца прамежак, калі мы зможам спыніцца і падумаць: ці стаіць за гэтым дзеяннем трывожная эмоцыя? Можа, я кампульсіўна спрабую стаць тым, кім стаць немагчыма – імкнуся быць заўсёды ідэальным? Ці ёсць фізічная неабходнасць здзейсніць гэтае дзеянне, напрыклад пачухаць месца, якое свярбіць? Ці будзе гэта карысным або шкодным? Ацаніце сваё дзеянне з дапамогай распазнавальнага ўсведамлення і патрэніруйцеся ў самавалоданні. Калі бачыце, што ў вас няма важкай прычыны рабіць ці гаварыць тое, што вам захацелася, і вы хочаце зрабіць гэта з неўратычнай прычыны, не рабіце гэтага. Гэта патрабуе памятавання ў дачыненні да таго, як мы сябе паводзім, што мы гаворым і пра што думаем, гэта значыць на працягу дня трэба назіраць за сабой і трэніравацца ў самавалоданні.

Наша мэта – выкарыстоўваць распазнавальнае ўсведамленне і, наколькі гэта магчыма, дзейнічаць без кампульсіўнасці, са станоўчымі эмоцыямі ў якасці матывацыі, і з як мага меншай блытанінай наконт сябе і таго, што рэальна.

Медытацыя

  • Супакойцеся, засяродзіўшыся на дыханні.
  • Паспрабуйце адсачыць свае кампульсіўныя шаблоны паводзін, маўлення і мыслення.
  • Выберыце адзін з іх і падумайце: што прыводзіць гэты шаблон у дзеянне? Можа, за ім стаіць трывожная эмоцыя? Або чаплянне за немагчымае, напрыклад жаданне ніколі не рабіць памылак?
  • Паспрабуйце зразумець: калі вы паводзіце сябе кампульсіўна, гэта альбо прыносіць праблемы вам самім, альбо вы ствараеце цяжкасці для іншых. З-за гэтага вы перажываеце або няшчасце, або кароткачасовае шчасце, якое не прыносіць задавальнення.
  • Вырашыце, што будзеце трэніравацца ў распазнаванні і аналізаваць імпульсы, якія падштурхоўваюць вас што-небудзь сказаць або зрабіць. Як казаў Шантыдэва, калі дзеянне самаразбуральнае або толькі ўмацоўвае эга, трэба трэніравацца ў самавалоданні і заставацца нерухомым, як бервяно.
  • Пакуль вы сядзіце ў медытацыі, заўважце, што часам вам хочацца пачухацца або паварушыць нагой. У прамежку паміж узнікненнем гэтага пачуцця і момантам, калі вы чухаецеся, вы можаце прыняць рашэнне, варта ці не варта рабіць тое, што вам хочацца. Вы выявіце, што можаце трэніравацца ў самавалоданні і заставацца нерухомымі, як бервяно, калі прымеце рашэнне, што не рабіць гэта будзе для вас больш карысна, чым зрабіць.
  • Вырашыце, што ў паўсядзённым жыцці вы будзеце падтрымліваць памятаванне, заўважаючы такія прамежкі паміж момантам, калі вы адчуваеце, што вам хочацца кампульсіўна што-небудзь зрабіць, і момантам, калі вы робіце гэта. Прыміце рашэнне заставацца нерухомымі, як бервяно, калі для вас будзе больш карысна не рабіць таго, што вам хочацца зрабіць.

Заключэнне

Мы ўбачылі, што кампульсіўныя самаразбуральныя паводзіны, выкліканыя трывожнымі эмоцыямі, прыводзяць да няшчасця і праблем. Нават калі мы паводзім сябе кампульсіўна ў канструктыўным, станоўчым ключы, але нашы паводзіны выкліканы пачуццём няўпэўненасці ў сабе або нерэалістычнымі ўяўленнямі пра сябе, мы можам адчуць кароткачасовае шчасце (напрыклад, пасля паспяховага выканання задання або калі мы каму-небудзь дапамаглі), але затым у нас узнікае дакучлівае пачуццё, што нам зноў трэба даказаць сваю вартасць.

Нам трэба супакоіцца і ўлавіць прамежак паміж момантам, калі ў нас узнікае пачуццё, што нам хочацца што-небудзь зрабіць, сказаць ці падумаць, і момантам, калі мы кампульсіўна гэта робім. Нам патрэбныя інтраспекцыя, памятаванне і распазнаванне. Як пісаў Аціша ў тэксце Гірлянда каштоўнасцей бадхісатвы (28):

У прысутнасці іншых хай змагу я пастаянна правяраць сваю мову. Застаючыся адзін, хай буду я пастаянна правяраць свой розум.

Аднак старайцеся не ўпадаць у крайнасць і не станавіцца з-за пастаяннай самаправеркі скаванымі і механічнымі, як робат. Вы можаце запярэчыць, сказаўшы, што тады вы не будзеце спантаннымі. Тым не менш, калі «быць спантанным» азначае рабіць усё, што прыходзіць у галаву, не ацэньваючы, наколькі гэта дарэчна або карысна, то, калі немаўля заплача пасярод ночы, а вам не захочацца ўстаць, вы і не ўстанеце. Або калі вам захочацца шлёпнуць дзіця, каб яно замоўкла, вы шлёпнеце. Такім чынам, для таго каб справіцца з кармічнымі праблемамі – з праблемамі, выкліканымі кампульсіўнымі паводзінамі, – трэба зноў і зноў медытаваць, як мы толькі што зрабілі, каб мы не пачалі ставіцца да сябе груба і жорстка, як паліцэйскі, а наадварот, каб наш навык назірання за тым, што нам хочацца рабіць, стаў аўтаматычным і натуральным.

Top