Адзін дзень з жыцця будыста

У будыйскім вучэнні можна знайсці мноства парад для паўсядзённага жыцця. Давайце іх разгледзім.

Абуджэнне

Прачнуўшыся, перад тым як устаць з пасцелі, мы радуемся і адчуваем падзяку за тое, што ўсё яшчэ жывыя. Мы гатовыя сустрэць новы дзень і ўсталёўваем цвёрды намер:

  1. пражыць яго з карысцю,
  2. не растраціць марна каштоўную магчымасць працаваць над сабой і дапамагаць іншым.

Калі нам трэба ісці на працу, мы настройваемся на тое, каб быць засяроджанымі і прадуктыўнымі. Мы не будзем злавацца на калег па працы, праяўляць нецярпенне і бурчаць. Мы будзем з усімі прыязна, пры гэтым не марнуючы чужы час на бессэнсоўную балбатню. Калі мы сядзім з дзецьмі, то прымаем рашэнне не губляць цярпення, а з любоўю клапаціцца пра іх фізічныя і эмацыйныя патрэбы.

Ранішняя медытацыя

Звычайна мы крыху медытуем перад сняданкам. Нават калі мы ўсяго пяць ці дзесяць хвілін спакойна пасядзім, засяродзіўшыся на дыханні і стараючыся засяродзіцца, гэта будзе вельмі карысна.

[Гл.: Як медытаваць]

Мы таксама разважаем пра тое, як у сваім жыцці мы ўзаемазвязаныя з навакольнымі. Тое, што яны адчуваюць і як паступаюць, уплывае на нас і на ўсіх астатніх. Таму мы зараджаем сардэчнае пачуццё любові: «Няхай усе яны будуць шчаслівыя», і спачуванне: «Няхай яны будуць вольныя ад няшчасця і ўсіх праблем, з якімі сутыкаюцца». Мы прымаем рашэнне, што сёння пастараемся дапамагаць іншым так, як зможам, а калі не атрымаецца, хаця б устрымаемся ад прычынення шкоды.

Відэа: 17-ы Кармапа — «Медытацыя на кожны дзень»
Каб уключыць субцітры, клікніце на іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Настройкі».

Памятаванне на працягу дня

На працягу дня мы імкнемся падтрымліваць усвядомленасць у дачыненні да сваіх дзеянняў, слоў, думак і пачуццяў. У прыватнасці, мы заўважаем, ці не закрадваюцца ў наша сэрца турботныя эмоцыі, такія як гнеў, прагнасць, зайздрасць, рэўнасць, ганарыстасць і іншыя. Калі мы дзейнічаем эгаістычна, нячула, з жалем да сябе або зыходзячы з перадузятых меркаванняў, то адсочваем гэта. На больш тонкім узроўні мы імкнемся ўсведамляць, ці не складаем мы недарэчных гісторый – пра сябе, пра іншых, пра сітуацыі ў цэлым. Мы ўважлівыя да тых момантаў, калі пачынаем уяўляць, быццам доўгая чарга ніколі не скончыцца ці што ніхто не зможа нас пакахаць, – калі мы адчуваем сябе беднымі і няшчаснымі.

Заўважыўшы, што пад уплывам гэтых праблематычных эмоцый мы імпульсіўна дзейнічаем, гаворым або ў нас з'яўляюцца назойлівыя думкі, мы практыкуем іншы ўзровень усвядомленасці. Перш за ўсё, мы імкнемся спыніцца яшчэ перад тым, як зрабіць або сказаць тое, пра што мы потым пашкадуем. Калі мы ўжо нешта зрабілі, то неадкладна спыняемся, пакуль не зрабілі або не сказалі чаго-небудзь горшага. Тое ж самае і калі мы выяўляем сябе ў кругавароце негатыўнага мыслення. Мы ўспамінаем пра «проціяддзі», якія дапамагаюць супакоіць розум і ліквідаваць гэты ментальны і эмацыйны дысбаланс, і прымяняем гэтыя тэхнікі, пакуль да нас не вернецца эмацыйная раўнавага.

Прыклад, які будзе зразумелы амаль кожнаму: на працы ці дома хто-небудзь крытыкуе нас ці робіць тое, што нас сапраўды раздражняе.

  1. Мы ўспамінаем, што, калі накрычым на яго, гэта не дапаможа, і імкнемся супакоіцца, засяроджваючыся на дыханні, як падчас ранішняй медытацыі.
  2. Успамінаем, што кожны хоча быць шчаслівым і не хоча быць няшчасным, але большасць людзей, памыляючыся, здзяйсняюць дзеянні, якія толькі прыносяць больш праблем.
  3. Жадаем чалавеку, які вывеў нас з сябе, быць шчаслівым і валодаць прычынамі шчасця.
  4. Калі чалавек успрымальны да нашай парады, паказваем на непажаданыя наступствы яго дзеянняў.
  5. Калі іншы чалавек неўспрымальны, мы маўчым, ставячыся да таго, што адбылося, як да ўрока цярпення. Тым не менш, калі мы ў стане вырашыць падобны канфлікт, не трэба бяздзейна заставацца ў баку.

Калі іншыя крытыкуюць нас ці спрабуюць з намі спрачацца, мы імкнемся не ісці за ахоўным інстынктам, крытыкуючы ў адказ, а захоўваем спакой. Лепш прамаўчаць, а затым сумленна і аб'ектыўна праверыць, ці мае рацыю крытык. Калі крытыка справядлівая, мы просім прабачэння і выпраўляем памылку. Калі чалавек сказаў глупства, мы проста забываем пра гэта як пра нешта неістотнае. Аднак калі гэта тычыцца важнага пытання, можна сказаць чалавеку, што яго ацэнка была няслушная, але толькі без найменшага намёку на агрэсію.

[Гл.: 8 будыйскіх парад пра тое, як спраўляцца з гневам]

Вячэрняя медытацыя

Перад тым як легчы спаць, можна зрабіць яшчэ адну кароткую медытацыю, каб супакоіць розум пасля штодзённай руціны. Для гэтага мы зноў засяроджваемся на дыханні. Затым мы пераглядаем сітуацыі мінулага дня і тое, як мы з імі спраўляліся. Можа быць, мы страцілі цярпенне ці сказалі што-небудзь дурное? Калі так, мы шкадуем, што нам не хапіла самавалодання, а затым, без пачуцця віны, прымаем рашэнне пражыць заўтрашні дзень лепш. Калі мы спраўляліся з сітуацыямі мудра і з дабрынёй, мы таксама гэта заўважаем і радуемся, маючы намер працягваць рухацца ў гэтым кірунку. Затым мы кладзёмся спаць, з нецярпеннем чакаючы заўтрашняга дня, калі мы працягнем працаваць над сабой і дапамагаць іншым. Жывучы поўным і асэнсаваным жыццём, мы адчуем сябе па-сапраўднаму шчаслівымі.

Top