Што рабіць з матэрыялізмам

Матэрыяльныя рэчы даюць толькі фізічны камфорт, але не разумовы. Мозг чалавека з матэрыялістычнымі поглядамі такі ж, як у нас. Таму ўсе мы адчуваем душэўны боль, адзіноту, страх, сумненні, зайздрасць. Гэтыя пачуцці турбуюць розум кожнага. Вылечыць падобнае грашыма немагчыма. Некаторыя людзі, розум якіх засмучаны, якія знаходзяцца ў стане моцнага стрэсу, прымаюць лекі. Лекі часова змяншаюць стрэс, але прыносяць шмат пабочных эфектаў. Вы не можаце купіць спакой розуму. Ніхто не прадае яго, але ўсе хочуць яго атрымаць. Многія людзі прымаюць транквілізатары, але сапраўдныя лекі для напружанага розуму – гэта спачуванне. Вось чаму людзям з матэрыялістычнымі поглядамі неабходна спачуванне.

Відэа: Цэншаб Серконг Рынпочэ II – «Важнасць спачування да сябе»
Каб уключыць субцітры, клікніце па іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Налады».

Спакой розуму – найлепшыя лекі для добрага здароўя. Ён прыносіць раўнавагу фізічных элементаў. Тое ж самае тычыцца і дастатковай колькасці сну. Калі мы спім з мірам у душы, мы не адчуваем непакою і нам не патрэбныя снатворныя. Многія людзі прыкладаюць намаганні, каб іх твар быў прыгожым. Але калі вы злуецеся, колькі б касметыкі вы ні выкарыстоўвалі, гэта не дапаможа. Вы ўсё роўна будзеце непрыгожымі. Але калі вы не злуецеся, а ўсміхаецеся, то ваш твар становіцца прывабным і больш прыгожым.

Калі мы прыкладаем вялікія намаганні, каб развіваць спачуванне, то, нават калі раззлуемся, гэта будзе ненадоўга. Гэта падобна да моцнай імуннай сістэмы. Калі вірус трапляе ў арганізм, ён не выклікае вялікіх праблем. Таму нам неабходны цэласны погляд і спачуванне. Тады, дзякуючы звыканню з узаемазвязанасцю ўсіх і яе аналізу, мы станем мацнейшымі.

Ва ўсіх нас аднолькавы патэнцыял дабрыні. Так што паглядзіце на сябе. Усвядомце ўвесь свой станоўчы патэнцыял. Вы валодаеце не толькі адмоўным патэнцыялам, але і патэнцыялам для развіцця добрых якасцяў. Зыходная чалавечая прырода хутчэй станоўчая, чым адмоўная. Наша жыццё пачынаецца са спачування. Такім чынам, насенне спачування мацнейшае за насенне гневу. Так што глядзіце на сябе ў станоўчым ключы. Гэта зробіць ваш настрой больш спакойным. Тады, калі ўзнікнуць праблемы, пераадолець іх будзе лягчэй.

Вялікі індыйскі будыйскі майстар Шантыдэва пісаў, што калі нам трэба сутыкнуцца з праблемай і, прааналізаваўшы яе, мы знаходзім спосаб яе пазбегнуць або пераадолець, то няма чаго перажываць. А калі мы не можам яе пераадолець, то хваляванне нічым не дапаможа. Прыміце рэальнасць.

Top