Сёння я раскажу пра тое, як прыйсці да шчасця розуму, выкарыстоўваючы свецкія метады. Я рады магчымасці звярнуцца да такога вялікага сходу людзей. Мой добры сябар, амерыканскі вучоны Дэвід Лівінгстан, якога больш няма з намі, казаў: калі дабрасардэчны чалавек бачыць іншых, яго ці яе вочы расплюшчваюцца шырэй, а зрэнкі павялічваюцца. Па яго словах, так адбылося з ім падчас нашай сустрэчы. Такое з ім здаралася толькі пры сустрэчы з двума людзьмі: са мной і яго жонкай. Цяпер, куды б я ні адправіўся, мясцовыя жыхары ставяцца да мяне з такім жа шчырым і цёплым пачуццём. Я вельмі за гэта ўдзячны, дзякуй вам.
Што такое «секулярызм», свецкі падыход? Я выкарыстоўваю гэтае слова ў тым жа значэнні, як у індыйскай традыцыі. Аднак некаторым з маіх сяброў, якія вызнаюць мусульманства ці хрысціянства, не падабаецца, калі я яго ўжываю: ім здаецца, што ў ім ёсць невялікае антырэлігійнае адценне. Іншыя людзі думаюць, што этыка павінна быць заснавана на рэлігіі, аднак канстытуцыя Індыі пабудавана на секулярызме, але яна не супраць рэлігіі. Індыйцы ставяцца да рэлігіі з вялікай павагай. Гандзі і складальнікі індыйскай канстытуцыі былі вельмі рэлігійныя. Тут «свецкі», «секулярны» азначае павагу да ўсіх рэлігій, свабодную ад сцвярджэння, што адна з іх лепшая за іншую. Акрамя таго, тысячы гадоў секулярызм ставіўся з такой жа павагай да няверуючых Індыі. Вось што я маю на ўвазе, калі выкарыстоўваю гэтае слова.
Каб уключыць субтытры, клікніце на абразку «Субтытры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субтытраў можна, клікнуўшы па абразку «Налады».
Усе мы – людзі, і нават жывёлы і насякомыя, – імкнёмся да большай супакоенасці і спакою. Ніхто не хоча неспакою, ва ўсіх ёсць права стаць шчаслівымі і пераадолець трывогі, праблемы і пакуты. Гэта не мае патрэбы ў лагічных ці эксперыментальных доказах. Такоя прырода: усе жывыя істоты – птушкі, жывёлы, людзі – кожны з нас спрабуе прыйсці да гэтай мэты. Важныя сродкі, з дапамогай якіх мы імкнёмся яе дасягнуць. Спосаб павінен быць практычным: нерэалістычныя метады толькі перашкодзяць дасягнуць жаданага выніку. Напрыклад, жывёлы, моцна спалохаўшыся, могуць пабегчы ў няправільным напрамку: насустрач таму, што прычыніць ім шкоду, а не ад яго. Але нам, людзям, пашанцавала значна больш: мы валодаем узрушаючым інтэлектам, такім чынам, здольныя дзейнічаць больш разумна, выкарыстоўваючы логіку і розум. Мы можам думаць пра далёкую будучыню, таму часам свядома ахвяруем імгненным задавальненнем дзеля наступнага поспеху. Значыць, наш розум больш развіты, чым у жывёл, і дзякуючы яму мы імкнёмся да карысці ў доўгатэрміновай перспектыве.
Пытанне ў тым, які з узроўняў успрымання прынясе нам больш карысці? Пачуццёвыя перажыванні, у асноўным, часовыя. Напрыклад, мы атрымліваем пачуццёвае задавальненне праз зрок, калі бачым карціну ці спартыўную падзею, ці турысты адпраўляюцца паглядзець на розныя месцы, пейзажы, касцюмы, людзей. Мой вадзіцель у Дэлі, індыец, любіць крыкет. Мінулай ноччу адбыўся матч, і я спытаў яго, колькі гадзін ён спаў. Аказалася, чатыры. Тады я адчытаў яго, сказаўшы, што лепш добра выспацца, чым глядзець спорт: гэта больш карысна для розуму. Музыка, выдатныя пахі і ежа, прыемныя фізічныя адчуванні – гэтыя пачуццёвыя задавальненні вельмі часовыя. Скончыўшыся, яны пакідаюць пасля сябе толькі ўспамін.
З іншага боку, некаторыя перажыванні – разумовыя. Яны не звязаны з пачуццямі, але задавальненне, якое яны прыносяць, доўжыцца нашмат даўжэй. Такім чынам, важна ўсвядоміць: ёсць два ўзроўні шчасця і няшчасця. Адзін, пачуццёвы, – часовы; іншы, разумовы, – больш глыбокі.
У наш час людзі занадта захапіліся пачуццёвым узроўнем, лічачы яго самым важным, таму яны шукаюць знешнія, матэрыяльныя крыніцы шчасця, грэбуючы больш глыбокім, унутраным узроўнем. Аднойчы, шмат гадоў таму, я быў у Германіі, у Берліне. Прама насупраць атэля, у якім я спыніўся, знаходзіўся начны клуб. Я лёг спаць каля 7.30 – 8 гадзін вечара, і мне былі бачныя рознакаляровыя плямы, чырвоныя і блакітныя, успышкі і чутны моцны грукат. Я заснуў і прачнуўся апоўначы: вечарынка працягвалася; потым я ўстаў каля чатырох раніцы – яна яшчэ не скончылася. Уся энергія людзей, якія знаходзіліся там, засяродзілася на пачуццёвым узроўні. Мне здаецца, на наступны дзень яны былі зусім без сіл.
Нядаўна я сустрэўся з індыйскай сям'ёй, у якой было некалькі дзяцей, і таксама там прысутнічалі іх бацькі – мы вялі звычайную гутарку. Я згадаў, што апошнія два-тры гады не гляджу тэлевізар, проста слухаю навіны на радыё Бі-Бі-Сі. Маладыя члены гэтай індыйскай сям'і сказалі мне: «Вам, напэўна, так сумна без тэлевізара!» А гэта значыць, яны яго глядзяць вельмі шмат. Дзеці, асабліва ў Амерыцы і Еўропе, праводзяць перад тэлевізарам занадта шмат часу, а гэта не вельмі карысна, паколькі пагаршае здольнасць розуму да яснага аналізу. Таму ў пошуках шляху да шчасця больш разумна выкарыстоўваць не пачуццёвы, а разумовы ўзровень.
Іншае пытанне ў тым, што турбуючыя эмоцыі ўзнікаюць, у асноўным, на ўзроўні розуму; значыць, для шчаслівага жыцця неабходны спакойны розум. Паколькі крыніца неспакою знаходзіцца ў розуме, каб дасягнуць гэтай мэты, нам прыйдзецца мець справу з розумам. Такім чынам, па-першае, трэба больш увагі надаваць унутранаму свету і каштоўнасцям. У межах малой прасторы нашага галаўнога мозгу мы можам даследаваць вялізную ўнутраную прастору розуму, але пра яе нам, на самай справе, вядома нашмат менш. Таму нам трэба даследаваць эмоцыі. Калі з'яўляецца моцнае пачуццё, трэба разгледзець яго з дапамогай часткі розуму, і паступова яно супакоіцца. У нас ёсць здольнасць назіраць розум, ахоплены гневам: як толькі мы пачнём даследаваць, сіла гневу зменшыцца. Вельмі цікава зазірнуць углыб розуму.
Наступіла XXI стагоддзе. Здаецца, што дваццатае стагоддзе было самым важным у гісторыі чалавецтва, бо навука і тэхналогіі, роўна як і веды, зрабілі крок далёка наперад, узраслі жыццёвыя стандарты. Але ў той жа час гэта быў век кровапраліцця. Вашы бацькі, дзядулі і бабулі адчулі жудасныя трывогі і пакуты. Загінула больш за дзвесце мільёнаў людзей, у тым ліку ад ядзернай зброі. Калі б такі бязмерны гвалт прывёў да ўсталявання новага парадку, магчыма, мы б яго апраўдалі, але гэтага не адбылося. Нават цяпер, у пачатку XXI стагоддзя, так шмат праблем у Іраку, Іране, Афганістане – настолькі распаўсюджаны тэрарызм. Гэта вынік памылак мінулага і нядбайных адносін: занадта вялікае значэнне надавалася знешнім з'явам. Цяпер трэба больш думаць не пра знешнія абставіны, а пра ўнутраныя каштоўнасці.
Іншая вялікая праблема: нягледзячы на матэрыяльны прагрэс, існуе прорва паміж багатымі і беднымі. Тут, у Аўстрыі, няма вялікай няроўнасці, але летась я наведаў Мексіку, Аргенціну і Бразілію, дзе пацікавіўся, наколькі вялікая розніца паміж багатымі і беднымі. Яны адказалі, што вельмі вялікая. У Аўстрыі, магчыма, яна нязначная.
Яшчэ я спытаў: «Ці высокі ўзровень карупцыі?» Карупцыя можа быць вельмі распаўсюджана нават у дэмакратычных краінах, дзе ёсць свабода слова і друку. Гэта звязана з недахопам самадысцыпліны і маральных прынцыпаў. Народ Індыі вельмі рэлігійны, але ўсё ж карупцыі шмат і там. У дамах многіх індыйцаў ёсць статуі багоў і багінь, яны падносяць ім пахошчы, кветкі і моляцца, але часам я жартую, што іх малітва: «Няхай мая карупцыя квітнее». Гэта вельмі сумна. Яны рэлігійныя, але вельмі карумпаваныя. Мяркуецца, што яны вернікі, але не настолькі, каб сапраўды жыць у адпаведнасці з прынцыпамі сваёй рэлігіі, быць богабаязнавымі.
Некалькі гадоў таму я абмяркоўваў з адным вучоным шматнацыянальныя кампаніі, у прыватнасці тое, як яны хаваюць свае даходы. Мы размаўлялі пра гэта, і я сказаў: «Людзі, якія кіруюць такімі кампаніямі, напэўна, богабаязныя, а значыць, у іх павінна быць нейкая дысцыпліна». Ён адказаў: «Так думалі ў XVIII стагоддзі». Хоць гэтыя людзі, як правіла, моляцца Богу, яны не вельмі шчырыя, інакш прытрымліваліся б яго парады быць сумленнымі, клапатлівымі і маральнымі. Мы павінны больш клапаціцца пра іншых і пра навакольнае асяроддзе. Таму трэба больш увагі надаваць этыцы, а значыць, і самадысцыпліне, але не з пачуцця доўгу або страху, а добраахвотна, на аснове разумення: «Такі ўчынак супярэчыць маральным прынцыпам».
Мы павінны імкнуцца распаўсюджваць этыку, інакш, пры такім росце насельніцтва і змяншэнні рэсурсаў, праблем будзе станавіцца ўсё больш. Таму трэба прыкласці намаганні, каб ператварыць XXI стагоддзе ў век спачування. Гэта асноўны прынцып маральнасці, свецкай этыкі.
Маральнасць, этыка цесна звязана з сардэчнай цеплынёй. Гэта азначае, што мы ўсё больш клапоцімся пра іншых людзей. Яны таксама імкнуцца быць шчаслівымі і не быць нешчаслівымі, і ўсе мы ўзаемазвязаны. Іх шчасце – крыніца нашага шчасця. Разумеючы гэта і паважаючы іх, мы не будзем хлусіць, падманваць, прыніжаць і эксплуатаваць. У гэтым сэнсе добрае сэрца прыносіць шчасце; гэта вынікае з біялагічнага фактару адносін з нашай маці: мы выжылі дзякуючы яе любові, харчуючыся яе малаком. Гэты вопыт застаўся ў генах і крыві. Галоўнае, дзеці больш непакояцца не пра тое, каб атрымаць ад іншых грошы ці культурна абумоўленыя каштоўнасці, а пра тое, каб быць любімымі. Але калі, пасталеўшы, яны не становяцца больш мудрымі, узровень іх каштоўнасцей падае. Чаму? Яны становяцца больш эгацэнтрычнымі. Калі яны і дапамагаюць іншым, то толькі з думкай: «А што я атрымаю наўзамен»? Эгацэнтрычнасць сілкуе адчуванне вялікага «я», крыніцы вялікіх праблем. Нам варта думаць, што ўсё чалавецтва – гэта «мы», лічачы сябе часткай Еўрапейскага Саюза ці ўсяго свету. «Мы» – гэта сем мільярдаў людзей, якія жывуць на Зямлі, а мы асабіста – яго частка, – трэба думаць пра іх, а не толькі пра маленькае «я». Таму трэба паважаць усіх: і багатых, і бедных. Ва ўсіх павінны быць роўныя правы, эканамічныя і астатнія. Павага з'яўляецца, калі мы развіваем клопат пра дабрабыт іншых.
Гэта неабавязкова звязана з рэлігіяй; рэлігія – гэта асабістая справа кожнага. Гэта звязана з інтарэсамі ўсяго чалавецтва. Калі мы паважаем іншых, не будзе месца эксплуатацыі. Акрамя таго, сардэчнасць моцна паляпшае фізічнае здароўе. Некаторыя вучоныя кажуць, што пастаяннае пачуццё небяспекі і страху аслабляе імунную сістэму. Будучы эгацэнтрычнымі, мы вельмі баімся за сябе і непакоімся, а да іншых адчуваем недавер. У выніку мы адчуваем адзіноту і страх, якія прыводзяць да расчаравання і, у рэшце рэшт, да гневу. Аднак, калі мы адкрываем сваё сэрца і жадаем клапаціцца пра іншых, з'яўляецца ўпэўненасць у сабе. Дзякуючы гэтаму мы дзейнічаем адкрыта. Каго б мы ні сустрэлі, ні ўбачылі, мы будзем успрымаць іх як родных братоў і сясцёр; калі нашае сэрца добрае і мы клапоцімся пра іншых, большасць людзей паставяцца да нас добра. Хоць гэта не заўсёды так. Калі я еду ў машыне, я заўсёды гляджу на людзей, якіх сустракаю на шляху, і ўсміхаюся ім. Аднойчы ў Германіі я ўсміхнуўся адной жанчыне, якая ішла па тратуары, і яна ўспрыняла гэта з падазронасцю. Такім чынам, мая ўсмешка стала прычынай яе спалоху, замест таго каб выклікаць радасць, таму я адвярнуўся. Але гэта рэдкі выпадак.
Мы вучымся сардэчнасці ў нашых маці, і нам трэба захаваць гэта на ўсё жыццё. На адной навуковай сустрэчы быў слоган: «Здаровы розум, здаровае цела». Для гэтага нам трэба разуменне рэальнасці і спакойны розум: неспакой робіць нас неаб'ектыўнымі, мы перастаём бачыць рэальнасць, і гэта стварае мноства праблем. Вось чаму сардэчнасць дапамагае дасягнуць спакою розуму.
Калі розум неспакойны, у ім няма міру і шчасця, нам складана вучыцца. Улагоджаны розум дапамагае нам у працы, у любой прафесіі, у тым ліку ў палітыцы. Такім чынам, спакой розуму прыносіць упэўненасць у сабе, дзякуючы чаму мы здольныя больш ясна ўспрымаць рэчаіснасць і на аснове гэтага станавіцца ўсё больш дабрасардэчнымі.
Такія асноўныя прынцыпы свецкай этыкі і ключ да мастацтва быць шчаслівым. Што тычыцца мяне, я лічу гэта вельмі карысным. Калі вы адчуваеце, што тут ёсць сэнс, паспрабуйце гэта практыкаваць. Калі не, забудзьцеся пра гэта. Дзякуй.