Дасягнуць прасвятлення азначае стаць будай. Гэта вяршыня чалавечага развіцця, поўнае раскрыццё нашага патэнцыялу і канчатковая мэта будызму. Дасягнуць прасвятлення здольны кожны.
Цяпер мы не буды – наадварот, наша жыццё поўнае праблем і пастаянных узлётаў і падзенняў. Мы затрымаліся ў такой сітуацыі, таму што наш розум аўтаматычна стварае абсурдныя праекцыі з нагоды ўсіх рэчаў, а мы верым у рэальнасць гэтых праекцый. Мы думаем, што нашы дзеянні прынясуць нам сапраўднае шчасце, але ў выніку пакутуем.
[Гл.: Што такое этыка?]
Звычайна мы робім што хочам, асабліва не задумваючыся, як гэта адаб'ецца на іншых: нам здаецца, што мы цэнтр сусвету і ўсе астатнія не маюць значэння. Але гэта не адпавядае рэчаіснасці, эгаістычна і прыносіць няшчасце і нам, і іншым. Каб стаць прасветленымі, трэба:
- пачаць разумець наступствы сваіх паводзін для сябе і для іншых і ўстрымлівацца ад разбуральных дзеянняў;
- ўсведамляць, як усё існуе на самай справе, не падманваючыся праекцыямі сваёй фантазіі.
Калі мы перастанем верыць у праекцыі, якія ствараюцца розумам, перастануць узнікаць і нашы турботныя эмоцыі, заснаваныя на памылцы, – гнеў, нянавісць, прагнасць, рэўнасць. Мы больш ніколі не будзем машынальна дзейнічаць пад уплывам негатыўных эмоцый. Для гэтага неабходныя:
- этычная самадысцыпліна, якая дае сілу ўстрымлівацца ад неразумных паводзін;
- засяроджанасць, якая прадухіляе адцягненне і млявасць;
- мудрасць, якая адрознівае карыснае ад шкоднага, правільнае ад ілжывага;
- эмацыйная раўнавага, якая ўзнікае дзякуючы развіццю станоўчых якасцей, такіх як любоў і спачуванне.
Але нават калі мы зможам супакоіць розум, гэтага недастаткова. Мы па-ранейшаму не будзем бачыць узаемасувязі і ўзаемазалежнасці абсалютна ўсіх з'яў і істот. З-за гэтага мы не будзем ведаць, як лепш за ўсё дапамагаць іншым.
Таму трэба стаць цалкам прасветленымі істотамі, будамі. Гэта стан, у якім наш розум наогул не стварае праекцый і мы ясна бачым узаемазалежнасць усіх рэчаў, дакладна ведаючы, як дапамагаць іншым. Энергія нашага цела бязмежная, мы можам дасканалым чынам мець зносіны з кожным, а наш розум разумее абсалютна ўсё. Мы ставімся да ўсіх жывых істот з такой любоўю, спачуваннем і клопатам, як калі б кожнае з іх было нашым любімым і адзіным дзіцем [Гл.: Што такое спачуванне?]. Мы дапамагаем іншым, не чакаючы нічога ўзамен. У стане прасвятлення мы ніколі не страчваем цярпення і не злуемся, не чапляемся за іншых і не ігнаруем іх з-за празмернай занятасці ці стомленасці.
Будучы прасветленымі, мы таксама ўсеведаючыя, але не ўсемагутныя. Мы не можам ліквідаваць пакуты іншых, а можам толькі накіраваць іншых, даючы вучэнне і паказваючы асабісты прыклад. Каб прайсці па шляху да прасвятлення ад пачатку і да канца, трэба:
- назапасіць велізарную колькасць станоўчай сілы, бескарысліва дапамагаючы іншым,
- удасканальваць сваё разуменне рэальнасці, перастаючы ствараць нерэалістычныя праекцыі.
Для гэтага ва ўсіх нас ёсць неабходныя рэсурсы – фізічнае цела і чалавечы розум. Падобна небу, нашы розум і сэрца па сваёй прыродзе не забруджаныя эмацыйнай блытанінай і неспакойнымі думкамі. Нам трэба толькі ўдасканальваць розум і сэрца, каб раскрыць іх патэнцыял.
Прасвятленне можа здацца нерэалістычнай мэтай, і дасягнуць яго сапраўды цяжка. Але ніхто і не казаў, што гэта проста! Аднак рух у гэтым кірунку надае нашаму жыццю сэнс. Калі мы ўсведамляем узаемасувязь з усімі істотамі, наша дэпрэсіўнасць і трывожнасць памяншаюцца. Падарожжа да прасвятлення на карысць усіх істот – самая вялікая прыгода. Гэта пачатак асэнсаванага і поўнага жыцця.
Каб уключыць субцітры, клікніце на іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Настройкі».