Розум – гэта асабістае, суб'ектыўнае ўспрыманне аб'ектаў, якое пастаянна змяняецца ад моманту да моманту.
«Розум» – вельмі расплывістае паняцце, і ў розных мовах яно разумеецца па-рознаму. У будыйскага санскрыцкага тэрміна чыта, які азначае розум, ёсць мноства значэнняў. Гэта і пачуццёвае ўспрыманне, вербальныя і абстрактныя думкі, эмоцыі, пачуцці шчасця і няшчасця, увага, канцэнтрацыя, інтэлект і гэтак далей. Калі ў будызме гаворыцца пра розум, маюцца на ўвазе ўсе віды разумовай дзейнасці.
Гаворка ідзе не пра фізічную аснову – мозг, нервовую сістэму, гармоны і гэтак далей, і не пра хімічную ці электрычную актыўнасць. Будызм нічога з гэтага не адмаўляе: гэтыя рэчы існуюць і адыгрываюць сваю ролю ў агульнай карціне. Больш за тое, пад «розумам» не маецца на ўвазе нематэрыяльны аб'ект, які знаходзіцца ў мозгу і прымушае яго працаваць. Таксама будызм не прызнае калектыўнае несвядомае ці адзіную ўсеагульную свядомасць.
Каб уключыць субцітры, клікніце на іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Настройкі».
Што такое разумовая дзейнасць?
Калі розум – гэта асабістае, суб'ектыўнае ўспрыманне, што адбываецца, калі мы злуемся? Гнеў узнікае, і мы яго адчуваем, прычым гэтыя два працэсы адбываюцца адначасова. Яны апісваюць адну і тую ж падзею ў бесперапыннай плыні ўспрымання. Чыё гэта ўспрыманне? Калі я злуюся, гэта маё ўспрыманне, а не ваша. Аднак не існуе асобнага «мяне», якое націскае на кнопку «гнеў» на прыладзе пад назвай «розум». Мы проста частка ўспрымання.

Тое ж самае адбываецца, калі мы што-небудзь бачым, напрыклад яблык. Навуковае тлумачэнне заключаецца ў тым, што прамяні святла трапляюць у нашы вочы праз вясёлкавую абалонку і сустракаюцца са святлоадчувальнымі клеткамі сятчаткі. Гэта выклікае электрычныя імпульсы, якія перадаюць аптычную інфармацыю ў мозг, дзе яна апрацоўваецца. Суб'ектыўнае ўспрыманне гэтага – узнікненне ментальнай галаграмы яблыка. Гэта і азначае, што мы бачым. Але розум – не проста пустая прастора ў мозгу, у якой з'яўляецца галаграма яблыка, як гэта вынікае з выразу «ў маім розуме...».
Разумовыя галаграмы таксама могуць уяўляць гукі, пахі, смакі і фізічныя адчуванні, нават ва ўяўленні і ў снах. Эмоцыі і розныя ўзроўні шчасця і няшчасця, якія ўзнікаюць у сувязі з выдзяленнем гармонаў іншымі часткамі мозгу, таксама можна апісаць як разумовыя галаграмы.
Змесціва разумовых галаграм у кожны момант часу складаецца з мноства фактараў: гэта аб'екты, такія як зрокавыя вобразы або думкі, а таксама набор эмоцый і пэўны ўзровень шчасця і няшчасця.
[Гл.: Што такое шчасце?]
Нейрафізіялогія і будызм
У 1987 Далай-лама і чылійскі нейрабіёлаг Франсіска Варэла заснавалі Інстытут «Розум і жыццё», і з таго часу міжнародныя групы навукоўцаў і рэалізаваных будыйскіх настаўнікаў даследуюць узаемасувязь паміж розумам і мозгам. Нейрабіёлагі праназіралі актыўнасць мозгу ў пачаткоўцаў і вопытных медытуючых і выявілі, што рэгулярная медытацыя ўплывае на нейрапластычнасць мозгу. Дзякуючы медытацыі ствараюцца нейронныя шляхі, якія аблягчаюць канцэнтрацыю і ўзмацняюць станоўчыя эмоцыі, напрыклад спачуванне.
Такім чынам, заходняя навука і будызм дапаўняюць адно аднаго. Сумесная праца будыйскіх практыкаў і вядомых навукоўцаў – унікальная асаблівасць таго, што Далай-лама называе будызмам 21 стагоддзя.
Пад «розумам» будызм разумее разумовую дзейнасць, дзякуючы якой мы ўспрымаем усё ў нашым жыцці. Разумовая дзейнасць у кожны момант змяняецца, але яе заўсёды суправаджаюць розныя разумовыя фактары. Згодна з будызмам, мы не ахвяры таго, што адбываецца ў нашым жыцці. Мы самі адыгрываем ключавую ролю ў тым, што і як успрымаем. Трэніруючы свой розум, можна кардынальна змяніць сваё ўспрыманне. Калі пастаянна прыкладаць намаганні, змены не прымусяць сябе доўга чакаць.