Наш свет часта здаецца вар'яцкім месцам. Дастаткова ўключыць навіны: Тэрарысты нападаюць! Эканамічны крызіс! А пра праблемы навакольнага асяроддзя нават не пытайцеся. Ад гэтага не хочацца ўставаць з ложка да канца тыдня.
І гэта толькі ў навакольным свеце, а нам даводзіцца мець справу яшчэ і з уласным жыццём. Куды паехаць у адпачынак? Як глядзець у вочы калегу, які толькі што атрымаў павышэнне, якога мы так адчайна дабіваліся? Чым займацца ў жыцці, як ім распарадзіцца?
Калі мы былі маладзейшымі, нам казалі, што мы можам стаць кім захочам: «Проста ідзі за сваёй марай». Але колькі з нас жывуць так, як марылі? Колькі з нас гартае стужкі сацыяльных сетак, зайздросцячы тым, каму, як здаецца, гэта ўдалося? Усе гэтыя пляжныя адпачынкі і бездакорна белыя зубы – нехта ж знайшоў ключ да паспяховага жыцця, а мы затрымаліся ў змрочным офісе.
Каб уключыць субцітры, клікніце па іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Налады».
Ідэя «шчасця» можа здавацца казкай або чарговым рэкламным слоганам: мы працуем цяпер, каб атрымаць асалоду потым, у нявызначанай будучыні. Але колькі б намаганняў мы ні прыкладалі, шчасце не гарантавана. Адны людзі атрымліваюць навуковыя ступені, а ў выніку працуюць у McDonald's, іншыя становяцца неверагодна багатымі і знакамітымі, але гэта не прыводзіць ні да чаго, акрамя дэпрэсіі і самагубства. Усё гэта выклікае ў нас трывогу з нагоды таго, што адбываецца ў жыцці, а гэта прыводзіць да сацыяльнай трывогі, калі мы пастаянна параўноўваем сябе з іншымі. Нам няёмка сустракацца позіркам з іншымі людзьмі, і, адчуваючы няўпэўненасць, мы спрабуем схавацца за экранам смартфона.
Вось эпідэмія нашага часу. Яна можа не здавацца такой жа небяспечнай, як СНІД, рак або дэпрэсія, але трывога адбірае ў нас сілы і стварае пастаяннае фонавае пачуццё дыскамфорту. З-за яго мы хочам адцягнуцца на новыя тэлесерыялы і прагляд стужкі Facebook: застацца сам-насам са сваімі думкамі здаецца невыносным. Каб жыццё стала цярпімым, нам патрэбныя навушнікі і бесперапынная музыка.
Так быць не абавязкова. Мы ўсе ведаем, што трэба быць удзячнымі за тое, што ёсць у нашым жыцці, і не параўноўваць сябе з іншымі. Але што гэта насамрэч азначае? Як пераадолець трывогу?
Зрабіце крок назад
Трэба зірнуць збоку, прааналізаваць сваё жыццё. Гучыць сумна, але без гэтага не абысціся. Чаго мы хочам ад жыцця? Няма аднаго правільнага шляху для ўсіх, але і да нас былі людзі, якія ішлі тым жа шляхам. Магчыма, мы хочам стаць рок-зоркай, але ці будзем мы так ужо шчаслівыя, калі папарацы пачнуць пераследаваць нас 24 гадзіны ў суткі 7 дзён у тыдзень? Ці становяцца рок-зоркі больш шчаслівымі з гадамі? Колькі з іх пачынае ўжываць алкаголь ці наркотыкі? Трэба падумаць, ці гатовыя мы ўкладваць у гэта час і сілы.
Знайдзіце прыклад для пераймання
Калі мы выявілі, што робіць наша жыццё больш шчаслівым і асэнсаваным, наступны крок – знайсці таго, хто ўвасобіў гэта ў сваім жыцці. Каб стаць вялікім музыкам або футбалістам, трэба практыкавацца. Нават каб навучыцца хадзіць, нам давялося трэніравацца, хоць мы, хутчэй за ўсё, гэтага не памятаем. Не бывае выніку без прычыны. Каб дамагчыся чаго-небудзь у жыцці, трэба прысвяціць сябе гэтаму. Чалавек, які служыць прыкладам для пераймання, можа даваць парады і стаць велізарнай крыніцай натхнення.
Дапамагайце іншым
Вельмі лёгка паглыбіцца з галавой у свае думкі і жаданні. У асноўным мы думаем пра тое, як атрымаць жаданае, і пачынаем панікаваць кожны раз, калі хто-небудзь нам перашкаджае. Шмат у чым трывога звязана з пачуццём адчужанасці, і лепшы спосаб усталяваць кантакт з іншымі – шчыра пра іх клапаціцца. Думаючы толькі пра сябе, мы асуджаныя на няшчасце, а навукова даказана, што шчырасардэчная дапамога іншым памяншае трывогу і робіць нас больш шчаслівымі.
Не абавязкова рабіць нешта вялікае. Усмешкі ў пахмурны дзень або сардэчнай падзякі можа быць дастаткова, каб узняць настрой абодвух бакоў. Рабіце гэта не з пачуцця абавязку, а са шчырага жадання палепшыць дзень іншага чалавека. Паглядзіце пасля гэтага, як змяняецца стан вашага розуму.
Усвядомце, хто вы
Усім падабаецца лічыць сябе ўнікальнымі, але гэта толькі даказвае, што мы аднолькавыя. Калі мы кажам «усвядомце, хто вы», гаворка насамрэч ідзе пра разуменне таго, хто такія мы. Ва ўсіх ёсць праблемы, а ідэальнага жыцця папросту не існуе. Не трэба верыць усім сваім думкам!
Мы не паказваем іншым фатаграфіі, на якіх мы, як нам здаецца, дрэнна атрымаліся, і іншыя робяць тое ж самае. Мы баімся публічнага высмейвання – і ўявіце сабе! – усе астатнія таксама. Хоць у наш час здаецца, што нас паўсюль акружаюць людзі, чые жыцці ідэальныя, нам не варта трапляць у гэтую пастку. Калі мы памятаем пра ўсё гэта, шчыра імкнёмся рабіць шчаслівымі іншых і прыкладаем намаганні да таго, каб зрабіць сваё жыццё больш асэнсаваным, наша трывога паступова знікне.