Спачуванне як крыніца шчасця

Мэта жыцця ў імкненні да шчасця

Мы тут, мы існуем, і ў нас ёсць права існаваць. Нават у істот, у якіх няма пачуццяў, такіх як кветкі, ёсць права на існаванне. Калі кветкі падвяргаюцца шкоднаму ўздзеянню, яны аднаўляюцца на хімічным узроўні, каб выжыць. Але [больш за тое,] мы, чалавечыя істоты, а таксама насякомыя, нават амёбы – самыя маленькія істоты, лічымся істотамі, якія адчуваюць. [І ў нас, як у істот, якія адчуваюць, яшчэ больш механізмаў выжывання.]

З маіх гутарак з навукоўцамі вынікае, што тэрмін «істота, якая адчувае» азначае тых, хто здольны перасоўвацца па ўласнай волі або жаданні. «Які адчувае» не абавязкова мае на ўвазе, што мы знаходзімся ў свядомасці, або чалавечую свядомасць. Насамрэч складана даць азначэнне, што такое «свядомасць» і «свядомы». Звычайна гэта азначае самы ясны аспект нашага розуму, але тады ці значыць гэта, што свядомасці не існуе, калі мы знаходзімся ў паўнесвядомым ці несвядомым стане? Ці валодаюць ёй насякомыя? Магчыма, лепш казаць пра здольнасць да пазнання, а не пра свядомасць.

У любым выпадку, сутнасць таго, пра што мы цяпер гаворым [выкарыстоўваючы тэрмін «здольнасць да пазнання»], – здольнасць адчуваць пачуцці: боль, задавальненне і нейтральныя перажыванні. У рэчаіснасці задавальненне і боль [а таксама шчасце і няшчасце] – гэта тое, што нам неабходна даследаваць больш глыбока. Напрыклад, у кожнай істоты, якая адчувае, ёсць права на выжыванне, а каб выжыць, неабходна імкнуцца да шчасця і спакою: менавіта дзякуючы ім істоты, якія адчуваюць, імкнуцца выжыць. Такім чынам, наша выжыванне заснавана на надзеі – надзеі на нешта добрае, на шчасце. Таму я заўсёды прыходжу да высновы, што сэнс жыцця – шчасце. Калі мы адчуваем пачуцці надзеі і шчасця, наша цела адчувае сябе здаровым. Такім чынам, надзея і шчасце – гэта станоўчыя фактары для нашага здароўя. Здароўе залежыць ад шчаслівага стану розуму.

Гнеў, з іншага боку, заснаваны на пачуцці неабароненасці і цягне за сабой страх. Сутыкаючыся з чым-небудзь добрым, мы адчуваем бяспеку. Калі нам нешта пагражае, мы адчуваем неабароненасць, і тады нас ахоплівае гнеў. Гнеў – частка розуму, які абараняецца ад таго, што шкодзіць нашаму выжыванню. Аднак гнеў [сам па сабе прымушае нас адчуваць сябе дрэнна, і таму, у канчатковым рахунку, ён] шкодны для здароўя.

Прыхільнасць – разумовы фактар, карысны для выжывання. Таму нават расліны, у якіх няма ніякіх прыкмет свядомасці, усё ж валодаюць нейкім хімічным рэчывам, дзякуючы якому яны абараняюцца і якое дапамагае ім расці. Наша цела на фізічным узроўні такое ж. Аднак у нашага чалавечага цела на эмацыйным узроўні таксама ёсць станоўчая ўласцівасць, дзякуючы якой мы можам адчуваць прыхільнасць да каго-небудзь ці да нашага ўласнага шчасця. [Гнеў, з іншага боку, валодаючы] ўласцівасцю прычыняць шкоду, штурхае нас прэч ад рэчаў [уключаючы шчасце]. На фізічным узроўні задавальненне [вынік шчасця,] карыснае для цела, у той час як гнеў [і выкліканае ім няшчасце] – шкодны. Таму [з пункту гледжання імкнення да выжывання] мэта жыцця заключаецца ў тым, каб жыць шчасліва.

Я кажу пра агульначалавечы ўзровень. Я не кажу пра рэлігію – пра дадатковы ўзровень. На ўзроўні рэлігіі, вядома ж, ёсць розныя тлумачэнні мэты жыцця. Гэты дадатковы аспект насамрэч дастаткова складаны, таму лепш казаць толькі на агульначалавечым узроўні.


Відэа: 14-ы Далай-лама — «Надзея»
Каб уключыць субцітры, клікніце на іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Налады».

Што такое шчасце?

Паколькі мэта і сэнс жыцця – шчасце, узнікае пытанне, што такое шчасце. Часам фізічнае пакутанне можа прыносіць нават больш глыбокае пачуццё задавальнення [да прыкладу, атлету пасля знясільваючай трэніроўкі]. Так што «шчасце» ў асноўным азначае пачуццё глыбокага задавальнення. У такім выпадку, мэта жыцця, наша мэта – гэта задавальненне.

У шчасця, смутку і пакут два ўзроўні: фізічны і разумовы. Фізічны ўзровень у нас агульны з дробнымі млекакормячымі, нават з насякомымі – мухамі. У халодным клімаце, калі з'яўляецца сонца, мухі выказваюць шчасце тым, што прыгожа лятаюць. У халодным пакоі яны запавольваюць рух: гэта праява смутку. А ў істот з развітым мозгам адчуванне фізічнага задавальнення яшчэ мацнейшае. [У дадатак да гэтага,] наш развіты мозг – самы вялікі па памеры, і таму мы валодаем інтэлектам.

[Што да] людзей, якія не адчуваюць фізічнай пагрозы, у іх шчаслівае, спакойнае жыццё, добрыя сябры, зарплата і рэпутацыя. Аднак нават у гэтым выпадку мы заўважаем, што, да прыкладу, некаторыя мільянеры, якія адчуваюць, што яны важная частка грамадства, часцяком вельмі нешчаслівыя як асобы. Некалькі разоў я сустракаўся з вельмі багатымі, уплывовымі людзьмі, якія выглядалі вельмі неспакойна: глыбока ўнутры яны адчувалі адзіноту, стрэс і трывогу. Гэта значыць, на разумовым узроўні яны пакутуюць.

У нас дзіўны інтэлект, таму разумовы ўзровень нашага вопыту пераважае над фізічным. Фізічны боль можа быць мінімізаваны або згладжаны на ўзроўні розуму. У якасці невялікага прыкладу, некаторы час таму я быў сур'ёзна хворы, адчуваючы востры боль у кішэчніку. У той час я знаходзіўся ў Біхары, самым бедным штаце Індыі, і праязджаў праз Бодхгаю і Наланду. Там я бачыў шмат вельмі бедных дзяцей. Яны збіралі каровін гной. У іх не было школ, і мне было вельмі сумна. Затым, у раёне Патны – сталіцы штата, я адчуў моцны боль, і ў мяне выступіла спакрына. Я заўважыў аднаго хворага пажылога чалавека, хворага мужчыну, апранутага ў белае і вельмі, вельмі бруднае адзенне. Ніхто не клапаціўся пра гэтага чалавека, і гэта было па-сапраўднаму сумна. У тую ноч у сваім гасцінічным нумары я адчуваў вельмі моцны фізічны боль, аднак мой розум быў заняты роздумамі пра тых дзяцей і пра пажылога чалавека. Гэты ўдзел значна зменшыў мой фізічны боль.

Вазьміце, да прыкладу, тых, хто рыхтуецца да Алімпійскіх гульняў. Яны вельмі інтэнсіўна трэніруюцца, і, незалежна ад таго, які боль і якія цяжкасці яны адчуваюць, на разумовым узроўні яны шчаслівыя. Такім чынам, разумовы ўзровень важнейшы, чым фізічны вопыт. Таму ў жыцці сапраўды важныя шчасце і задавальненне.

Прычыны шчасця

Цяпер, якія прычыны шчасця? Я лічу, што вельмі важны спакойны розум, бо цела добра адчувае сябе, калі розум спакойны, а не ўстрывожаны. Незалежна ад нашай фізічнай сітуацыі, важней за ўсё спакой розуму. Такім чынам, як мы можам дамагчыся спакою розуму?

Цяпер вызваліцца ад усіх праблем было б нерэалістычна. Калі мы зробім розум млявым і забудзем пра свае праблемы, гэта таксама не дапаможа. Нам неабходна ясна бачыць нашы праблемы і працаваць над імі, аднак у той жа самы час захоўваць спакой розуму, каб наша стаўленне было рэалістычным і каб мы маглі добра спраўляцца з гэтымі праблемамі, добра іх вырашаць.

Што датычыцца транквілізатараў, у мяне няма асабістага вопыту. Я не ведаю, ці застаецца розум пасля прыёму транквілізатараў вострым або становіцца млявым. Мне трэба будзе пра гэта спытаць. Да прыкладу, у 1959 годзе, калі я быў у Мусоры, мая мама, ці, можа быць, гэта быў хтосьці іншы, была вельмі ўсхваляваная; яна дрэнна спала. Доктар сказаў, што ёсць лекі, якія можна прыняць, але гэта зробіць розум крыху млявым. Тады я падумаў, што гэта нядобра. З аднаго боку, вы атрымліваеце крыху разумовага спакою, аднак, з іншага боку, калі пабочным эфектам будзе млявасць, гэта дрэнна. Я аддаю перавагу іншаму спосабу. Я аддаю перавагу таму, каб інтэлект працаваў паўнавартасна, быў уважлівы і бадзёры, але не ўсхваляваны. Лепш за ўсё непатрывожаны разумовы спакой.

Для гэтага вельмі важная спагадлівая чалавечая клапатлівасць: чым больш спагадлівы наш розум, тым лепш працуе мозг. Калі наш розум ахоплены страхам і гневам, наш мозг працуе значна горш. Аднойчы я сустракаўся з навукоўцам, якому было больш за восемдзесят гадоў. Ён падарыў мне адну са сваіх кніг. Здаецца, яна называлася «Мы вязні гневу», неяк так. Мы абмяркоўвалі яго вопыт, і ён казаў, што, калі ён угневаны на які-небудзь аб'ект, аб'ект выглядае вельмі дрэнным. Між тым, дзевяноста працэнтаў гэтага негатыву – наша разумовая праекцыя. Гэта яго асабісты вопыт.

Будызм кажа тое ж самае. Калі з'яўляюцца адмоўныя эмоцыі, мы не здольныя бачыць рэальнасць. Калі нам неабходна прыняць рашэнне, а розум ахоплены гневам, вялікая верагоднасць таго, што рашэнне будзе няслушным. Ніхто не хоча прымаць няслушнае рашэнне, але ў гэты момант частка нашага інтэлекту і мозгу, якая адрознівае слушнае ад няслушнага і выбірае лепшае рашэнне, працуе вельмі дрэнна. З гэтым сутыкаюцца нават вялікія лідары.

Гэта значыць спачуванне і клапатлівасць дапамагаюць розуму працаваць больш выразна. Да таго ж спачуванне дае нам унутраную сілу. Яно дае нам упэўненасць у сабе, і гэта памяншае страх, што, у сваю чаргу, захоўвае розум спакойным. Такім чынам, у спачування дзве функцыі: яно спрыяе лепшай рабоце розуму і дае ўнутраную сілу. А гэта і ёсць прычыны шчасця. Я мяркую, што гэта так.

Далей, іншыя сродкі дасягнення шчасця, вядома ж, таксама добрыя. Да прыкладу, усе любяць грошы. Калі ў нас ёсць грошы, мы можам атрымліваць асалоду ад добрых умоў. Як правіла, мы лічым гэта самым важным, аднак я думаю, што гэта не так. Матэрыяльнага дабрабыту можна дасягнуць фізічнымі намаганнямі, а разумовы дабрабыт павінен узнікаць дзякуючы разумовым намаганням. Калі мы пойдзем у краму, дамо грошы прадаўцу і скажам, што хацелі б купіць разумовы спакой, ён адкажа, што яму няма чаго прадаць. Многія прадаўцы палічаць гэта вар'яцтвам і пасмяюцца з нас. Некаторыя ін'екцыі або таблеткі, магчыма, могуць даць нам часовае шчасце і спакой розуму, але не на самым глыбокім узроўні. Мы можам убачыць гэта на прыкладзе псіхалагічных кансультацый, дзе нам неабходна спраўляцца з эмоцыямі з дапамогай абмеркавання і аргументацыі. Гэта значыць мы павінны падыходзіць да гэтага на ўзроўні розуму. Таму ўсякі раз, чытаючы лекцыі, я кажу пра тое, што сучасныя людзі занадта шмат думаюць пра знешняе развіццё. Калі мы ўважлівыя толькі да гэтага ўзроўню, яго недастаткова. Сапраўднае шчасце і задавальненне павінны паходзіць знутры.

Асноўныя прычыны шчасця – спачуванне і чалавечая клапатлівасць, а яны бяруць пачатак у біялогіі. У маленстве наша выжыванне цалкам залежыць ад клапатлівасці. Калі ёсць клапатлівасць, мы адчуваем бяспеку. Калі яе няма, мы адчуваем трывогу і безабароннасць. Калі побач з намі няма мамы, мы плачам. Калі мы на руках у мамы і нас трымаюць беражліва, з любоўю, мы адчуваем шчасце і маўчым. Для немаўлят гэта біялагічны фактар. Да прыкладу, адзін навуковец, біёлаг, удзельнік руху супраць ядзернага гвалту, які быў маім настаўнікам, сказаў мне, што мацярынскі дотык вельмі важны для росту і развіцця мозгу немаўляці на працягу некалькіх тыдняў пасля яго нараджэння. Ён дае пачуццё бяспекі і спакою, а гэта вядзе да нармальнага фізічнага развіцця, у тым ліку да нармальнага развіцця галаўнога мозгу.

Гэта значыць насенне спачування і клапатлівасці бярэ пачатак не ў рэлігіі: яно ўзыходзіць да біялогіі. Усе мы паходзім з мацярынскага ўлоння, і кожны з нас выжыў дзякуючы ўважлівасці і клапатлівасці маці. У індыйскай традыцыі мы гаворым пра нараджэнне з лотаса ў чыстай зямлі. Гэта гучыць вельмі прыгожа, але, магчыма, мы больш клапоцімся пра лотасы, чым пра людзей. Таму быць народжаным з мацярынскага ўлоння – лепш. У гэтым выпадку ў нас ужо ёсць насенне спачування. Такія прычыны шчасця.

Відэа: Гешэ Лхакдор — «Як жыць шчасліва»
Каб уключыць субцітры, клікніце на іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Налады».
Top