Шчасце – адчуванне стабільнага дабрабыту, душэўнага спакою і задаволенасці жыццём. Гэтае пачуццё ўсе мы шукаем увесь час. Нават крыху паспытаўшы яго, мы не хочам, каб яно праходзіла.
Часта людзі блытаюць шчасце і задавальненне, напрыклад, думаюць, што добрая ежа, дарагое адзенне і пастаянныя забавы зробяць іх шчаслівымі. Але чамусьці гэтага не адбываецца. Таксама мы схільныя лічыць, што будзем шчаслівыя, задаволіўшы ўсе нашы патрэбы і жаданні. Але на самай справе клопат толькі пра сябе вядзе да адзіноты і дэпрэсіі.
Часам мы адчуваем сябе дыскамфортна, застаючыся сам-насам са сваімі думкамі і эмоцыямі. Таму мы адцягваемся на музыку, камп'ютарныя гульні, ежу, сэкс і кар'еру. Але гэта не дае нам ні пачуцця еднасці з іншымі, ні сапраўднага шчасця.
Спадзеючыся адчуць шчасце і быць на сувязі з іншымі, мы часта звяртаемся да сацыяльных сетак. Мы можам адчуць кароткачасовы прыліў задавальнення, атрымліваючы паведамленні ад сяброў або лайкі за свае сэлфі, але ніколі не здавольваемся дасягнутым, зноў і зноў правяраючы тэлефон і неспакойна чакаючы новай «дозы». Але колькі б лайкаў ці паведамленняў мы ні атрымалі, пачуццё еднасці з іншымі чамусьці змяншаецца.
Буда сказаў, што найвялікшая крыніца сапраўднага шчасця – клопат пра іншых. Калі мы шчыра клапоцімся пра дабрабыт і шчасце іншых, наша сэрца раскрываецца, мы адчуваем сардэчную цеплыню і сувязь з іншымі. Мы самі адчуваем сапраўдны дабрабыт. Мы нават фізічна адчуваем сябе лепш. Клапоцячыся пра шчасце іншых, мы імкнемся як мага больш ім дапамагаць і пазбягаем таго, што можа прычыніць ім шкоду. Тады ў нас узнікае сяброўства, заснаванае на даверы, якое робіць наша жыццё больш асэнсаваным. Дзякуючы эмацыйнай падтрымцы сям'і і сяброў мы знаходзім сілы пераадольваць любыя жыццёвыя цяжкасці.
[Гл.: Што такое любоў?]
Але перш чым мы зможам клапаціцца пра шчасце іншых людзей, нам трэба пачаць з сябе. Калі мы не здольныя пажадаць шчасця сабе, як мы можам пажадаць яго іншым? У будызме жаданне шчасця ўключае ўсіх істот.
Шчасце залежыць ад унутранага спакою, а ён – ад дабрасардэчнасці. – 14-ы Далай-лама
Часта мы адчуваем сябе бездапаможнымі, няздольнымі паўплываць на тое, што адбываецца ў свеце. Тады мы думаем: «Гэта неважна. Навошта наогул турбавацца?» Але насамрэч мы ўплываем нават на незнаёмых людзей, калі клапоцімся пра іх дабрабыт і стараемся ім дапамагчы. Нават проста ўсміхнуўшыся каму-небудзь або прапусціўшы іншага чалавека ў чарзе, мы адчуваем, што змянілі нешта да лепшага. Гэта дае нам пачуццё ўласнай каштоўнасці: нам ёсць што даць, і гэта прыемна. Мы становімся больш шчаслівымі, адчуваючы задаволенасць сабой і сваім жыццём.
Такім чынам, мы адчуваем сувязь з іншымі, калі клапоцімся пра іх шчасце і імкнемся ім дапамагчы, замест таго каб думаць пра тое, як яны могуць зрабіць нас шчаслівымі і павысіць нашу самаацэнку. Усё проста зводзіцца да выбару паміж заклапочанасцю сабой і шчырым клопатам пра дабрабыт іншых.
Мы, людзі, – сацыяльныя жывёлы. Мы можам паўнавартасна жыць толькі тады, калі звязаныя з іншымі. Таму дабрыня, клопат і спачуванне да іншых – галоўнае, што нам трэба развіваць, каб жыць шчаслівым жыццём.
Каб уключыць субцітры, клікніце па іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Налады».