Этыка – сістэма маральных каштоўнасцей, якія ўплываюць на нашы паводзіны і дапамагаюць жыць больш шчаслівым жыццём. Кіруючыся этыкай, мы жывём сумленна, і тады навакольныя пачынаюць нам давяраць і становяцца нашымі сябрамі. Такім чынам, этыка – ключ да шчасця.
Будыйская этыка
У будызме этыка заснаваная на распазнавальным усведамленні. Мы выкарыстоўваем розум, каб адрозніваць тое, што прыносіць працяглае шчасце, ад таго, што стварае праблемы, якія зноў і зноў паўтараюцца. Размова не пра сляпое прытрымліванне спісу правілаў, а пра перакананасць, што прытрымлівацца этычных арыенціраў лагічна.
Калі мы сапраўды клапоцімся пра сябе, мае сэнс прымаць разумныя рашэнні наконт сваіх паводзін. Усе хочуць быць шчаслівымі і заслугоўваюць гэтага, у тым ліку мы самі [Гл.: Што такое шчасце?]. Нізкая самаацэнка вядзе да маральнай абыякавасці, а пачуццё ўласнай каштоўнасці вядзе да пачуцця ўласнай годнасці. Дзякуючы пачуццю ўласнай годнасці мы настолькі сябе паважаем, што ніколі не апусцімся да неэтычных паводзін. Мы будзем адчуваць, што гэта няправільна.
Мудрэц праходзіць праз гэты свет падобна пчале, якая, збіраючы нектар, не пашкоджвае кветкі, яе афарбоўкі і паху. – Дхамапада: Кветкі, страфа 49
Калі нам усё абыякава, мы адчуваем ізаляванасць, адзіноту і падаўленасць. Пачуццё этыкі дапамагае пераадолець абыякавасць. Мы будуем надзейныя сяброўскія адносіны, заснаваныя на даверы, і гэта становіцца фундаментам шчаслівага і паспяховага жыцця.
Этыка і абеты, заснаваныя на разважаннях
Будыйская практыка абапіраецца на здаровы сэнс. Калі мы будзем эгаістычнымі, злымі і высакамернымі з іншымі людзьмі, то як можам чакаць спакойнага і шчаслівага жыцця для сябе?
У будызме ёсць некалькі ўзроўняў абетаў. Напрыклад, у тыбецкай традыцыі манахі, якія прынялі поўнае пасвячэнне, прытрымліваюцца 253 абетаў. Многія міране прымаюць «пяць свецкіх абяцанняў»:
- устрымлівацца ад забойства жывых істот,
- ад прысваення таго, што не дадзена,
- ад недарэчных палавых паводзін,
- ад хлусні,
- ад ап'яняльных рэчываў.
Тыя, хто практыкуе будызм, даюць гэтыя абяцанні добраахвотна, каб іх лад жыцця спрыяў практыцы. Гэтыя правілы дапамагаюць рухацца ў правільным кірунку, а таксама ствараюць прычыны для шчаслівага і паспяховага жыцця.
[Гл.: Прыстанішча: надзейны і асэнсаваны напрамак у жыцці]
Этыка для паспяховага жыцця
Некаторыя лічаць, што поспех азначае дамагчыся велізарнага матэрыяльнага багацця і ўлады. Але нават дасягнуўшы гэтых мэтаў, мы не адчуваем задавальнення і пастаянна непакоімся, што страцім набытае. Чым больш у нас ёсць – асабліва калі мы атрымліваем гэта, выкарыстоўваючы іншых, – тым больш у нас ворагаў. Ніхто не скажа, што паспяховае жыццё – гэта калі навакольныя нас не любяць. Поспех азначае, што ў нас шмат сяброў і людзям прыемна быць у нашай кампаніі. Тады неважна, колькі ў нас грошай ці ўлады: у нас ёсць эмацыйная падтрымка, якая надасць сіл у любой сітуацыі.
Этычныя арыенціры паказваюць, якія паводзіны прыводзяць да шчасця, а якія ствараюць праблемы. Калі мы сумленныя і хочам, каб іншыя былі шчаслівыя, людзі давяраюць нам: яны бачаць, што мы не хочам іх падмануць, запалохваць або выкарыстоўваць. Гэты давер становіцца асновай нашага сяброўства з усімі, каго мы сустракаем. Побач з намі людзі не напружваюцца і адчуваюць сябе шчаслівымі: яны ведаюць, што ім няма чаго баяцца. Гэта робіць шчаслівымі і нас саміх. Хто хоча, каб іншыя былі напагатове ці трэсліся ад страху пры нашым набліжэнні? Усім падабаецца ўсмешка.
Людзі – сацыяльныя істоты. Мы маем патрэбу ў падтрымцы іншых, проста каб выжыць. Дапамога і клопат навакольных неабходныя нам не толькі ў бездапаможным маленстве або калі ў старасці, аслабелыя, мы апынаемся ў доме састарэлых, а на працягу ўсяго жыцця. Эмацыйная падтрымка, якую мы атрымліваем ад сяброўства, поўнага любові, робіць наша жыццё паўнавартасным. Развітае пачуццё этыкі дазваляе нам ствараць сяброўскія адносіны з усімі, каго мы сустракаем.
Каб уключыць субцітры, клікніце па іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Налады».