Развіваем клапатлівасць

Памятаючы пра тое, што ў людзей вакол таксама ёсць пачуцці, як і ў нас, мы зараджаем клапатлівае стаўленне і зацікаўленасць у тым, як нашы словы і ўчынкі паўплываюць на іх пачуцці.

Тлумачэнне

Пасля таго як мы супакоілі розум, засяродзіўшыся на дыханні, што з'яўляецца неабходнай папярэдняй умовай для любой наступнай медытацыі, мы можам наладзіцца на пазітыўны, стваральны стан розуму. Размаўляючы з іншымі людзьмі, вельмі важна шчыра праяўляць да іх клопат і інтарэс. Гэта значыць важна прымаць іншых сур'ёзна, памятаючы, што яны таксама людзі і ў іх таксама ёсць пачуцці, як і ў нас. Тым не менш, калі мы занятыя, адчуваем стрэс або занадта захопленыя сабой, пра гэта лёгка забыцца і страціць чуласць. Аднак чым мацней мы засяроджваемся на сабе, сваіх праблемах і пачуццях, тым больш нешчаслівымі становімся. Мы губляем кантакт з навакольным светам.

Людзі – гэта сацыяльныя жывёлы: наш дабрабыт залежыць ад іншых людзей. Нам неабходна кантактаваць з іншымі. Таму для таго, каб узаемадзейнічаць з іншымі людзьмі ў здаровым, рэалістычным ключы, неабходна шчыра клапаціцца пра іх дабрабыт. У прыватнасці, нам варта быць чулымі да абставін і пачуццяў іншых людзей, асабліва да іх пачуццяў, якія ўзнікаюць у адказ на нашы дзеянні ў адносінах з імі. 

Тое, што адбылося з намі раней на працягу дня, уплывае на наш настрой, і гэта ж дакладна для людзей, з якімі мы сутыкаемся. Калі мы іх бачым, яны не ўзнікаюць з ніадкуль. Стан гэтых людзей, як і наш стан, паўплывае на нашы зносіны. Калі мы неўспрымальныя да гэтага факту, як у дачыненні да нас саміх, так і да іншых, то якасць узаемадзеяння з людзьмі будзе моцна адрознівацца ад жаданай. У дадатак, тое, як мы размаўляем з людзьмі, і тое, як мы абыходзімся з імі, паўплывае на іх пачуцці гэтак жа, як іх мова і паводзіны паўплываюць на нашы пачуцці. 

Калі мы памятаем пра гэта і падтрымліваем памятаванне кожны раз, калі мы побач з іншымі людзьмі (з сябрамі, з незнаёмцамі ці з тымі, хто нам не падабаецца), то наша ўзаемадзеянне будзе больш прадуктыўным і здавальняючым і для нас, і для гэтых людзей. 

Медытацыя

  • Супакойцеся, засяродзіўшыся на дыханні.
  • Апынуўшыся ў спакойным стане розуму, без асуджэння падумайце пра блізкага вам чалавека, з якім вам хочацца быць побач.
  • Падумайце: «Ты чалавек, і ў цябе ёсць пачуцці».
  • «Гэтак жа, як і ў мяне».
  • «Твой настрой паўплывае на нашы зносіны».
  • «Гэтак жа, як і мой настрой».
  • «Тое, як я абыходжуся з табой і што я кажу, паўплывае на твае пачуцці».
  • «Таму, гэтак жа як я чакаю, што ў нашых узаемаадносінах ты будзеш клапаціцца пра мяне і пра мае пачуцці, я буду клапатлівы да цябе. Я буду клапаціцца пра твае пачуцці». 
  • Паўтарыце ўсе крокі адзін за адным, канцэнтруючыся на чалавеку, які ледзь вам знаёмы, гэта значыць вы не адчуваеце да яго ніякіх пачуццяў. Гэта можа быць, напрыклад, білецёр у кінатэатры. 
  • Паўтарыце гэтую паслядоўнасць крокаў, канцэнтруючыся на чалавеку, які вам не падабаецца, з якім вам некамфортна знаходзіцца побач.

Рэзюмэ

У гэтай медытацыі ёсць шмат варыяцый, і яна можа быць дапоўнена. Медытуючы на малазнаёмых людзей, на тых, хто нам падабаецца і не падабаецца, можна таксама выбіраць прадстаўнікоў розных узроставых, гендарных, нацыянальных груп і гэтак далей. Таксама можна зрабіць аб'ектам медытацыі саміх сябе. Мы таксама людзі, і ў нас ёсць пачуцці; тое, як мы ставімся да сябе і як мы ў думках размаўляем з сабой, вельмі моцна ўплывае на нашы пачуцці. Такім чынам мы таксама развіваем клапатлівае стаўленне да сябе.

Top