Карма – гэта разумовыя імпульсы, заснаваныя на паводзінскіх шаблонах. Гэтыя імпульсы падштурхоўваюць нас да таго, каб дзейнічаць, гаварыць і думаць пэўным чынам. Звычкі ствараюць у нашым мозгу нейронныя сувязі, якія ў пэўных абставінах прымушаюць нас паўтараць звыклыя схемы паводзін. Простымі словамі, нам хочацца што-небудзь зрабіць, а затым мы машынальна гэта робім.
Каб уключыць субцітры, клікніце на іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Настройкі».
Часта карму няправільна лічаць лёсам ці наканаванасцю. Калі хто-небудзь атрымлівае траўму або страчвае шмат грошай, людзі кажуць: «Што ж, не пашанцавала, гэта яго карма». Падобна на ідэю божай волі, якую мы не здольныя зразумець і кантраляваць. Але будыйскае ўяўленне пра карму зусім іншае. Карма – гэта ментальныя імпульсы, якія, напрыклад, прымушаюць нас накрычаць на таго, хто нас раздражняе, ці цярпліва пачакаць, пакуль мы супакоімся і зможам разабрацца з гэтай праблемай канструктыўна. Або, напрыклад, гэта імпульсы, з-за якіх мы зноў і зноў падварочваем шчыкалатку, спускаючыся па лесвіцы, або па звычцы спускаемся ўважліва.
Добры прыклад працы кармы – курэнне. Кожны раз, калі мы выкурваем цыгарэту, гэта становіцца патэнцыялам для таго, каб выкурыць яшчэ адну. Чым больш мы курым, тым мацней схільнасць. У канчатковым рахунку кармічныя імпульсы дакучліва падштурхоўваюць нас да таго, каб закурыць цыгарэту, нават не думаючы. Карма тлумачыць, што жаданне пакурыць узнікае з раней створанай звычкі. Курэнне прыводзіць не толькі да паўторнага імпульсу пакурыць зноў, але і ўплывае на фізічныя патэнцыялы ў целе, якія, напрыклад, выклікаюць рак. Як імпульс, так і захворванне на рак – вынікі нашых папярэдніх машынальных дзеянняў. Іх называюць паспяваннем кармы.
Змяненне сваіх звычак
Тэорыя кармы вельмі разумная, паколькі тлумачыць, адкуль з'яўляюцца нашы жаданні і чаму часам мы шчаслівыя, а часам несчаслівыя. Усё гэта ўзнікае ў сілу нашых звыклых мадэляў паводзін. Таму тое, што мы робім, і тое, што з намі адбываецца, не наканавана. Лёсу і фатуму не існуе.
Тэрмін «карма» азначае актыўную сілу, таму будучыня ў нашых руках. – 14-ы Далай-лама.
Можа здавацца, што мы рабы сваіх звычак, тым больш што нашы звыклыя паводзіны заснаваныя на трывалых нейронных сувязях. Але ў будызме гаворыцца, што любыя звычкі можна пераадолець. На працягу жыцця мы можам мяняцца і ствараць новыя нейронныя шляхі.
Калі ў нашым розуме з'яўляецца жаданне што-небудзь зрабіць, у нас ёсць выбар, пакуль кармічны імпульс не заахвоціў нас да дзеяння. Мы не робім усё, што прыходзіць нам у галаву. У рэшце рэшт, мы навучыліся хадзіць у туалет і не заўсёды робім гэта неадкладна, як толькі ўзнікае жаданне! Сапраўды гэтак жа, калі ў нас з'яўляецца жаданне сказаць тое, што закране пачуцці іншых, можна выбраць: «Сказаць ці прамаўчаць?» Магчыма, мы адчуем імгненную палёгку, калі выкажам раздражненне, накрычаўшы на чалавека, але звычка крычаць прывядзе да несчаслівага стану розуму. Усе мы ведаем, што, калі вырашыць канфлікт з дапамогай дыялогу, гэта прынясе нашмат больш шчасця і спакою. Менавіта гэтая здольнасць распазнаваць, што карысна, а што шкодна, адрознівае людзей ад жывёл. Гэта наша велізарная перавага.
Тым не менш, устрымацца ад разбуральнага ўчынку не заўсёды проста. Але зрабіць адпаведны выбар лягчэй, калі ў розуме з'яўляецца дастаткова прасторы для памятавання – усвядомленасці ў адносінах да нашых імпульсаў. Таму ў будызме гаворыцца пра важнасць развіцця памятавання [Гл.: Што такое медытацыя?]. Перастаючы спяшацца, мы становімся ўсё больш усвядомленымі ў адносінах да свайго мыслення і таго, што мы збіраемся сказаць ці зрабіць. Мы пачынаем заўважаць: «Мне хочацца сказаць тое, што закране іншага чалавека. Калі я гэта скажу, узнікнуць праблемы, таму я лепш прамаўчу». Так мы можам выбіраць. Калі нам не хапае памятавання, звычайна ў нашым розуме праносяцца незлічоныя думкі і пачуцці і мы машынальна робім усё, што прыходзіць у галаву. Гэта прыносіць бясконцыя праблемы.
Прадскажыце сваю будучыню
Можна прадугледзець, што будзе адбывацца з намі ў будучыні, на аснове нашых мінулых і цяперашніх кармічных паводзін. У доўгатэрміновай перспектыве канструктыўныя дзеянні прыносяць шчасце, а дэструктыўныя прыводзяць да непажаданых наступстваў.
Як саспее тое ці іншае кармічнае дзеянне – залежыць ад мноства фактараў і ўмоў. Калі мы падкінем мяч у паветра, можна прадказаць, што ён упадзе на зямлю. Аднак калі мы зловім мяч, ён не дасягне зямлі. Сапраўды гэтак жа, хоць на аснове мінулых дзеянняў мы можам спрагназаваць будучыню, гэты вынік не абсалютны, не наканаваны і не высечаны ў камені. На паспяванне кармы могуць паўплываць іншыя схільнасці, дзеянні, абставіны. Калі ў нас атлусценне і мы працягваем у велізарных колькасцях ужываць нездаровую ежу, можна з высокай верагоднасцю прадказаць дыябет. Але сеўшы на строгую дыету і страціўшы дастаткова вагі, мы, магчыма, не захварэем.
Калі мы ўдарыцца нагой, не трэба верыць у карму ці прычынна-выніковую сувязь, каб адчуць боль. Ён узнікне сам сабой. Калі мы зменім свае звычкі і разаўём больш карысныя, то атрымаем станоўчы вынік незалежна ад нашых перакананняў.