Тлумачэнне
Непастаянства азначае змены: з'явы, якія падвяргаюцца ўплыву прычын і ўмоў, ніколі не застаюцца нязменнымі, яны мяняюцца ад моманту да моманту. Некаторыя рэчы, такія як камп'ютар, машына або ваша цела, з моманту, як яны з'явіліся, адразу пачынаюць павольна разбурацца і распадацца, пакуль ім не прыйдзе канец. Іншыя з'явы змяняюцца ад моманту да моманту, але яны не зношваюцца, бо пастаянна абнаўляюцца. Гэта датычыцца, напрыклад, асноватворнай разумовай актыўнасці: яна застаецца разумовай актыўнасцю на любым жыццёвым этапе чалавека – і калі ён немаўля, і калі ён энергічны дарослы, і калі ён жыве ў доме састарэлых і пакутуе ад хваробы Альцгеймера. Ёсць паказчыкі, якія мяняюцца ад верхніх значэнняў да ніжніх, і наадварот. Напрыклад, гэта датычыцца тэмпературы або якасці вашай медытацыі. Іншыя з'явы, напрыклад пасажыры ў самалёце, збіраюцца разам, а потым расстаюцца. Некаторыя з'явы зноў і зноў праходзяць праз пэўныя цыклы. Так адбываецца, напрыклад, з порамі года або перыядамі дня і ночы. Таксама ёсць з'явы, якія ўзнікаюць, існуюць нейкі час і знікаюць, і так паўтараецца зноў і зноў. Паводле будыйскага вучэння, да такіх з'яў належаць сусветы. Існуе шмат розных відаў непастаянства.
На жаль, з-за таго што наш розум не здольны адначасова ўспрымаць усю працягласць часу, мы блытаемся і часам думаем, што з'явы застаюцца нязменнымі і ніколі не мяняюцца, – гэта датычыцца, напрыклад, нашых адносін, нашай маладосці, настрою і гэтак далей. Калі мы думаем такім чынам, мы ствараем сабе няшчасце і праблемы. Напрыклад, у нас з кім-небудзь рамантычныя адносіны. Гэтыя адносіны ўзніклі з-за пэўных прычын і ўмоў: два чалавекі апынуліся ў адным месцы, абодва шукалі партнёра, у абодвух адбываліся пэўныя падзеі ў жыцці. Аднак з цягам часу ўмовы змяніліся. Калі мы трымаемся за адносіны, якімі яны былі спачатку і на ранніх стадыях, то не зможам адаптавацца, калі партнёр памяняе працу, пераедзе ў іншы горад, да яго прыедуць госці, ён завядзе новых сяброў ці калі падобнае адбудзецца з намі. Мы чапляемся за тое, якімі нашы адносіны былі раней, і з-за таго, што такое ўяўленне не адпавядае рэальнасці, мы пакутуем і адчуваем сябе нешчаслівымі.
У нашай медытацыі мы засяродзімся на розных аспектах нашага жыцця, на якія ўплывае непастаянства, і паспрабуем сканцэнтравацца на іх, разумеючы, што яны змяніліся і з часам будуць мяняцца далей, пакуль урэшце не скончацца.
Медытацыя
- Супакойцеся, засяродзіўшыся на дыханні.
- Засяродзьцеся на адносінах з вашай маці.
- Адзначце, як усё пачыналася: вы былі немаўлём, і гэта ўплывала на вашы адносіны.
- Затым вы і ваша мама сталі старэйшымі. Вы раслі і былі дзіцем, потым падлеткам, затым – дарослым. Ваша мама старэла, і вашы адносіны мяняліся. Ці не мяняліся?
- Нават калі яна памрэ ці калі яна ўжо памерла, хоць вашы адносіны скончыліся са смерцю мамы, адзначце, як ваша стаўленне да яе і ўспаміны пра яе мяняюцца і будуць мяняцца далей.
- Сканцэнтруйцеся на адносінах з вашым бацькам і прарабіце крокі, апісаныя вышэй.
- Сканцэнтруйцеся на адносінах з вашым партнёрам, якога вы вельмі любіце або любілі.
- Такім жа чынам прааналізуйце ваша прафесійнае жыццё.
Заключэнне
Непастаянства – гэта дадзенасць жыцця. Падабаецца нам гэта ці не, усё пастаянна мяняецца і нішто не будзе заўсёды аднолькавым. Калі мы прымаем гэтую рэальнасць, мы разумеем, што спробы чапляцца за рэчы так, нібы яны заўсёды будуць заставацца нязменнымі, марныя. Калі мы здольныя адаптавацца да змен, якія непазбежна адбываюцца ў нашым жыцці, у адносінах, у нашым целе і гэтак далей, мы пазбягаем многіх няшчасцяў і праблем, з якімі ў адваротным выпадку нам прыйшлося б сутыкнуцца.