Што такое агульначалавечая этыка?

Сутнасць агульначалавечай этыкі

Як з'явіўся тэрмін «агульначалавечая этыка»? «Агульначалавечая» азначае, што яе можа прытрымлівацца любы чалавек: і вернік, і нявернік. Па-за залежнасцю ад таго, вызнае чалавек індуізм, іслам, хрысціянства, будызм, іўдаізм, джайнізм і гэтак далей, ён можа прытрымлівацца гэтых каштоўнасцяў. Няважна, акадэмік гэты чалавек, адукаваны ён ці не, – кожны можа прытрымлівацца гэтых каштоўнасцяў, згаджаючыся, што гэта неабходна дзеля ўласнага шчасця. Вось што тычыцца слова «агульначалавечая». «Этыка» – гэта паводзіны, якія робяць чалавека шчаслівым, а таксама спрыяюць шчасцю іншых. Людзі ў супольнасці адчуваюць сябе шчаслівымі, і вы таксама становіцеся шчаслівымі. Разам гэтыя два словы ўтвараюць тэрмін «агульначалавечая этыка».

Чалавек – гэта частка цэлага, якое мы называем «сусветам», гэта частка, абмежаваная ў часе і прасторы. Чалавек пазнае сябе, свае думкі і пачуцці як нешта асобнае ад усяго астатняга; гэта аптычная ілюзія свядомасці. Гэтая ілюзія падобная на турму: яна абмяжоўвае нас прыхільнасцю да вузкага кола бліжэйшых людзей і ўласных жаданняў. Нашай задачай павінна быць вызваленне з гэтай турмы праз пашырэнне кола свайго спачування, каб яно ўключала ўсіх жывых істот і прыроду ва ўсёй яе прыгажосці. – Альберт Эйнштэйн

Эйнштэйн кажа, што ўсе нашы праблемы выкліканыя вузасцю мыслення, заключанага ў цямніцы нашага «я», думкамі пра сябе і невялікае ўнутранае кола людзей, з-за чаго мы забываемся на астатнюю частку сусвету. Ён гаворыць пра тое, што прыхільнасць да невялікага кола людзей падобная на ілюзію. Чаму? Таму што мы ўсе ўзаемазвязаныя. Як мы можам выбрацца з гэтай турмы? Эйнштэйн кажа, што нам трэба пашырыць кола спачування, каб уключыць у яго іншых людзей, і калі іншыя людзі таксама пашыраць сваё кола спачування і ўключаць у яго нас, то ўсе будуць шчаслівыя. Вось да чаго ён заклікае.

Навошта прытрымлівацца этыкі?

Этыка – гэта ўчынкі, здзейсненыя з чыстым сумленнем і якія вядуць да гармоніі, міру і шчасця як асобна ўзятага чалавека, так і грамадства ў цэлым. Шчаслівыя мы ці не, можна заўважыць, што наш стан – гэта вынік нашых дзеянняў, якія па сваёй сутнасці адпавядаюць таму, што мы шукаем. Думкі і эмоцыі пабуджаюць нас здзяйсняць дзеянні. Неэтычныя думкі прыводзяць да дзеянняў, якія, у сваю чаргу, вядуць да непажаданых вынікаў, і мы можам убачыць гэта ў нашы дні. Гэта адбываецца з-за нашага неразумення прычынна-выніковай сувязі паміж наступнымі трыма з'явамі: 

  • думкі і эмоцыі,
  • нашы дзеянні,
  • наступствы ў выглядзе шчасця або болю.

Магчыма, мы імкнуліся здабыць шчасце, але з-за пэўных думак мы рабілі ўчынкі, якія прыводзяць толькі да болю і пакут. Таму нам патрэбнае правільнае разуменне, што такое свядомасць, што такое думкі і эмоцыі, і, нарэшце, якім чынам гэтая сістэма думак і розных тыпаў свядомасці кіруе нашымі дзеяннямі, прыводзячы да пэўных вынікаў. Тады мы будзем дастаткова мудрыя, каб падтрымліваць тыя станы розуму, якія дапамагаюць нам рабіць учынкі, што прыводзяць да жаданых вынікаў, і адмаўляцца ад станаў розуму, якія згубна ўплываюць на нашы дзеянні. Усе прынцыпы этыкі прасякнутыя спачуваннем; вось што значыць этыка. 

Такім чынам, мы разумеем, што менавіта розум робіць нас шчаслівымі або няшчаслівыми. Таксама многае залежыць ад эмоцый і эмацыйных фактараў, якімі мы кіруемся ў сваіх дзеяннях. З-за эмоцый у нас узнікаюць думкі, а думкі ўплываюць на нашы ўчынкі. Эмоцыі, якія робяць нас шчаслівымі, – гэта «станоўчыя эмоцыі». Разважаючы ў рамках універсальнай канцэпцыі, мы не можам казаць пра «смяротны грэх» і іншыя падобныя рэчы. Нам трэба выкарыстоўваць універсальныя тэрміны. Карыстаючыся ўніверсальнымі тэрмінамі, можна сказаць, што сапраўднае шчасце ўзнікае дзякуючы станоўчым эмоцыям, а няшчасце – з-за разбуральных эмоцый. Нам трэба вучыцца і вывучаць гэтую тэму ў рамках карты розуму; трэба навучаць людзей з выкарыстаннем гэтай карты. 

Навучанне агульначалавечай этыцы ў школьнай сістэме

Як мы можам прывіць людзям запал да вучэння пра тое, што значна для асобных людзей і чалавецтва ў цэлым? Ёсць людзі, чыя этыка заснаваная на боязі Бога. Ёсць тыя, хто не верыць у Бога, але верыць у карму і думае, што з-за кармы яму варта быць асцярожным і паводзіць сябе добра. Але ёсць таксама і тыя, хто не верыць ні ў Бога, ні ў карму. Як мы можам пераканаць людзей, што важна вучыцца этыцы, не выкарыстоўваючы канцэпцыі Бога і кармы? Адказваючы на гэтае пытанне, Яго Святасць Далай-лама прапанаваў тры аспекты:

  • агульны вопыт,
  • здаровы сэнс,
  • навуковыя адкрыцці.

На аснове гэтых трох аспектаў Яго Святасць прапанаваў тры прыступкі для навучання агульначалавечай этыцы ў сучаснай адукацыйнай сістэме. 

Калі гаварыць пра прыклад агульнага вопыту, па-за залежнасцю ад таго, вернікі мы ці не, мы ўсе выкормленыя матчынымі грудзьмі. Гэта агульны для ўсіх людзей вопыт, які ніяк не звязаны з рэлігіяй або філасофіяй: гэта проста чыстая любоў і клопат, якую мы атрымліваем ад маці. Любоў і клопат фарміруюць такі глыбокі давер паміж маці і дзіцем, што ўсё астатняе адыходзіць на другі план. Разбуральныя эмоцыі і ўвесь хаос гэтага свету больш не маюць значэння. Застаюцца толькі любоў і клопат. Тэрарызм, дыскрымінацыя па гендэрнай прыкмеце, разрыў паміж беднымі і багатымі існуюць толькі з-за недахопу любові і клопату паміж людзьмі.

Здаровы сэнс – гэта калі мы бачым, што ў добрага чалавека шмат сяброў, ён усюды адчувае сябе як дома, для яго людзі вакол – гэта браты і сёстры. Калі ў нас няма такой любові і клопату да іншых, то нават у сябе дома мы не адчуваем сябе як дома. Нават нашы браты і сёстры могуць здавацца нам ворагамі. З пункту гледжання здаровага сэнсу, нам трэба пераканацца, што любоў і клопат – гэта аснова агульначалавечай этыкі.

Нарэшце, гаворачы пра навуковыя адкрыцці, можна, напрыклад, згадаць эксперымент, у якім дзіцяняты-малпачкі адлучаліся ад маці, з-за чаго яны не спазналі матчынага клопату. Калі яны выраслі, яны былі вельмі агрэсіўнымі. Яны не ўмелі гуляць з іншымі, яны толькі абараняліся і біліся. Тыя малпачкі, якія засталіся з маці, наадварот, былі шчаслівымі і гуллівымі.

На аснове гэтых трох аспектаў Яго Святасць сцвярджае, што ўсім людзям карысна развіваць сапраўдную любоў і клопат, аснову агульначалавечай этыкі.

«Чалавек» як агульная ідэнтычнасць 

Адна з перашкод, якая перашкаджае ўкараненню агульначалавечай этыкі, – гэта нашы ідэнтычнасці. Калі мы гаворым: «Я тыбецец, я кітаец, я будыст, я індуіст», гэта значыць, калі ўзнікае прыхільнасць да ідэнтычнасцяў, непазбежна з'яўляецца непрыняцце іншых. Гэта вялікая перашкода і вельмі сур'ёзнае пытанне. 

У аднаго чалавека могуць быць сотні розных ідэнтычнасцяў. Напрыклад, я магу сказаць, што я мужчына, з-за чаго ўзнікае мужчынскі шавінізм. У процівагу мужчынскаму шавінізму ўзнікае фемінізм. Калі я кажу, што я будыст, то іншы чалавек – небудыст. Калі я індуіст або мусульманін, то іншы чалавек – неіндуіст і немусульманін. Калі чалавек недастаткова высока развіты, ёсць небяспека або схільнасць трымацца за нязначныя ідэнтычнасці як за самыя важныя. І фундаменталізм, і радыкалізм узнікаюць з-за чаплення за нязначныя ідэнтычнасці як за першарадныя. 

Чаму б нам проста не абазначаць сябе як «людзей»? Калі б прыйшлі іншапланецяне і пачалі ў нас страляць, кажучы, што яны робяць гэта, таму што мы з планеты Зямля, тады мы б усе пачалі лічыць сябе землянамі і змаглі б аб'яднацца. Навошта чакаць знешняй падзеі, якая створыць для нас ідэнтычнасць? Чаму б не стварыць сваю ідэнтычнасць цяпер? Якая ідэнтычнасць зробіць нас і ўвесь свет больш шчаслівымі? Прысвоіўшы сабе ідэнтычнасць «чалавек», мы выявім, што сталі больш шчаслівымі і пачалі бачыць усіх людзей як сваіх братоў і сясцёр.

Top