Тлумачэнне
Многія з нас адчуваюць, што жыццё праходзіць дарэмна. Магчыма, нам здаецца, што ў нас бессэнсоўная праца, ці, можа быць, мы беспрацоўныя і не бачым асаблівых перспектыў на паляпшэнне сітуацыі. Можа, мы яшчэ вучымся ў школе і ставім пад сумненне каштоўнасць і сэнс нашай адукацыі. Нам страшна, што далей будзе толькі горш, і ёсць рызыка, што мы ўпадзём у дэпрэсію. Разам з тым мы хацелі б зрабіць што-небудзь вартае, што магло б змяніць свет да лепшага, і нам хацелася б падзяліць гэта з іншымі. Многія з нас нават разумеюць, што ні высокі заробак, ні буйная маёмасць не задавальняюць нашу патрэбу ў сэнсе.
У будызме гэтая тэма разглядаецца ў кантэксце надзейнага напрамку, які звычайна перакладаецца як «прыстанішча». Калі мы разумеем, што наша каштоўнае чалавечае жыццё абавязкова скончыцца смерцю і, калі мы ўжо цяпер не зробім са сваім жыццём нешта станоўчае, наперадзе нас могуць чакаць горшыя перараджэнні, мы пачынаем думаць, як гэта прадухіліць. Гэтак жа, нават калі мы не прымаем вучэння пра перараджэнне, можна пачаць цаніць гэтае каштоўнае чалавечае жыццё. Нам страшна, што ў гэтым жыцці наша сітуацыя стане горшай, бо мы разумеем, наколькі жудасна будзе паміраць, шкадуючы, што жыццё было такім бессэнсоўным.
Надзейны напрамак, які прапануе будызм, указаны Трыма Каштоўнасцямі. Галоўная каштоўнасць – гэта Дхарма, гэта значыць сапраўдныя спыненні [пакут] і сапраўдныя пуцяводныя станы розуму. Гэта значыць, што мы працуем над сабой, каб пераадолець свае недахопы і, развіваючы ўсе добрыя якасці, поўнасцю раскрыць свой патэнцыял. Да недахопаў належаць трывожныя эмоцыі, недахоп канцэнтрацыі, сябелюбства, цяжкасці ў эфектыўнай камунікацыі і гэтак далей. Добрыя якасці – гэта базавыя чалавечыя каштоўнасці: дабрыня, спачуванне, цярплівасць, разуменне, дараванне, сумленнасць і гэтак далей, а таксама пачуццё этыкі, канцэнтрацыя і праніклівасць. Калі мы будзем працаваць над раскрыццём гэтых якасцей, чаго ў поўнай ступені дасягнулі буды і часткова – майстры з высокім спасціжэннем, то гэта, безумоўна, напоўніць наша жыццё сэнсам.
Хоць нам, магчыма, захочацца падзяліцца з іншымі, гэта не значыць, што дастаткова проста публікаваць пасты пра наш поспех у сацыяльных сетках. Наадварот, з усё большай упэўненасцю ў сабе мы дзелімся пладамі свайго развіцця, дапамагаючы іншым, чым толькі можам, у малым ці вялікім. Такім чынам, надзейны напрамак заснаваны на боязі таго, што наша жыццё стане горшым; на ўпэўненасці, што праца над сабой – гэта надзейны напрамак, які не дасць нашаму жыццю пагоршыцца; і на клопаце і спачуванні да іншых людзей, якім мы хацелі б дапамагчы, падзяліўшы з імі свае дасягненні.
Медытацыя
- Супакойцеся, засяродзіўшыся на дыханні.
- Падумайце пра сваё жыццё: як вам здаецца, ці ёсць у ім сэнс?
- Падумайце пра тое, як вы любіце дзяліцца падзеямі свайго жыцця з іншымі.
- Падумайце пра тое, што, калі вы працуеце над пераадоленнем сваіх недахопаў і раскрыццём свайго патэнцыялу, гэта магло б надаць сэнс вашаму жыццю і даць вам магчымасць дзяліцца не дробязямі, а асэнсаванымі аспектамі жыцця, і як было б цудоўна, калі б тое, чым вы дзеліцеся з іншымі (не толькі анлайн, але і пры асабістым кантакце), магло б дапамагчы гэтым людзям.
- Уявіце, як вы ўпадаеце ў глыбокую дэпрэсію з-за адсутнасці асэнсаванага напрамку ў вашым жыцці, нібы падаеце з абрыву.
- Падумайце пра тое, як праца над сабой выратавала б вас ад дэпрэсіі, а таксама магла б стаць выдатным падарункам, які вы падзялілі б з іншымі.
- Прыміце рашэнне рухацца ў гэтым напрамку.
- Уявіце тое самае, толькі цяпер вы каля краю абрыву і вось-вось упадзяце.
- Уявіце тое самае, толькі цяпер вы на некаторай адлегласці ад абрыву, але няўхільна набліжаецеся да яго.
Заключэнне
Калі наша жыццё здаецца руцінным, сумным і бессэнсоўным, трэба ўзяць ініцыятыву ў свае рукі. Нам варта надаць свайму жыццю станоўчы напрамак, які быў бы асэнсаваным не толькі для нас, але і для іншых людзей. Прытрымліваючыся такога напрамку, мы працуем над сабой, каб пераадолець свае недахопы і раскрыць станоўчы патэнцыял. Незалежна ад таго, ці ставім мы сабе канчатковай мэтай зрабіць гэта цалкам, як зрабілі буды (істоты з высокім спасціжэннем зрабілі гэта часткова), – так ці інакш, выпраўляючыся ў гэтае падарожжа, мы моцна палепшым якасць жыцця.