Як спраўляцца з рэўнасцю ў адносінах

Рэўнасць прымушае нас баяцца, што наш сябар або партнёр нас кіне. Яна псуе нашы адносіны і цалкам пазбаўляе нас унутранага спакою. Чым больш у нас рэўнасці і ўласніцкіх пачуццяў, тым менш іншы чалавек захоча быць побач. Нам дапаможа ўсведамленне таго, што ўсе мы здольныя любіць велізарную колькасць людзей і рэчаў. Любоў да сяброў, працы, спорту не памяншае ні любові нашага партнёра да нас, ні нашай любові да яго – наадварот, узбагачае іх.

Рэўнасць і зайздрасць

Рэўнасць можа мець розныя формы. Калі мы адзінокія і раўнуем да пар або нас прыцягвае чалавек, у якога ўжо ёсць пара, то насамрэч гэта зайздрасць. Мы таксама хочам мець такія любоўныя адносіны або хочам самі атрымліваць клопат і ўвагу гэтага чалавека. У абодвух выпадках аб'ект нашай зайздрасці – нешта, чаго нам не хапае. Гэта можа выклікаць пачуццё непаўнавартаснасці і іншыя праблемы, звязаныя з нізкай самаацэнкай.

Рэўнасць у адносінах

Калі мы ўжо ў адносінах, рэўнасць можа прыносіць яшчэ больш хваляванняў. У адрозненне ад зайздрасці, калі мы факусуемся на тым, што ёсць у кагосьці іншага, рэўнасць сканцэнтравана на нашым партнёры або сябры і яшчэ адным чалавеку. Як правіла, мы баімся, што страцім асаблівыя адносіны са сваім партнёрам, таму што ён аддасць перавагу іншаму. Мы становімся нецярпімымі да любога саперніцтва і баімся, што наш партнёр можа нам здрадзіць. Напрыклад, мы адчуваем рэўнасць, калі наш партнёр праводзіць шмат часу са сваімі сябрамі або наведвае мерапрыемствы без нас. Нават сабакам уласціва адчуваць гэтую разнавіднасць рэўнасці, калі ў гаспадароў нараджаецца дзіця. Яна ўтрымлівае ў сабе элементы крыўды і варожасці, а таксама моцныя элементы няўпэўненасці ў сабе і недаверу.

Калі мы не ўпэўненыя ў сабе, то раўнуем, калі наш сябар або партнёр праводзіць час з іншымі людзьмі. Гэта адбываецца з-за таго, што мы не ўпэўненыя ва ўласнай каштоўнасці, падвяргаем сумненню любоў іншага чалавека і з-за гэтага не давяраем свайму партнёру. Мы баімся быць адпрэчанымі. Страх можа ўзнікаць, нават калі наш муж, жонка ці сябар наогул не праводзіць час ні з кім іншым. Нашы ўласніцкія пачуцці настолькі моцныя, што мы баімся быць кінутымі ў любую хвіліну.

Пераадоленне рэўнасці

Каб навучыцца працаваць з рэўнасцю, важна разважаць пра тое, што наша сэрца валодае здольнасцю любіць усіх – гэта адзін з аспектаў нашай прыроды буды. Калі мы ўспамінаем пра гэта, рэўнасць слабее, паколькі мы бачым, што любоў да аднаго чалавека не выключае любові да іншых. Падумайце пра саміх сябе: вы можаце адкрыць сэрца многім людзям і рэчам [Гл.: Што такое любоў?]. Вы можаце любіць свайго партнёра, сяброў, дзяцей, хатніх жывёл, бацькоў, краіну, прыроду, Бога, хобі і гэтак далей. У сэрцы знойдзецца месца для любові да ўсіх, бо любоў не выключае іншых. Мы цалкам здольныя падтрымліваць адносіны з усімі аб'ектамі нашай любові, выказваючы свае пачуцці так, як гэта дарэчы ў кожным выпадку. Вядома, мы не выказваем любоў і ласку ў адносінах да свайго сабакі гэтак жа, як да мужа, жонкі або бацькоў!

Калі мы можам раскрыць сваё сэрца, гэта можа зрабіць і наш партнёр. Ва ўсіх ёсць аднолькавая здольнасць распаўсюджваць любоў на неверагодную колькасць людзей і рэчаў, нават на ўвесь свет. Нерэалістычна і несумленна чакаць і тым больш патрабаваць, каб іншы чалавек любіў толькі нас і ніколі не меў цёплага сяброўства з іншымі або ўласных інтарэсаў. Няўжо мы настолькі дрэннага пра яго меркавання, што думаем, быццам у яго сэрцы не хопіць месца і для нас, і для іншых людзей? Ці сапраўды мы хочам не даць яму раскрыць сваю прыроду буды, якая ўключае здольнасць любіць, і пазбавіць яго некаторых з найвялікшых радасцей жыцця?

[Даведайцеся больш пра прыроду буды]

Тут гаворка не ідзе пра сексуальную нявернасць. Праблема манагаміі і здрады вельмі складаная і патрабуе абмеркавання мноства іншых пытанняў. Так ці інакш, калі наш сексуальны партнёр, асабліва калі мы ўжо ў шлюбе і ў нас ёсць маленькія дзеці, здраджвае нам або праводзіць занадта шмат часу з іншымі людзьмі, – рэўнасць, крыўда і ўласніцкія пачуцці не дапамогуць выправіць сітуацыю. Да сітуацыі трэба падыходзіць цвяроза: крык або спроба выклікаць у партнёра пачуццё віны наўрад ці прымусіць яго палюбіць нас.

Як адкрыць сэрца любові

Калі мы думаем, што блізкая дружба можа звязваць нас толькі з адным чалавекам, нам здаецца, што мае значэнне толькі любоў гэтага чалавека – нашага партнёра або сябра. Нават калі нас любяць многія іншыя людзі, мы схільныя гэта ігнараваць і думаць: «Гэта не лічыцца». Калі мы пастаянна раскрываем сваё сэрца як мага большай колькасці іншых жывых істот і прымаем любоў нашых сяброў, сваякоў, хатніх жывёл і гэтак далей – і не толькі цяпер, але і ў мінулым і будучыні, – то адчуем большую эмацыйную абароненасць. Гэта, у сваю чаргу, дапаможа пераадолець фіксацыю на адным чалавеку як на асаблівым аб'екце любові.

Усёведанне і любоў да ўсіх азначаюць, што наша сэрца і розум адкрыты ўсім істотам. Але калі буда засяроджвае ўвагу на адным чалавеку, ён або яна цалкам, на 100%, канцэнтруецца толькі на ім. Такім чынам, калі мы любім усіх, гэта не азначае, што любоў да кожнай канкрэтнай асобы ў нас слабее. Таму не варта баяцца, што, калі мы адкрыем сэрца многім людзям, нашы міжасобасныя адносіны стануць менш насычанымі і будуць прыносіць менш задавальнення. Магчыма, мы будзем менш чапляцца за адносіны і менш залежаць ад таго, каб нейкія адны адносіны цалкам нас задавальнялі, і будзем праводзіць менш часу з кожным чалавекам, але кожнаму з іх мы будзем аддавацца цалкам. Тое ж самае з любоўю іншага чалавека да нас, калі ён падтрымлівае блізкія адносіны з іншымі людзьмі, а мы раўнуем, лічачы, што з-за гэтага яго любоў да нас слабее.

Нерэалістычна чакаць, што іншы чалавек падыдзе нам ідэальна, нібы наша «другая палавінка» – што ён будзе дапаўняць нас ва ўсіх адносінах і мы зможам падзяліць з ім усе аспекты нашага жыцця. Такія чаканні заснаваны на старажытнагрэчаскім міфе, расказаным Платонам. У ім гаворыцца пра тое, што раней усе былі цэлымі, але потым нас падзялілі напалам. Дзесьці ў гэтым свеце жыве наша палавінка, і сапраўднае каханне здараецца тады, калі мы знаходзім яе і ўз'ядноўваемся. Хоць гэты міф лёг у аснову заходняга рамантызму, ён не мае ніякага дачынення да рэальнасці. Гэта ўсё роўна што верыць у цудоўнага прынца на белым кані, які нас выратуе. Каб падзяліць з кімсьці ўсе нашы інтарэсы і патрэбы, нам патрэбная цёплая дружба з многімі людзьмі. Тое ж самае тычыцца і нашага партнёра і сяброў. Мы не можам задаволіць усе іх патрэбы, таму ім таксама патрэбныя іншыя сябры.

Заключэнне

Калі ў нашым жыцці з'яўляецца новы чалавек, карысна глядзець на яго як на прыгожую дзікую птушку, якая прыляцела да нашага акна. Калі мы раўнуем, што птушка прылятае і да чужых вокнаў, і замыкаем яе ў клетцы, яна будзе пакутаваць, страціць свой бляск і нават можа памерці. Калі мы не праяўляем уласніцкіх пачуццяў і дазваляем птушцы лятаць свабодна, то адчуем шмат радасці, пакуль яна ў нас. Калі птушка адлятае – а яна мае на гэта права, – яна хутчэй вернецца, калі адчувае сябе з намі ў бяспецы. Калі мы прымаем і паважаем права кожнага чалавека, уключаючы нас саміх, мець блізкую дружбу з многімі людзьмі, нашы партнёрскія адносіны будуць больш здаровымі і трывалымі.

[Гл. таксама: артыкул «Jealousy Really is Blinding» на Livescience.com]

Top