Як рэалістычна ставіцца да смерці

Прымаючы той факт, што жыццё кароткае і можа абарвацца ў любы момант, мы перастаём марнаваць каштоўныя магчымасці зрабіць што-небудзь значнае, пакуль у нас яшчэ ёсць шанц.

Тлумачэнне

Многія людзі не любяць разважаць пра смерць. Аднак смерць – гэта дадзенасць нашага жыцця, і ўсім прыйдзецца з ёй сутыкнуцца. Калі мы не падрыхтаваліся да непазбежнага, то цалкам імаверна, што мы памром, пакутуючы ад страху і шкадаванняў. Таму медытацыя на смерць такая важная і карысная.

Ёсць мноства медытацый на смерць. Напрыклад, можна ўявіць, як нам гавораць пра тое, што мы смяротна і невылечна хворыя, а затым уявіць, якая ў нас была б рэакцыя. Наступная медытацыя – гэта стандартная практыка, закліканая заматываваць нас працаваць над сваімі станамі розуму і паводзінамі ўжо цяпер, пакуль у нас ёсць магчымасць гэта рабіць. У гэтай медытацыі мы спачатку супакойваемся, засяродзіўшыся на дыханні, а затым разважаем на наступныя тэмы:

Медытацыя

Смерць непазбежная, бо:

  • Відавочна, што смерць прыйдзе, і нішто не можа нас ад гэтага зберагчы. У гісторыі чалавецтва не было нікога, хто б нарадзіўся і пазбег смерці. Што ж тады робіць нас такімі асаблівымі, што мы не памром?
  • Калі прыходзіць час паміраць, мы не можам падоўжыць сабе жыццё, а астатні адрэзак часу, адведзены на жыццё, няспынна скарачаецца. Мы не маладзеем і не аддаляемся ад смерці. Кожную секунду нашага жыцця мы старэем і набліжаемся да смерці. Мы нібы бесперапынна едзем па канвеернай стужцы ў бок непазбежнай смерці.
  • Мы памром, нават калі пры жыцці ў нас не было часу прыняць меры, дзякуючы якім мы змаглі б памерці спакойна і без шкадаванняў: смерць можа прыйсці раптоўна – напрыклад, ад сардэчнага прыступу або ў аўтакатастрофе – тады, калі мы менш за ўсё гэтага чакаем.

Няма ніякай упэўненасці ў тым, калі мы памром, таму што:

  • У цэлым няма ніякай пэўнасці адносна адведзенага нам тэрміну жыцця: мы неабавязкова памром у старасці.
  • Шанцаў памерці больш, чым застацца ў жывых: у эпоху глабальнага пацяплення адбываецца ўсё больш прыродных катаклізмаў і пандэмій; з-за прыродных рэсурсаў, якія ўвесь час скарачаюцца, і эканамічнай няроўнасці гвалту становіцца ўсё больш; па меры ўзмацнення пачуцця безнадзейнасці назіраецца ўсё больш смяротных зыходаў ад перадазіроўкі наркотыкаў і гэтак далей.
  • Наша цела неімаверна крохкае: найменшае недамаганне або няшчасны выпадак могуць прывесці да смерці.

Акрамя прэвентыўных мер – працы над сваімі станамі розуму і паводзінамі, больш нішто не дапаможа нам памерці спакойна і без шкадаванняў. Калі б мы паміралі проста цяпер:

  • Наша багацце не дапаможа: нашы грошы будуць проста лічбай на экране камп'ютара.
  • Сябры і сваякі таксама не змогуць нам дапамагчы: нам прыйдзецца іх пакінуць. Калі яны будуць стаяць побач з намі і плакаць, то толькі моцна нас засмуцяць.
  • Цела таксама нічым нам не дапаможа: які толк у тым, што мы скінулі пару лішніх кілаграмаў?

Такім чынам, мы вырашаем: адзінае, што мае сэнс у гэтым жыцці, – гэта прыняць меры, якія не дадуць нам памерці ў страху і шкадаваннях.

Заключэнне

Усведамленне непазбежнасці смерці трэба не для таго, каб увергнуць нас у дэпрэсію або напоўніць страхам. Калі мы разумеем, што ў гэтым жыцці ў нас засталася абмежаваная колькасць часу і ніхто не можа дакладна сказаць, калі яно скончыцца, гэта матывуе нас як мага лепш скарыстаць тыя магчымасці і час, што ў нас ёсць. Памятаванне пра смерць дапамагае нам пераадолець ляноту і пракрастынацыю, якія не даюць нам рабіць станоўчыя крокі, каб у будучыні ўсё не стала горш.

Top