Працуем са складанымі адносінамі

Каб палепшыць якасць адносін, трэба адсекчы нерэалістычныя праекцыі, якія нам дакучаюць, і зарадзіць клапатлівы стан розуму.

Тлумачэнне

Будыйская медытацыя накіравана на вырашэнне праблем. Каб мы маглі больш эфектыўна спраўляцца з праблемамі, Буда даў настаўленні па чатырох высакародных ісцінах. Усе мы сутыкаемся з цяжкасцямі, але адны праблемы вырашыць цяжэй, чым іншыя. Адна з такіх цяжкасцей, з якой сутыкаецца большасць людзей, – гэта ўзаемаадносіны з іншымі.

Некаторыя ўзаемаадносіны могуць быць няпростымі. Аднак Буда вучыў, што існуюць метады, да якіх мы можам звярнуцца, каб лепш выбудоўваць адносіны. Нам трэба звярнуць позірк унутр сябе, каб знайсці прычыны гэтых праблем. Нават калі праблемы ўзнікаюць у нас з-за дзеянняў іншых людзей, адзінае, чым мы сапраўды можам кіраваць, – гэта сваёй рэакцыяй на тое, што адбываецца. Гэта тычыцца рэакцыі ў паводзінах і ментальнай рэакцыі. 

Паколькі наш стан розуму ўплывае на паводзіны, нам трэба сканцэнтраваць намаганні на працы са станамі розуму. Калі замяніць тыя станы розуму, якія ствараюць праблемы, на больш карысныя станы, заснаваныя на спачуванні і якія суадносяцца з рэальнасцю, то, калі мы і не ліквідуем цалкам пакуты, з якімі сутыкаемся ў цяжкіх адносінах, мы прынамсі іх паменшым.

Медытацыя

  • Супакойцеся, засяродзіўшыся на дыханні.
  • Падумайце пра чалавека, з якім у вас няпростыя ўзаемаадносіны. Гэта прыклад першай высакароднай ісціны пра сапраўдныя пакуты. 
  • Дазвольце раздражненню ўзнікнуць. 
  • Падумайце, чаму ў вас узнікае такое пачуццё. Гэта прыклад другой высакароднай ісціны пра сапраўдныя прычыны пакут. Магчыма, гэта адбываецца з-за таго, што вам складана знаходзіцца побач з гэтым чалавекам, гэта цяжар для вас. Або вам можа што-небудзь у ім не падабацца. Можа быць, вы не заўсёды можаце быць побач, калі вам хочацца, або гэты чалавек не заўсёды ў добрым настроі.
  • Працягваючы разважаць, мы разумеем, што бачым гэтага чалавека толькі з гэтага боку, не беручы ў разлік яго ці яе чалавечую прыроду: у жыцці гэтага чалавека ёсць узаемаадносіны з іншымі людзьмі, акрамя нас, і шмат чаго яшчэ, што ўплывае на яго жыццё; у гэтага чалавека, як і ў нас, ёсць пачуцці і жаданне падабацца іншым. 
  • Не ўсе адчуваюць да гэтага чалавека тое ж, што і мы, а значыць, мы можам ліквідаваць раздражненне і непрыемныя пачуцці, якія ў нас узнікаюць, калі мы знаходзімся побач з ім ці з ёй. Гэта прыклад трэцяй высакароднай ісціны пра сапраўднае спыненне пакуты. 
  • Каб ліквідаваць гэты дыскамфорт, нам трэба зразумець, што, калі б гэты чалавек ісцінна існаваў як «чалавек, які раздражняе», то ўсе з самага нараджэння лічылі б яго такім. Аднак гэта немагчыма. Гэта прыклад чацвёртай высакароднай ісціны пра правільнае разуменне як пра сапраўдны пуцяводны стан розуму. 
  • Мы адсякаем праекцыю, што гэта «чалавек, які раздражняе».
  • І тады мы бачым яго ці яе без раздражнення. Гэты чалавек толькі здаецца раздражняльным, але гэта падобна да ілюзіі.
  • Затым мы зараджаем клапатлівае стаўленне да гэтага чалавека. Яму хочацца падабацца іншым і быць шчаслівым, яму не хочацца выклікаць непрыязнасць у іншых. Нам бы не спадабалася, калі б да нас ставіліся як да перашкоды, накшталт камара: гэта прыкранула б нашы пачуцці. Гэтак жа і іншаму чалавеку не спадабалася б такое стаўленне, і яно таксама прыкранула б яго пачуцці.
  • Падумайце пра гэтага чалавека з клопатам.

Рэзюмэ

Каб камунікаваць з цяжкімі людзьмі, пры сустрэчы з імі спачатку трэба супакоіцца. Калі гэта магчыма, варта супакоіцца да таго, як вы пабачыцеся. Знаходзячыся побач, нам трэба ўспомніць пра тое, што перад намі – чалавек, надзелены такімі ж пачуццямі, як і мы, і развіць да яго клапатлівае стаўленне. Калі мы не бачым гэтага чалавека ў шырокім кантэксце, у кантэксце ўсяго яго жыцця, гэта можа паслужыць адной з перашкод для развіцця клапатлівасці. Калі мы будзем больш рэалістычнымі і адсячом ілжывыя праекцыі, то зможам быць адкрытымі і клапатлівымі, што дазволіць нам выбудоўваць адносіны больш канструктыўна. 

Top