Што такое сацыяльныя, эмацыйныя і этычныя навыкі?
Каб уключыць субцітры, клікніце на іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Налады».
Праграма навучання сацыяльным, эмацыйным і этычным (СЭЭ) навыкам прызначана для выхавання эмацыйна здаровых і этычна адказных людзей, сацыяльных груп і больш буйных супольнасцяў. У першую чаргу яна распрацавана для школ і ВНУ, але можа выкарыстоўвацца і ў іншых кантэкстах.
Гэтая адукацыйная праграма, распрацаваная Цэнтрам сузіральных навук і этыкі, заснаванай на спачуванні, Універсітэта Эморы, у першую чаргу прысвечана этыцы. Этыка ў дадзеным выпадку не звязана з той ці іншай культурай або рэлігіяй: яна заснавана на базавых, агульначалавечых каштоўнасцях – спачуванні, памяркоўнасці, прабачэнні. Практыкі для развіцця навыкаў СЭЭ могуць дапамагчы людзям навучыцца клапаціцца пра сябе і пра іншых, што выключна важна для фізічнага і эмацыйнага здароўя. Таксама праграма дапамагае паглыбіць усведамленне ўзаемазалежнасці і развіць крытычнае мысленне, дапамагаючы людзям стаць грамадзянамі свету, жыць у якім становіцца ўсё складаней.
Праграма заснавана на агульначалавечых каштоўнасцях, а значыць, можа выкарыстоўвацца ў розных краінах і культурах. Практыкі і паняцці, якія ўваходзяць у праграму, можна выкарыстоўваць так, як яны прадстаўлены, гэта значыць абапіраючыся на здаровы сэнс, агульначалавечы вопыт і навуку, а можна адаптаваць іх да той ці іншай супольнасці, чэрпаючы натхненне з яе рэлігійных і культурных каштоўнасцяў. Мэта гэтай універсальнай і шматграннай праграмы – навучыць людзей усіх узростаў сацыяльным, эмацыйным і этычным навыкам. У гэтым сэнсе яна не адрозніваецца ад навучання матэматыцы, прыродазнаўчым навукам, замежным мовам і любым іншым акадэмічным прадметам. Уключыць у адукацыйную праграму выхаванне каштоўнасцяў і навыкаў, якія вядуць да шчасця і гармоніі як індывідаў, так і грамадства ў цэлым, не толькі магчыма, але і неабходна.
Тры напрамкі і тры сферы
Праграма навучання СЭЭ ўключае тры напрамкі, якія адпавядаюць навыкам, што развіваюцца:
- усвядомленасць,
- спачуванне,
- ўдзел.
Больш за тое, тры напрамкі распаўсюджваюцца на тры сферы:
- асабістую,
- грамадскую,
- глабальную.
Тры напрамкі
Усвядомленасць. Мы вучымся разумець свае думкі, пачуцці і эмоцыі. Усвядомленасць дапамагае нам больш уважліва ставіцца да свайго ўнутранага свету, а таксама да іншых людзей і іх патрэб; мы пачынаем усведамляць ўзаемазалежнасць – важную характарыстыку нашага жыцця і свету, у якім мы жывём. Гэта патрабуе развіцця ўважлівасці з дапамогай практыкі.
Спачуванне. Мы трэніруемся ставіцца да сябе, да іншых і да чалавецтва ў цэлым з дабрынёй і эмпатыяй, клапоцячыся пра тое, каб мы і іншыя былі шчаслівымі і не пакутавалі. Каб дасягнуць у гэтым майстэрства, неабходна ўмець крытычна мысліць і разумець свае патрэбы і жаданні. Нам спатрэбіцца здольнасць адрозніваць, што прынясе нам дабрабыт у доўгатэрміновай перспектыве. Пасля гэтага мы распаўсюджваем гэтыя навыкі на іншых людзей, а ўрэшце вучымся разумець патрэбы чалавецтва ў цэлым.
Удзел. Мы прымяняем на практыцы метады, у якіх практыкаваліся, калі развівалі ўсвядомленасць і спачуванне. Таксама мы вывучаем, якія паводзіны і стаўленне да рэчаў спрыяюць асабістаму, грамадскаму і глабальнаму дабрабыту. Для гэтага нам спатрэбіцца здольнасць да самакантролю і сацыяльныя навыкі, з дапамогай якіх мы робім актыўныя дзеянні як грамадзяне свету.
Практыкаваць гэтыя тры напрамкі трэба не проста для таго, каб атрымаць новыя веды: нам таксама трэба зразумець іх актуальнасць на асабістым вопыце і затым зрабіць іх неад'емнай часткай свайго жыцця. Гэта ўключае некалькі крокаў:
- Спачатку мы слухаем, чытаем і атрымліваем першы вопыт, засвойваючы агульную інфармацыю і разумеючы сэнс кожнай з агульначалавечых каштоўнасцяў.
- Затым з дапамогай крытычнага мыслення мы даследуем гэтыя каштоўнасці, практыкуючы розныя падыходы і прымяняючы іх у сваім паўсядзённым жыцці. Гэта вядзе да «значных азарэнняў» – да момантаў «ага», калі ў нас з'яўляецца асабістае бачанне таго, як прынцыпы, вывучаныя на першым узроўні, працуюць у нашым уласным жыцці.
- Паўтаральнае засваенне ператварае гэтыя каштоўнасці ў моцныя бакі нашага характару і асобасныя якасці. Гэта адбываецца з дапамогай рэгулярнай практыкі, абмеркавання і дэбатаў – усё гэта трэба да таго часу, пакуль агульначалавечыя каштоўнасці не стануць спантаннымі.
Тры сферы
Асабістая. Каб разумець патрэбы навакольных людзей і грамадства ў цэлым, спачатку трэба навучыцца разумець уласныя патрэбы і свой унутраны свет. Для гэтага неабходна развіваць эмацыйную пісьменнасць – вучыцца вызначаць свае эмоцыі і разумець іх наступствы. Гэта дазваляе нам устрымлівацца ад імпульсіўных паводзін, якія прыносяць шкоду нам і іншым.
Грамадская. Мы, людзі, сацыяльныя па сваёй прыродзе. Для нас вельмі важна падтрымліваць добрыя адносіны з іншымі. Мы здольныя развіваць сацыяльныя навыкі, вывучаючы, разважаючы і актыўна прымяняючы іх на практыцы.
Глабальная. Наш свет становіцца ўсё складаней, і аднаго спачування недастаткова. Ад нас таксама патрабуецца глыбокае разуменне ўзаемазалежных глабальных сістэм. Калі мы паглядзім на любую сітуацыю з мноства розных пунктаў гледжання, рашэнне праблем стане больш цэласным працэсам і мы пазбавімся ад схільнасці бачыць сітуацыю як мноства маленькіх, нязвязных фрагментаў.
Галіны праграмы
«Галіны» – гэта спосабы даследавання, асэнсавання трох вышэйпералічаных якасцяў і іх інтэграцыі ў сваё жыццё. Яны прадстаўляюць нам фундамент для развіцця і паглыблення нашых ведаў і разумення.
- Крытычнае мысленне: мы вывучаем тэарэтычны і практычны матэрыял з дапамогай логікі, з розных пунктаў гледжання, у працэсе дыялогу і дэбатаў, што дазваляе развіць больш глыбокае разуменне.
- Сузіральныя практыкі: ідучы па пэўнай схеме, мы накіроўваем увагу на свой асабісты вопыт, каб інтэграваць навыкі, звязаныя з агульначалавечымі каштоўнасцямі.
- Навуковая перспектыва: мы знаёмімся з навуковым пунктам гледжання на эмоцыі і свет, што дазваляе нам падысці да матэрыялу бесстароння, незалежна ад нашай культуры ці рэлігіі.
- Актыўнае навучанне: мы актыўна ўдзельнічаем у адукацыйным працэсе, напрыклад з дапамогай творчага выказвання (мастацтва, музыкі, напісання тэкстаў) і экалагічнага навучання (беспасярэдняга ўзаемадзеяння з навакольным светам), пасля чаго ідзе асэнсаванне атрыманага вопыту.
Усе чатыры галіны заснаваныя на прынцыпе спачування, які таксама з'яўляецца цэнтральным з трох напрамкаў. Часта спачуванне лічаць слабасцю: мы даём іншым тое, чаго яны хочуць, сабе ў страту ці нават дазваляем іншым здзекавацца над намі і заахвочваем іншыя негатыўныя дзеянні. У праграме СЭЭ спачуванне разумеецца як праява смеласці: мы ўстаём на пазіцыю клопату і ўважлівасці ў адносінах да іншых, якая караніцца ў велізарнай унутранай сіле і прыносіць нам яшчэ больш унутранай сілы.
Рэзюмэ
Праграма СЭЭ дае нам асабісты вопыт усведамлення нашых думак і пачуццяў, а таксама дапамагае зразумець думкі, пачуцці і ўнутраны свет іншых. Мы развіваем навыкі эмацыйнай гігіены і клопату пра сябе, а таксама адважнае спачуванне да іншых. Мы вучымся прызнаваць, што ўсе мы – частка чалавецтва, і паважаць усіх людзей ва ўсім свеце. Урэшце, адрозніваючы канструктыўныя паводзіны ад дэструктыўных, мы вучымся праяўляць клопат пра іншых і прадуктыўна з імі ўзаемадзейнічаць. Гэта дапамагае выйсці на глабальны ўзровень, прыносячы яшчэ большую карысць. Такім чынам, СЭЭ – вельмі шматбаковая праграма, якая служыць навігатарам па каштоўнасцях і навыках, што дазваляюць развіць здаровую самаацэнку, знаходзіцца ў добрых адносінах з навакольнымі і стаць адказнымі грамадзянамі свету.
Калі вы хочаце даведацца больш, прачытайце поўнае апісанне прынцыпаў праграмы СЭЭ, а таксама пазнаёмцеся з іншымі праграмамі Цэнтра сузіральных навук і этыкі, заснаванай на спачуванні.