Тэорыя эвалюцыі Дарвіна разглядае працэс натуральнага адбору, а таксама змяненне біялагічных цел у розных відаў на працягу часу. Выкладзеныя ў яго працы «Паходжанне відаў» ідэі ў той час лічыліся ерэтычнымі, бо тэорыя супярэчыла канцэпцыі ўсемагутнага Бога, які стварыў застылы свет і ўсіх нязменных істот у ім. Хоць нават у нашы дні тэорыя эвалюцыі не вельмі спалучаецца з некаторымі рэлігіямі, вучэнне будызму ні ў чым не супярэчыць асноўным палажэнням гэтай тэорыі. На самай справе для будыстаў гэтая тэорыя цалкам суадносіцца з вучэннем Буды пра залежнае ўзнікненне, а не крэацыянізм, а таксама з першай з чатырох характарыстык («пячатак») Дхармы – непастаянствам. З'явы пастаянна ўзнікаюць і развіваюцца на аснове мноства прычын і ўмоў, і было б дзіўна, калі б як людзі, так і жывёлы не з'яўляліся часткай гэтай вялікай плыні непастаянства.
Гэта не азначае, што будыйскае бачанне часу і эвалюцыі цалкам адпавядае таму, што сцвярджаў Дарвін. Тэорыя Дарвіна засяроджваецца на біялагічных і фізічных асновах, на якіх можа ўзнікнуць свядомасць. І хоць у гэтай тэорыі прысутнічае думка, што па меры ўскладнення жывых арганізмаў павышаецца і іх узровень усведамлення, гэтая ідэя не развітая так глыбока, як у Буды, калі ён апісваў эвалюцыю ўсведамлення ад ніжэйшых формаў жыцця да цалкам прасветленага буды. Акрамя таго, Дарвін разважае пра эвалюцыю свядомасці ў відаў у цэлым, у той час як у будызме апроч гэтага гаворыцца пра эвалюцыю ўсведамлення ў асобных істот.
Больш за тое, эвалюцыя паводле Дарвіна мае на ўвазе паступовае і пастаяннае «паляпшэнне», гэта значыць істоты паступова развіваюцца, трансфармуючыся ў больш прыстасаваныя для выжывання формы жыцця і лепш здольныя даваць патомства. У будыйскім вучэнні гаворыцца, што любая жывая істота можа перарадзіцца ў самых розных формах: гэта не лінейны працэс паляпшэння. Асобныя істоты і цэлыя віды могуць рэгрэсаваць у залежнасці ад кармы, прычын і ўмоў. Такім чынам, хоць у некаторых падрабязнасцях ёсць неадпаведнасці, у цэлым прынцып эвалюцыі прысутнічае ў абедзвюх сістэмах.
Эвалюцыя і распад Сусвету
На думку вучоных, адлік часу пачынаецца з Вялікага выбуху (велізарнага, хуткага расшырэння Сусвету, якое адбылося 14 мільярдаў гадоў таму), у выніку якога 4 мільярды гадоў таму сфарміравалася наша планета. З цягам часу газападобны вадарод ператварыўся ў розныя зоркі і планеты, а на гэтай планеце, якую мы цяпер называем Зямлёй, узніклі аднаклетачныя арганізмы. Затым яны станавіліся ўсё больш складанымі і ператварыліся ў розныя развітыя формы жыцця, якія мы можам назіраць у нашы дні. Таксама вучоныя гавораць, што яшчэ мільярды гадоў Сусвет будзе расшырацца і эвалюцыянаваць, пасля чаго ён распадзецца, і ёсць некалькі розных тэорый, як гэта адбудзецца.
Буда казаў пра эвалюцыю і канчатковы распад Сусвету ў «Сутры пра веданне пачаткаў» (палі: Агання-сута). У гэтай сутры Буда таксама разглядае фарміраванне і паступовае разбурэнне навакольнага асяроддзя на нашай планеце, узнікненне і знікненне розных формаў жыцця, развіццё і знікненне розных грамадстваў. Адно з адрозненняў паміж пазіцыямі сучаснай навукі і будызму – у тым, што Буда сцвярджаў, што ўзнікненне, існаванне і разбурэнне Сусвету – гэта ўсяго толькі частка аднаго з мноства цыклаў, а ў часу няма ні пачатку, ні канца. У сутры гаворыцца:
Рана ці позна, праз доўгі час, Васетха, гэты свет распадзецца. <...> Аднак рана ці позна, праз вельмі доўгі час гэты свет эвалюцыянуе. <...> У гэтыя часы, Васетха, ёсць толькі адна суцэльная маса вады, і ўсюды цемра, асляпляльная цемра. Не відаць ні сонца, ні месяца, ні зорак, ні сузор'яў, няма ні дня, ні ночы, няма ні месяцаў, ні паўмесяцаў, няма ні пораў года, ні гадоў, няма ні мужчынскага, ні жаночага. Істоты [проста] вызначаюцца як істоты...
Тут мы можам убачыць, што Буда цалкам ясна кажа пра цыклы сусветных сістэм, згадваючы таксама жывых істот. Далей у сутры гаворыцца пра ўзнікненне палоў і пра развіццё грамадстваў, у якіх людзі дзеляцца на розныя класы. Затым апісваецца, як навакольнае асяроддзе і істоты, якія яго насяляюць, дэградуюць і знікаюць.
Паводле гэтай сутры і вучэннем будызму пра залежнае ўзнікненне і непастаянства, няма супярэчнасці ў тым, каб прыняць навуковыя тэорыі Вялікага выбуху або тэорыі, якія апісваюць распад Сусвету.
Эвалюцыя цел
Цяпер давайце больш падрабязна разгледзім эвалюцыю біялагічных цел. У тэорыі эвалюцыі ёсць дакладнае ўяўленне на гэты конт: мы ўсе развіліся з аднаклетачных арганізмаў. У тэорыі Дарвіна гаворыцца пра прагрэсіўную эвалюцыю, у межах якой істоты эвалюцыянуюць ад ніжэйшых формаў да вышэйшых. Іншымі словамі, існуе прыроджаная тэндэнцыя эвалюцыянаваць толькі ў бок паляпшэння. У гэтым выпадку мы гаворым толькі пра фізічную аснову, таму што ў кантэксце будыйскага вучэння мы б сказалі, што існуе велізарная розніца паміж фізічнымі формамі жыцця, якія існуюць на планеце, і ментальным кантынуўмам істот, што перараджаюцца ў гэтых формах.
Раней планету насялялі дыназаўры, але цяпер яны вымерлі. Чаму мы не можам перарадзіцца дыназаўрам у нашы дні? Паводле навуковых тэорый, каля 66 мільёнаў гадоў таму катаклізм прывёў дыназаўраў да вымірання, а млекакормячыя (да якіх адносімся і мы, людзі) сталі развівацца далей. Паводле тэорыі Дарвіна мы б сказалі, што дыназаўры вымерлі з-за таго, што не прайшлі натуральны адбор. «Выжывае найбольш прыстасаваны», як кажуць.

З будыйскага пункту гледжання, для таго каб кармічныя сілы і патэнцыялы саспелі, неабходна, каб з'явіліся прыдатныя абставіны. Абставіны, пры якіх можна перарадзіцца дыназаўрам, папросту адсутнічаюць у гэты момант на нашай планеце. Замест гэтага ёсць шматлікія іншыя фізічныя асновы для перараджэння. Яны таксама з цягам часу змяняюцца. Вядома, калі ў гэты момант на якой-небудзь планеце ў іншай частцы нашага Сусвету ёсць дыназаўры, то паводле вучэння будызму мы б сказалі, што там можна перарадзіцца дыназаўрам!
Падчас дыскусіі, якую Яго Святасць Далай-лама вёў з вучонымі, у яго спыталі, ці могуць камп'ютары стаць жывымі істотамі, ці змогуць яны аднойчы здабыць розум. Далай-лама даў цікавы адказ: калі камп'ютары або робаты стануць дастаткова складанымі, каб яны маглі паслужыць асновай для ментальнага кантынуўму, то ў нас няма прычын меркаваць, што ментальны кантынуўм не зможа ў адным з жыццяў злучыцца з цалкам неарганічнай машынай у якасці фізічнай асновы.
Гэта не азначае, што камп'ютар – гэта розум. Гэта не азначае, што мы можам штучна стварыць розум у камп'ютары. Тым не менш, калі камп'ютар будзе дастаткова складаным, ментальны кантынуўм зможа далучыцца да яго і выкарыстоўваць камп'ютар як фізічную аснову. Гэта куды больш незвычайная і прагрэсіўная ідэя, чым тэорыя Дарвіна!
Чаму Буда не расказаў пра эвалюцыю больш?
Паколькі будысты глядзяць на Буду як на ўсёведную істоту (пасля дасягнення поўнага прасвятлення ён ведаў усё), мы маглі б задацца пытаннем: чаму Буда не стаў расказваць пра будову Сусвету і эвалюцыю істот больш падрабязна?
Калі казаць у цэлым, усё, чаму вучыў Буда, было накіравана на тое, каб весці людзей па шляху вызвалення і прасвятлення. Ён расказваў пра велізарныя цыклы, праз якія праходзяць сусветы і істоты, якія іх насяляюць, для таго, каб дапамагчы людзям зразумець рэдкасць таго каштоўнага чалавечага нараджэння, якое яны маюць цяпер. Ведаючы, наколькі гэта рэдкае нараджэнне, як складана яго здабыць зноў, людзі будуць цаніць яго па вартасці, і гэта натхніць іх атрымаць максімум карысці з цяперашняй сітуацыі, каб рухацца ў напрамку духоўных мэтаў. Буда прыйшоў у наш свет не для таго, каб вучыць касмалогіі або астрафізіцы.
Лічыцца, што разважаць на тэмы, якія не адпавядаюць гэтай мэце, – значыць дарэмна марнаваць час і сілы. Разважанні пра Сусвет і колькасць істот, якія яго насяляюць, калі розум поўны блытаніны, а намі кіруюць трывожныя эмоцыі – асабліва калі ў нас неадпаведныя рэчаіснасці ўяўленні пра жывых істот – будуць толькі адводзіць нас ад мэты (вызваліцца і дапамагчы іншым істотам). Гэта можа скончыцца тым, што мы толькі прымножым блытаніну.
Ёсць некалькі гісторый з жыцця Буды, якія ілюструюць гэты пункт гледжання. Напрыклад, у Буды спыталі, ці вечны Сусвет і ці працягвае «я» існаваць пасля смерці. У кожным з выпадкаў Буда захоўваў маўчанне і не адказваў на пытанні. Урэшце Буда сказаў, што калі людзі заблытаныя і вераць у стварэнне свету і нязменную, створаную душу, то любы адказ, які б ён даў, толькі паглыбіць гэтую блытаніну. Калі не існуе ніякай нязменнай, створанай душы, то які сэнс пытацца, колькі існуе такіх душ: бясконца шмат ці абмежаваная колькасць?
Гэтае вучэнне цудоўнае само па сабе. Бо ці дапаможа сапраўды веданне пра памеры Сусвету або колькасць істот у ім – нават калі ў нас будзе дакладная інфармацыя пра іх існаванне – пераадолець пакуты і праблемы? Ці зможам мы лепш дапамагаць іншым істотам? Буда сказаў, што мы памром, перш чым зможам вырашыць гэтыя пытанні, і такім чынам змарнуем гэтае каштоўнае чалавечае жыццё. Падобныя разважанні не даюць нам нічога карыснага, акрамя, магчыма, забаўкі. Што сапраўды важна – дык гэта распазнаць рэальнасць цяперашніх абставін і атрымаць карысць з тых рэдкіх магчымасцей, якія ў нас ёсць. Разумеючы, што мы знаходзімся ў сансары, але ў той жа час валодаем каштоўным чалавечым целам і розумам, мы можам выкарыстоўваць гэтыя цела і розум, каб пераадолець пакуты і дапамагчы ўсім істотам. Мы можам практыкаваць метады, якія прыводзяць да поўнага прасвятлення. А калі дасягнем прасвятлення, то, магчыма, мы атрымаем адказы на ўсе гэтыя невырашальныя пытанні!