Пяць будыйскіх прынцыпаў для вядзення бізнесу

Будызм часта асацыюецца з медытацыяй. Але ў ім таксама ёсць мноства адкрыццяў пра спосабы мыслення, якія можна прымяняць у любой сферы. Паглядзім на некаторыя будыйскія прынцыпы, якія могуць дапамагчы нам кіраваць любым праектам або бізнесам.

Вызначыце мэту

У будызме падкрэсліваецца важнасць яснага разумення нашай мэты і напрамку, у якім мы рухаемся, яшчэ да таго, як мы пачнём будыйскую практыку. Будыйская мэта – цалкам пазбавіцца трывожных эмоцый і раскрыць увесь патэнцыял свайго розуму і сэрца. Гэты канчатковы стан называецца «прасвятленнем».

Сапраўды гэтак жа, калі мы пачынаем праект або бізнес, важна вызначыць мэту. Ці гэта прыбытак? Ці, можа, стварэнне пэўнай каштоўнасці для пакупнікоў або вырашэнне пэўнай складанай праблемы, з якой яны сутыкаюцца? Чым дакладней вызначана мэта, тым прасцей будзе зразумець, які шлях да яе прывядзе, і тым вышэйшая верагоднасць яе дасягнення.

Прытрымлівайцеся прынцыпу прычынна-выніковай сувязі

Вызначыўшы мэту, трэба зразумець, якія прычыны прывядуць да яе. Прычыны прасвятлення – спыненне нашых дэструктыўных паводзін і трэніроўка добрых якасцяў нашага розуму, звыканне з канструктыўным і рэалістычным успрыманнем свету і ўзаемадзеянне са светам у межах такога ўспрымання.

Пачынаючы бізнес-праект, трэба з дапамогай логікі зразумець, якія прычыны прывядуць нас да канчатковай мэты. Гэты працэс падобны да зваротнай інжынерыі: мы рухаемся назад па лагічнай паслядоўнасці дзеянняў, якія прывядуць нас да дасягнення мэты. Гэты працэс дапамагае вызначыць неабходныя крокі для дасягнення мэты і закладвае падмурак для складання плана праекта.

Спачуванне: вырашыце праблему кліента

Адзін з найважнейшых будыйскіх прынцыпаў – спачуванне. Паводле вучэння Буды:

Спачуванне – гэта жаданне, каб іншыя вызваліліся ад пакут.

Якое дачыненне гэта мае да бізнесу? Бізнес вырашае праблему кліента. Калі кампанія можа прапанаваць новае, лепшае рашэнне, яна будзе самай канкурэнтаздольнай. Таму самае важнае – зразумець праблему патэнцыйнага кліента і праявіць эмпатыю. Трэба вызначыць рэальную праблему і заўсёды памятаць пра яе – праблему, з якой сутыкаецца мэтавая аўдыторыя. Зразумеўшы праблему, мы стараемся знайсці лепшае рашэнне. Гэта падыход да бізнесу з арыентацыяй на кліента або карыстальніка: у яго аснове ляжыць спачуванне.

Непастаянства: адаптуйцеся да зменлівага свету

Будыйскі аналіз дае яшчэ адно каштоўнае адкрыццё адносна рэальнасці: усё пастаянна змяняецца – мы самі, свет і людзі вакол нас. Вельмі лёгка палічыць тую ці іншую ідэю відавочнай і непарушнай, але ў хутка зменлівай рэальнасці гэта часта прыводзіць да вузкага мыслення, упартасці і нягнуткасці.

Возьмем для прыкладу Netflix. У Netflix зразумелі, што інтэрнэт змяніў звычкі людзей, звязаныя з праглядам відэа. Старое мысленне прапаноўвала толькі адно рашэнне для тых, хто хоча што-небудзь паглядзець: узяць DVD напракат. Але ў Netflix зразумелі, што гэта можна зрабіць прасцей, з дапамогай стрымінгу відэа праз інтэрнэт. Астатнія кампаніі ў індустрыі спажывання відэа не ўсведамлялі непастаянства рынку і звычак карыстальнікаў. Netflix усвядоміў гэта першым і назаўжды змяніў усю індустрыю.

Этыка: паважайце сябе, сваю каманду і спажыўца

Будыйская этыка заснаваная на прынцыпе негвалту. Мы ўсведамляем, што кожны хоча быць шчаслівым і не пакутаваць. Калі мы дзейнічаем, зыходзячы з гэтага разумення, і стараемся не шкодзіць іншым, то заваюем іх павагу і давер.

Калі мы паважаем калег, гэта стварае ў камандзе давер і ўзаемаразуменне. Мы стараемся не гаварыць непрыемных слоў пра іншых ні за іх спіной, ні ў твар, а таксама стараемся быць празрыстымі. Чым больш мы паважаем спажыўца, тым больш даверу і лаяльнасці ён адчуе да нас. Самыя паспяховыя кампаніі, такія як Zappos, будавалі мадэль свайго бізнесу на павазе да патрэб спажыўца, на непрадузятасці і празрыстасці сярод супрацоўнікаў.

Відэа: Мацьё Рыкар – «Рэвалюцыя памятавання»
Каб уключыць субцітры, клікніце па іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Налады».

Заключэнне

Каб умацаваць наш бізнес, мы можам выкарыстоўваць пяць будыйскіх прынцыпаў:

  • вызначыце мэту,
  • прытрымлівайцеся прынцыпу прычынна-выніковай сувязі,
  • развівайце эмпатыю і спачуванне да спажыўца,
  • памятайце пра непастаянства, будзьце гнуткімі і вынаходлівымі,
  • прытрымлівайцеся этычных прынцыпаў, паважайце калег і спажыўцоў.
Top