Што такое сацыяльна актыўны будызм?

Сацыяльна актыўны будызм – гэта сучасны рух, які прымяняе будыйскія навучанні і практыкі для вырашэння грамадскіх, палітычных, экалагічных і эканамічных праблем. Сваімі каранямі ў такіх каштоўнасцях, як спачуванне, мудрасць і ахімса (гвалт), сацыяльна актыўны будызм спрабуе аблегчыць пакуту не толькі на індывідуальным, але і на грамадскім і глабальным узроўнях.

Традыцыйна будызм у многіх выпадках памылкова ўспрымалі як містычнае, адарванае ад грамадства вучэнне. Аднак з гісторый пра жыццё Буды мы ведаем, што менавіта моцнае спачуванне да тых, хто быў побач з Будай – да людзей і жывёл, – прымусілі яго адправіцца на пошукі вызвалення ад пакуты дзеля ўсіх істот. Такім чынам, падыход, пры якім будыйская практыка становіцца сацыяльна актыўнай, падкрэслівае гэтую ўзаемасувязь асабістай трансфармацыі і грамадскіх перамен, паказваючы, што сапраўдны дабрабыт і, магчыма, нават прасвятленне, не могуць быць дасягнуты ў поўнай меры ў ізаляцыі ад сусветных праблем.

Вытокі сацыяльна актыўнага будызму

Тэрмін «сацыяльна актыўны будызм» быў папулярызаваны ў 20-м стагоддзі ў першую чаргу в'етнамскім дзэнскім майстрам Ціт Нат Ханам, які выступаў за выкарыстанне будыйскага вучэння для вырашэння вострых сусветных праблем, такіх як войны, разбурэнне навакольнага асяроддзя і сацыяльная несправядлівасць. Ціт Нат Хан пачаў сваю сацыяльную актыўнасць, калі на В'етнам абрынулася вайна: ён пакінуў адзіноту ў манастыры, каб дапамагаць пацярпелым. Аднак карані гэтага руху можна прасачыць у асноватворных навучаннях Буды.

Асноватворнае вучэнне Буды, напрыклад пра чатыры высакародныя ісціны або васьмярковы шлях, падкрэсліваюць важнасць спачування і ўсеагульнай узаемасувязі. Неад'емная частка гэтага вучэння – ідэя пра тое, што аблягчэнне пакуты не абмяжоўваецца асобнымі істотамі, але павінна распаўсюджвацца на ўсіх істот і на ўсе абставіны, якія ўвекавечваюць пакуту.

На працягу ўсёй гісторыі будыйскія супольнасці часта займаліся дабрачыннасцю, негвалтоўным супраціўленнем і актывізмам, накіраваным на дасягненне сацыяльнай справядлівасці, аднак сацыяльна актыўны будызм робіць гэты аспект традыцыі больш фармальным. Гэты рух заклікае будыстаў актыўна ўздзейнічаць на грамадскія, эканамічныя і экалагічныя структуры, якія ўзмацняюць калектыўную пакуту.

Уплыў Сулака Сіварака

Адна з самых уплывовых фігур у руху сацыяльна актыўнага будызму – Сулак Сіварак, тайскі вучоны, актывіст і сацыяльны крытык. Сіварак быў актыўным прыхільнікам аб'яднання будыйскіх прынцыпаў і сацыяльнай справядлівасці, эканамічнай роўнасці, экалагічнай устойлівасці, а таксама палітычных рэформ. Ён быў настолькі актыўным прыхільнікам, што яго мноства разоў арыштоўвалі і нават гвалтоўна адправілі ў часовае выгнанне. Ён быў у першых шэрагах у барацьбе супраць аўтарытарызму, у прасоўванні правоў чалавека, у абмеркаванні праблемы структурнай няроўнасці ў Тайландзе і ва ўсім свеце.

Актывісцкая дзейнасць Сулака Сіварака ўкараняецца ў перакананасці, што будыйскае вучэнне можа (і павінна) прымяняцца для таго, каб працаваць з карэннымі прычынамі пакуты ў грамадстве. Ён паслядоўна заклікаў да этычнага кіравання, абароны навакольнага асяроддзя і большай эканамічнай справядлівасці. У 1989 годзе ён заснаваў Міжнародную сетку неабыякавых будыстаў, натхніўшы сотні тысяч практыкаў па ўсім свеце паглядзець на будызм не проста як на шлях асабістага вызвалення, а як на сілу, якая ўдзельнічае ў сацыяльнай трансфармацыі.

Асноўныя прынцыпы сацыяльна актыўнага будызму

У сваёй сутнасці сацыяльна актыўны будызм шукае спосабы, як прымяніць актуальнае ва ўсе часы вучэнне Буды да вырашэння сучасных праблем. Гэты рух заснаваны на некалькіх ключавых прынцыпах, якія мы прывядзём ніжэй.

Узаемазвязанасць

Буда вучыў, што ўсе істоты і ўсе з'явы ўзаемазалежныя. Гэты прынцып, вядомы як пратыцья-самутпада (pratītyasamutpāda) – залежнае ўзнікненне – азначае, што ніхто не можа існаваць ізалявана. Сацыяльна актыўны будызм падахвочвае нас усвядоміць, што пакута часта ўзнікае ў выніку функцыянавання больш шырокіх сацыяльных, эканамічных і экалагічных сістэм. Такім чынам, каб ліквідаваць карэнную прычыну пакуты, неабходныя дзеянні і на ўзроўні асобных людзей, і на ўзроўні сістэм.

Напрыклад, разбурэнне навакольнага асяроддзя, беднасць і гвалт – гэта не ізаляваныя праблемы: яны глыбока ўзаемазвязаны з сусветнай палітыкай, з нашымі індывідуальнымі спажывецкімі паводзінамі і сацыяльнай няроўнасцю. Распазнаючы гэтую ўзаемасувязь, мы можам разглядаць і вырашаць дадзеныя праблемы сістэмна.

Спачуванне ў дзеянні

Спачуванне – цэнтральны элемент будыйскай практыкі, а сацыяльна актыўны будызм робіць націск на выражэнні спачування ў адчувальных дзеяннях. Спачуванне не абмежавана адной толькі эмпатыяй або добрымі думкамі: яно таксама мае на ўвазе актыўныя намаганні дзеля аблягчэння пакуты іншых істот. На практыцы гэта можа азначаць уцягнутасць у дзейнасць, якая накіравана на дасягненне сацыяльнай справядлівасці, падтрымку прыгнечаных сацыяльных груп, вырашэнне праблемы змянення клімату або абарону правоў чалавека. Праз спагадлівыя дзеянні мы бачым, што паміж асабістым духоўным ростам і аблягчэннем пакуты ў грамадстве няма супярэчнасці. На самай справе гэтыя шляхі ўзаемна ўзмацняюць адзін аднаго.

Негвалт

Негвалт – яшчэ адзін асноватворны прынцып сацыяльна актыўнага будызму, заснаваны на першым з пяці абетаў міран не прычыняць шкоды жывым істотам і не забіваць іх. Гвалт толькі ўвекавечвае пакуту і заганны круг нянавісці і падзелу, таму нам варта дзейнічаць з дабрынёй і павагай да ўсіх істот, адмаўляючыся ад прычынення шкоды ў любой форме – фізічнай, вербальнай або сістэмнай шкоды. Прынцып негвалту мае на ўвазе пратэст супраць войнаў, прыгнёту і ўсіх форм несправядлівасці. Такім чынам, сацыяльна актыўныя будысты часта займаюцца міратворчым актывізмам, дапамогай у перамовах, аднаўленнем міру.

Памятаванне і ўсведамленне

Сацыяльна актыўны будызм падахвочвае нас практыкаваць памятаванне (усвядомленасць) як інструмент, які дапамагае прачнуцца і ўбачыць рэальнасць пакут свету. Памятаванне дапамагае нам заставацца ў сучаснасці, усведамляць свае дзеянні і быць адкрытымі да патрэб іншых. Таксама памятаванне дапамагае нам разважаць пра тое, як наш лад жыцця, спажывецкія звычкі і ўдзел у сацыяльных сістэмах уносяць уклад альбо ў пакуту, альбо ў дабрабыт. З дапамогай памятавання мы можам больш усвядомлена ўзаемадзейнічаць з іншымі і з навакольным асяроддзем, а такім чынам будзем прымаць больш адказныя і спагадлівыя рашэнні.

Роўнасць

Сацыяльна актыўны будызм падкрэслівае важнасць справядлівасці і роўнасці ў сацыяльных структурах. Гэты прынцып заснаваны на факце, што ўсе мы аднолькава імкнемся да шчасця і не хочам пакутаваць. Мы можам працаваць на карысць эканамічнай справядлівасці, гендарнай і расавай роўнасці, абароны ўсіх істот – людзей і жывёл. Бачачы, што несправядлівасць – гэта крыніца пакуты, мы можам прыкладаць намаганні да дэканструкцыі сістэм, якія замацоўваюць няроўнасць, і да дасягнення справядлівага і спагадлівага стаўлення на ўсіх узроўнях.

Перавагі сацыяльна актыўнага будызму

Унутраны спакой

Уявіце, як гэта – актыўна ўзаемадзейнічаць са светам, кіруючыся спагадлівымі намерамі і здзяйсняючы спагадлівыя дзеянні. Гэта натуральным чынам выклікае пачуццё асабістай самарэалізацыі і ўнутранай супакоенасці, паколькі мы ведаем, што сваімі дзеяннямі прыносім карысць сабе і іншым. Калі мы ведаем, што мяняем свет да лепшага, асабліва для тых, хто пакутуе, у нас з'яўляецца мэта ў жыцці, а гэта, як было навукова даказана, робіць людзей больш шчаслівымі.

Згуртаваныя супольнасці

Амаль усе мы хочам жыць у шчаслівых, гарманічных супольнасцях. Праяўляючы дзейнае спачуванне ў адносінах да ўсіх істот (незалежна ад таго, хто яны і які іх сацыяльны статус), мы ствараем больш згуртаваныя, шчаслівыя і інклюзіўныя супольнасці. Калі ў грамадстве ўзрошчваецца дабрыня і ўзаемапавага, ад гэтага выйграюць усе.

Духоўны рост

Сацыяльная актыўнасць паглыбляе нашу духоўную практыку, дазваляючы развіваць спачуванне не на падушцы для медытацыі, а ў рэальным свеце. Яна дапамагае нам практыкаваць мноства якасцей, якія мы, магчыма, хочам развіць, напрыклад шчодрасць, калі мы дзелімся сваім часам і рэсурсамі, цярпенне ў адносінах да тых, з кім нам цяжка, цярпімасць да адрозных пунктаў гледжання. Такая практыка – неверагодна магутны спосаб назапасіць станоўчы патэнцыял і пракласці шлях да прасвятлення.

Заключэнне

Сацыяльна актыўны будызм – гэта шлях, які заклікае цалкам аб'яднаць духоўную практыку і грамадскую дзейнасць. Ён вучыць, што сапраўднае спачуванне не заканчваецца на падушцы для медытацыі, але ідзе ў свет і спрабуе ліквідаваць прычыны пакуты на сістэмным узроўні. І як асобныя асобы, і як супольнасці мы ўсе ўзаемазвязаны. Дабрабыт кожнага чалавека цесна звязаны з дабрабытам усіх. З дапамогай дзеянняў, заснаваных на памятаванні, шчодрасці, негвалце і прыхільнасці справядлівасці, мы ўсе можам спрабаваць стварыць больш спагадлівы, сумленны і спакойны свет для ўсіх істот.

Top