Як цаніць жыццё

Навучыцеся цаніць свабоду і магчымасці, якія ў нас ёсць, каб працаваць над сабой і паляпшаць якасць жыцця.

Тлумачэнне

Часта мы шкадуем сябе з-за невялікіх праблем, калі, напрыклад, у рэстаране скончылася тое, што мы хацелі заказаць; або калі няма магчымасці купіць білет на самалёт ці цягнік на патрэбную нам дату і час; або калі мы прастуджваемся і з-за гэтага не можам купацца, калі захочацца. Але калі аб'ектыўна паглядзець на сваё жыццё, можна ўбачыць, што мы неімаверна ўдачлівыя. Мы свабодныя ад горшых абставін, якія сапраўды абмяжоўвалі б нашу магчымасць рабіць нешта канструктыўнае або вартае. Да таго ж у нас ёсць мноства магчымасцей, у прыватнасці мы можам вывучаць такія духоўныя вучэнні, як будызм, каб зрабіць жыццё лепшым.

Калі б мы трапілі ў зону стыхійных бедстваў, як гэта было, напрыклад, з многімі людзьмі ў Непале пасля землетрасення 2015 года, або калі б мы жылі ў рэгіёне, дзе людзі пакутуюць ад голаду, або ў зоне ваенных дзеянняў, або калі б мы апынуліся ў краіне, дзе духоўная практыка была б супрацьзаконная і недаступная, або калі б мы былі запертыя ў турме з жорсткімі злачынцамі, або калі б нам прыйшлося ваяваць у арміі на вайне, – як бы мы вывучалі будызм і выкарыстоўвалі яго на практыцы? А калі б мы былі сур'ёзна фізічна, псіхічна ці эмацыйна абмежаваныя і вывучаць вучэнне было б магчыма, але вельмі цяжка? А калі б мы былі такія багатыя, што нам не трэба было б працаваць, а ўсё наша жыццё складалася б з вечарынак і забаў, з-за чаго мы не зацікавіліся б духоўнымі практыкамі? Або калі б мы былі цалкам неўспрымальныя і варожа настроеныя ў дачыненні да духоўнай практыкі?

Таксама цяпер у нас ёсць мноства магчымасцей. Напрыклад, ёсць пераклады вучэнняў, яны даступныя ў кнігах і ў інтэрнэце, ёсць спонсары, якія падтрымліваюць выхад такіх публікацый; таксама ёсць настаўнікі, ёсць цэнтры, дзе мы можам вывучаць будызм, і людзі, якія падтрымліваюць гэтыя цэнтры. А яшчэ ў нас ёсць інтэлект і зацікаўленасць у навучанні.

Сам факт, што мы свабодныя ад горшых абставін і наша жыццё ўзбагачана гэтымі магчымасцямі, робіць яго ўнікальным. Нам варта парадавацца, што ў нас ёсць гэтае каштоўнае жыццё, і як мага лепш яго скарыстаць.

Медытацыя

  • Супакойцеся, засяродзіўшыся на дыханні.
  • Уявіце, што вы хадзілі ў паход па гарах у Непале падчас землетрасення і затрымаліся там без магчымасці выбрацца, без ежы і вады.
  • Затым уявіце, што вас знайшла выратавальная брыгада на верталёце і вы вярнуліся дадому.
  • Адчуйце, як гэта выдатна: быць свабоднымі ад пакут у той жахлівай сітуацыі.
  • Парадуйцеся гэтай свабодзе.
  • Уявіце, што вы ў Сірыі і Ісламская Дзяржава захапіла ваш горад, з якога вы не можаце выбрацца.
  • Уявіце, што вас ратуюць адтуль.
  • Парадуйцеся гэтаму.
  • Уявіце, што вас запіраюць у турэмнай камеры з групай грубых і жорсткіх сукамернікаў, якія днём і ноччу вам пагражаюць.
  • Потым уявіце, як вас вызваляюць з турмы.
  • Парадуйцеся гэтаму.
  • Уявіце, як вы мучыцеся ад голаду падчас засухі ў Судане.
  • Затым уявіце, што прыходзіць гуманітарная дапамога і зараз у вас дастаткова ежы і вады.
  • Парадуйцеся гэтаму.
  • Уявіце, што ў вас хвароба Альцгеймера, вы нікога і нічога не памятаеце і не можаце звязаць і двух слоў.
  • Затым уявіце, што вы вылечыліся.
  • Парадуйцеся гэтаму.
  • Затым адчуйце, як вы паступова вызваляецеся ад усіх гэтых цяжкіх перажыванняў: як вы затрымаліся падчас землетрасення ў Непале, былі захоплены ў Сірыі ІДІЛ, запертыя ў турэмнай камеры з жорсткімі сукамернікамі, паміралі ад голаду ў Судане і хварэлі на хваробу Альцгеймера.
  • Адчуйце неверагодную свабоду, якая ў вас ёсць.
  • Затым падумайце пра ўсе неверагодныя магчымасці, якія ў вас ёсць: існуюць пераклады вучэнняў, яны даступныя ў кнігах і ў інтэрнэце, спонсары падтрымліваюць публікацыю гэтых вучэнняў, ёсць настаўнікі, ёсць цэнтры, дзе мы можам вывучаць будызм, і ёсць людзі, якія падтрымліваюць гэтыя цэнтры. А ў нас ёсць інтэлект і зацікаўленасць у навучанні.
  • У канцы ўспомніце яшчэ раз усе свабоды і магчымасці, якія ў вас ёсць. Падумайце, наколькі гэта ўнікальна ў параўнанні з большасцю людзей і большасцю эпох у гісторыі.
  • Парадуйцеся гэтаму і цвёрда вырашыце як мага лепш скарыстаць гэтае ўнікальнае жыццё, якое ў вас ёсць, і не змарнаваць яго.

Заключэнне

Калі мы думаем пра сваю цяперашнюю сітуацыю і разумеем, як мы ўдачлівыя, прынамсі на гэты момант, што свабодныя ад жахлівых абставін, у якіх у нас не было б магчымасці працаваць над сваім эмацыйным і духоўным развіццём, – мы пачынаем глыбока цаніць тое, што маем. І хоць нічыё жыццё або абставіны не ідэальныя, тым не менш, у параўнанні з тым, наколькі горш усё магло б быць, мы сапраўдныя шчасліўчыкі. Ацаніўшы па вартасці тое, што маем, мы развіваем упэўненасць, неабходную для таго, каб рабіць крокі, каб скарыстаць наяўныя магчымасці і зрабіць жыццё яшчэ лепшым.

Top