Захаваныя пісьмовыя крыніцы найстаражытнейшых чалавечых цывілізацый датычацца малітвы, ад шумерскіх храмавых гімнаў да старажытных егіпецкіх загавораў, звернутых да багоў. У нашы дні ва ўсіх асноўных рэлігіях свету ў тым ці іншым выглядзе прысутнічаюць малітвы. Хрысціяне, мусульмане і іўдзеі моляцца Богу, у той час як індуісты могуць выбіраць, каму з шырокага спісу бажаствоў узнесці малітву. На першы погляд будызм нічым не адрозніваецца. Схадзіце ў храм ці манастыр амаль у любой будыйскай краіне, і вы ўбачыце, як мноства людзей са складзенымі далонямі прамаўляюць словы перад статуямі Буды. Тыя, хто знаёмы з тыбецкім будызмам, ведаюць, што ў нас ёсць рэчы, якія перакладчыкі калісьці назвалі малітоўнымі ружанцамі, малітоўнымі барабанамі і малітоўнымі сцяжкамі.
У акце малітвы ўдзельнічаюць тры складнікі: чалавек, які ўзносіць малітву, аб'ект, да якога звернута малітва, і тое, дзеля чаго малітва ўзносіцца. Таму тэма малітвы ў будызме даволі складаная. Урэшце, каму і навошта моляцца будысты ў нетэістычнай рэлігіі, дзе няма Бога-творцы? Калі няма нікога, хто мог бы дараваць нам дабраславенне, то які сэнс маліцца? Галоўнае пытанне для будыстаў наступнае: «Ці можа хто-небудзь, акрамя нас, ліквідаваць нашы пакуты і праблемы?»
Калі мы хочам што-небудзь змяніць, адной малітвы недастаткова. Для змяненняў патрэбныя дзеянні. – Яго Святасць Чатырнаццаты Далай-лама
Буда вучыў, што ніхто, нават ён сам, пры ўсёй сваёй мудрасці і здольнасцях, не можа ліквідаваць усе нашы праблемы. Гэта немагчыма. Мы павінны самі ўзяць адказнасць за сябе. Калі мы не хочам сутыкацца з праблемамі і пакутамі, то трэба пазбягаць іх прычын. Калі мы хочам быць шчаслівымі, мы самі павінны ствараць прычыны шчасця. З будыйскага пункту гледжання мы можам дасягнуць гэтага, прытрымліваючыся чыстай маралі і этыкі. Толькі ад нас залежыць, ці зменім мы свае паводзіны і стаўленне, каб наша жыццё стала такім, якое мы хочам.
Каму моляцца будысты?
Пра што людзі просяць і каму моляцца, калі яны распасціраюцца перад статуямі, падносяць духмянасці ў храмах і начытваюць малітвы? І хоць ёсць людзі, якія думаюць: «Буда Шак'ямуні, прашу, няхай у мяне будзе мерседэс!» ці «Буда Медыцыны, калі ласка, ацалі мяне!», большасць будыйскіх настаўнікаў скажуць, што такія малітвы наўрад ці будуць карыснымі.
Замест гэтага ў будызме мы молімся будам і бадхісатвам, просячы ў іх натхнення і сілы працаваць над сабой, каб мы самі змаглі стварыць прычыны шчасця і прынесці іншым істотам столькі карысці, колькі зможам. Нічога незвычайнага не адбываецца: буды не адорваюць нас асаблівай сілай па ўзмаху чароўнай палачкі. Аднак думаючы пра буд, мы бачым іх як прыклад для пераймання. І тады мы становімся ўпэўненымі ў сваіх сілах і кажам сабе: «Я змагу!»
Будыйскія малітвы, такія як начытванне сутр, паўтарэнне мантр, а таксама візуалізацыя бажаствоў, патрэбныя для таго, каб злучыцца з нашай унутранай здольнасцю развіваць стваральныя эмоцыі, такія як спачуванне, энтузіязм, цярпенне і гэтак далей, а таксама здзяйсняць стваральныя ўчынкі і дапамагаць іншым істотам.

Сямічасткавая малітва
Сямічасткавая малітва – гэта даволі вядомая практыка, якая змяшчае сутнасць усяго будыйскага шляху. У ёй сем частак, у кожнай з якіх пэўны эфект:
(1) Я распасціраюся перад будамі, што служаць упрыгажэннем трох часоў, і перад Дхармай, і Сходам Вышэйшым, целамі пакланяючыся столькімі, колькі ў сусвеце атамаў.
(2) Гэтак жа, як Манджушры і іншыя вам паднашэнні рабілі, Пераможныя, я таксама паднашу дары вам, Так Сышлыя Абаронцы, і вашым сынам і дочкам духоўным.
(3) Я ў быцці сансарным без пачатку, і ў гэтым жыцці, і ў іншых, учынкі адмоўныя здзяйсняў міжволі і змушаў іншых [іх] здзяйсняць, а таксама, наіўнай блытанінай прыгнечаны, цешыўся [ім]; я ўсё, што натварыў, памылковым лічу, прызнаю адкрыта, шчыра перад тварам Абаронцаў.
(4) Шчаслівы, радуюся я сілы пазітыўнай акіяну ад мэты бадхічыты, што вы развілі, каб радасць прынесці ўсім істотам, што абмежаваныя, і вашым дзеянням, карысным для істот.
(5) Склаўшы далоні, малю буд усіх кірункаў: «Калі ласка, запаліце светач Дхармы для абмежаваных істот, што пакутуюць, брыдуць у цемры навобмацак».
(6) Склаўшы далоні, я малю Пераможных, гатовых выйсці за межы гора: «Прашу, незлічоныя эоны заставайцеся, не пакідаючы ў асляпленні тых, хто блукае».
(7) Якую б пазітыўную сілу я ні стварыў дзякуючы ўсяму, што зроблена цяпер і раней, няхай я тым самым цалкам пазбаўлю ад пакут усіх абмежаваных істот.
- Першая частка малітвы – гэта распасціранні. Мы распасціраемся перад будамі ў знак павагі да ўсяго, што яны ўвасабляюць: спачування, любові і мудрасці. Распасціраючыся, мы кранаемся падлогі верхняй часткай цела – галавой, – што таксама дапамагае пераадолець гардыню і культываваць сціпласць.
- Затым мы робім паднашэнні. Многія будысты падносяць чашы з вадой, аднак аб'ект паднашэння не такі важны. Што сапраўды важна – дык гэта матывацыя даяння: мы аддаём наш час, сілы і тое, што нам належыць. Гэтая матывацыя дапамагае нам пераадолець прывязанасць.
- Далей мы прызнаем свае недахопы і памылкі. Магчыма, часам мы лянівыя ці эгаістычныя, а часам нашы паводзіны разбуральныя. Мы прызнаем гэта, шкадуем і рухаемся далей з цвёрдым намерам імкнуцца не паўтараць тых жа памылак. Гэта дапамагае нам пераадолець уплыў адмоўных кармічных імпульсаў.
- Затым мы сурадуемся. Мы ўспамінаем усе свае добрыя справы і ўсе цудоўныя стваральныя дзеянні іншых істот. Мы таксама думаем пра неверагодныя ўчынкі буд. Гэта дапамагае пераўтварыць зайздрасць.
- Потым мы просім дараваць вучэнне, і гэта стварае ў нас успрымальны стан розуму. Мы гаворым: «Мы хочам вучыцца, мы хочам зрабіць шчаслівымі сябе і іншых істот!»
- Мы молім настаўнікаў не пакідаць нас. У папярэдняй частцы мы адкрыліся вучэнню, а цяпер мы хочам, каб настаўнікі засталіся з намі і вучылі нас, пакуль мы не дасягнем поўнага прасвятлення.
- Нарэшце, мы даходзім да самага важнага этапу – прысвячэння. Мы прысвячаем усю назапашаную станоўчую сілу, каб яна прынесла карысць нам і ўсім іншым істотам.
Як відаць на прыкладзе гэтай малітвы, мэта будызму не ў тым, каб нейкая знешняя істота спусцілася да нас і выратавала нас ад усіх нашых праблем. У адной прыказцы гаворыцца: «Ты можаш прывесці каня да вады, але не можаш прымусіць яго піць». Іншымі словамі, буды паказваюць нам шлях, але нам самім трэба прыкласці намаганні, каб пераадолець прывязанасць і неўсведамленне, а таксама раскрыць бязмежны стваральны патэнцыял, якім мы ўсе валодаем.
Заключэнне
Хоць звонку ў будызме ёсць рытуальныя прадметы і малітвы, іх сэнс не ў тым, каб прасіць дапамогі ў нейкай знешняй істоты ў паўсядзённым жыцці. Буды і бадхісатвы – дасканалыя ўзоры для пераймання, якія паказваюць шлях ад таго пункта, у якім мы знаходзімся цяпер, да поўнага прасвятлення. Узносячы малітвы будам і бадхісатвам, мы атрымліваем ад іх натхненне і абуджаем свае ўнутраныя здольнасці: бязмежнае спачуванне, любоў, мудрасць – увесь патэнцыял, які тоіцца ўнутры нас.