Што значыць «бадхісатва»?

Гаворачы простымі словамі, бадхісатвы – гэта мудрыя і спагадлівыя людзі, якія клапоцяцца пра ўсіх астатніх істот. Вядома, ёсць шмат разумных і добрых людзей, дык што ж адрознівае бадхісатву? Па-першае, бадхісатвы не проста жадаюць іншым дабра. Яны ведаюць мноства майстэрскіх метадаў, якія могуць сапраўды дапамагчы іншым істотам спыніць пакуты, і нястомна працуюць над тым, каб дапамагаць усім істотам. Бадхісатвы разумеюць найглыбейшы корань усіх праблем, і яны ўпэўненыя, што адсячы гэты корань магчыма, дзякуючы чаму істоты больш ніколі не будуць сутыкацца з праблемамі. Менавіта такія мэта і веданне робяць спачуванне бадхісатвы такім моцным.

Тэрмін «бадхісатва» прыйшоў з санскрыту і складаецца з двух каранёў – бодхі, што значыць «прасвятленне», і сатва, «істота». У раннім будыйскім вучэнні слова «бадхісатва» выкарыстоўвалася як эпітэт Буды Шак'ямуні да дасягнення ім прасвятлення. Напрыклад, у гісторыях пра мінулыя жыцці Буды яго называлі бадхісатвай. Такім чынам, падобна Буду, які прыкладаў неверагодныя намаганні ў незлічоных жыццях, каб стаць прасветленым, бадхісатвы – гэта тыя, хто ўступае на шлях да прасвятлення, каб прыносіць карысць усім істотам. Яны робяць гэта, паколькі разумеюць, што яны ўсё яшчэ абмежаваныя. Хоць яны ведаюць шмат спосабаў дапамогі іншым істотам, яны дакладна не ведаюць, які менавіта метад лепш за ўсё падыдзе кожнаму з іх. Гэта ведаюць толькі буды. Такім чынам, дапамагаючы іншым істотам настолькі, наколькі гэта магчыма, яны таксама працуюць над тым, каб стаць будамі. 

Бадхісатвы даюць абяцанне працаваць на карысць вызвалення ўсіх істот. Канчатковая мэта бадхісатвы – не дасягнуць уласнага прасвятлення, а дапамагчы ўсім істотам дасягнуць гэтай мэты. Паколькі бадхісатвы спагадлівыя, яны адкладаюць сваё прасвятленне, каб дапамагчы істотам, за што ўшаноўваюцца як духоўныя праваднікі і абаронцы. 

Практыкі і якасці бадхісатвы 

Бадхісатвы ў пэўнай ступені валодаюць многімі якасцямі буд, якія ў апошніх раскрытыя цалкам. Бадхісатвы развіваюць гэтыя якасці, каб наблізіцца да прасвятлення, і выкарыстоўваюць іх, каб прыносіць яшчэ больш карысці ўсім істотам. Давайце паглядзім на некаторыя з якасцей бадхісатвы: 

  • Спачуванне. Бадхісатвы клапоцяцца пра ўсіх істот. Большасць людзей ставяць на першае месца сябе, але бадхісатвы ставяць на першае месца іншых істот. Яны падобныя на маці, якая бачыць кожную істоту як сваё найдаражэйшае адзінае дзіця. Калі дзіця захворвае, маці не можа спакойна глядзець на яго пакуты. Яна гатовая зрабіць усё што заўгодна, каб дапамагчы. Дакладна гэтак жа бадхісатвы не могуць спакойна глядзець на нашы пакуты. Яны не толькі хочуць клапаціцца аднолькава пра ўсіх істот, але і дапамагаюць нам у адпаведнасці са сваімі здольнасцямі, калі гэта магчыма.
  • Мудрасць. Бадхісатвы могуць распазнаваць, што карысна, а што шкодна. Таксама яны адрозніваюць рэальнасць ад фантазіі. Гэта глыбіннае разуменне дапамагае ім весці іншых істот да вызвалення.
  • Майстэрскія сродкі. Бадхісатвы майстэрскія і ведаюць, як дапамагаць іншым істотам, таму яны выкарыстоўваюць мноства розных метадаў.
  • Шчодрасць. Бадхісатвы шчодрыя, як у матэрыяльным сэнсе, так і ў сэнсе часу і сіл. Яны гатовыя аддаваць усё, што ў іх ёсць, каб дапамагаць іншым істотам, і яны не прывязаныя да сваёй маёмасці або дасягненняў.
  • Цярпенне. Бадхісатвы цярплівыя – як з сабой, так і з іншымі. Яны разумеюць, што шлях да прасвятлення доўгі, і гатовыя ўдзяляць час іншым істотам, дапамагаючы ім у адпаведнасці са сваімі здольнасцямі.
  • Этычныя паводзіны. Бадхісатвы прытрымліваюцца этыкі, гэта значыць пазбягаюць учынкаў, якія прычыняць шкоду іншым істотам, і робяць учынкі, якія прыносяць карысць усім істотам.
  • Адвага. Бадхісатвы смелыя і адважныя, яны гатовыя сустрэцца са складанасцямі і перашкодамі, каб дапамагчы іншым істотам. Яны не баяцца цяжкіх сітуацый і не баяцца рызыкаваць, калі гэта неабходна, каб прыносіць карысць іншым.

Bodhisattva statues from the 4th Century Maijishan Grottoes in China.
Bodhisattva statues from the 4th Century Maijishan Grottoes in China.

Статуі бадхісатв (4 стагоддзе, гроты Майцзішань, Кітай).

Дзеянні сучаснага бадхісатвы

Яго Святасць Чатырнаццаты Далай-лама – гэта цудоўны прыклад бадхісатвы. Яго Святасць працуе нястомна, без перапынкаў, з ранняй раніцы і да позняй ночы. Яго працоўны дзень пачынаецца ў тры гадзіны ночы. Спачатку ён шмат гадзін медытуе, а астатак дня прысвячае таму, каб сустракацца з людзьмі і дапамагаць ім.

Аднойчы пасля працяглай паездкі Яго Святасць прыехаў у раён Спіці. Да гэтага ён ужо даваў мноства настаўленняў, і яго голас сеў з-за таго, што ён вельмі шмат гаварыў. Паколькі я не хацеў, каб ён вымотваў сябе яшчэ больш, я папрасіў яго заняць месца на троне і даць слухачам перадачу мантры спачування ОМ МАНІ ПАДМЭ ХУМ. Ён згадзіўся. Аднак, калі сесія пачалася, Яго Святасць сказаў, што, хоць я і папрасіў яго быць з сабой мякчэйшым, на самай справе ён добра спаў і вырашыў даць настаўленні, не жадаючы траціць час людзей, якія прыйшлі, дарэмна. Далей ён на працягу практычна трох гадзін без перапынку даваў настаўленні па тэксце «Аснова добрых якасцей», і за гэты час яго голас аднавіўся. 

Затым я праводзіў Яго Святасць у яго пакой, дзе ён зняў верхняе адзенне і лёг на канапу. Ён сказаў, што я магу быць вольны, бо ён адчуваў сябе вельмі стомленым. Аднак я не бачыў ніякіх прыкмет стомленасці на яго твары: на самай справе ён здаваўся вельмі бадзёрым. Я падумаў, што ніводны звычайны чалавек ва ўзросце 80 гадоў не змог бы працаваць так інтэнсіўна. Яго Святасць Далай-лама па-сапраўднаму дзіўны чалавек! 

Мне было цікава, у чым быў яго сакрэт. Гэта не што іншае, як спачуванне. Ён нястомна працуе, каб дапамагаць іншым істотам назаўжды вызваліцца ад пакуты. Мы можам гуляць у камп'ютарныя гульні па чатыры-пяць гадзін і не стамляцца, але Яго Святасці адзіным карысным заняткам бачыцца дапамога іншым істотам, таму ён не стамляецца. Чытаючы пра якасці бадхісатвы, да якіх адносяцца спачуванне, мудрасць, адвага і гэтак далей, мы без сумневаў разумеем, што Яго Святасць з'яўляецца бадхісатвай. 

Заключэнне

Бадхісатвы – гэта моцныя і спагадлівыя праваднікі, якія дапамагаюць сваім паслядоўнікам рухацца па шляху да прасвятлення. З дапамогай сваіх самаадданых учынкаў і настаўленняў яны служаць ролевымі мадэлямі для будыстаў і натхняюць нас развіваць у сабе такія ж якасці. Такім чынам, бадхісатвы працягваюць адыгрываць значную ролю ў духоўным жыцці мільёнаў будыстаў ва ўсім свеце, даруючы натхненне і ведучы па шляху тых, хто імкнецца здабыць мудрасць і спачуванне. 

Гледзячы збоку, мы ніяк не можам вызначыць, хто з'яўляецца бадхісатвай, а хто не. На самай справе кожны з нас можа стаць бадхісатвай. Калі мы прыкладаем намаганні да таго, каб стаць будай, а наша мэта – здабыць здольнасць дапамагаць усім істотам, то мы і ёсць бадхісатвы. Як было б цудоўна, калі ў нас было б не толькі жаданне, але і здольнасць дапамагаць іншым істотам і мы прысвячалі б свой час і сілы працы дзеля іх дабра. Калі мы па-сапраўднаму хочам прыносіць карысць іншым, спачатку трэба стаць бадхісатвай, пасля чаго мы зможам рухацца да прасвятлення. Нішто іншае не можа зрабіць жыццё больш асэнсаваным.

Top