У будызме спачуванне – гэта жаданне, каб іншыя былі свабодныя ад пакут і іх прычын. Яно заснавана на чуйнасці да пачуццяў іншых людзей, асабліва калі мы прайшлі праз аднолькавыя цяжкасці. Але нават калі мы ніколі не адчувалі таго, праз што яны цяпер праходзяць, мы можам паставіць сябе на іх месца і адчуць, як гэта жудасна. Уяўляючы, як моцна мы хацелі б пазбавіцца гэтай праблемы, мы жадаем вызвалення і іншым.
Любоў і спачуванне – неабходнасць, а не раскоша. Без іх чалавецтва не выжыве – 14-ы Далай-лама
Каб уключыць субцітры, клікніце па іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Налады».
Дзякуючы спачуванню мы раскрываем сэрца і розум іншым. Гэта вызваляе нас з адзінокай турмы эгаістычнага мыслення, у якую мы самі сябе пасадзілі. Усім нам даводзіцца сустракацца з праблемамі, але, адчуваючы сувязь з іншымі людзьмі, мы не будзем пакутаваць ад адзіноты і трывогі. Вучоныя даказалі, што спачуванне робіць нас больш шчаслівымі і спакайнейшымі. Калі мы ўспрымаем боль і пакуты іншых усур'ёз і хочам ім дапамагчы, гэта надае нам унутраную сілу і ўпэўненасць. Развіўшы спачуванне, мы адкрыем глыбінную крыніцу дабрабыту.
[Гл.: Як развіваць спачуванне]
Спачуванне павінна быць актыўным і матываваць нас браць на сябе адказнасць за тое, каб аблягчаць пакуты іншых. І нават калі нашы магчымасці абмежаваныя, мы робім усё, што ў нашых сілах: заставацца бяздзейнымі, калі людзі нешчаслівыя і пакутуюць, невыносна.
Лепш за ўсё, калі спачуванне спалучаецца з веданнем і мудрасцю: гэта дазволіць нам прымаць правільныя рашэнні. Каб не хвалявацца і не падаць духам, калі ў нас не атрымліваецца дапамагчы ці нашы парады аказваюцца бескарыснымі, патрэбная эмацыйная сталасць. Тады спачуванне стане самай моцнай матывацыяй для таго, каб пераадольваць свае недахопы і цалкам раскрываць свой патэнцыял.