Што такое шчасце?
Кожны жадае шчаслівага жыцця, таму ўзнікае пытанне: што такое шчасце? Што ёсць сапраўды доўгачасовае і надзейнае шчасце? Нам варта разгледзець гэта глыбей. Шчасце або радасць, якую мы атрымліваем з дапамогай органаў пачуццяў, калі бачым ці чуем нешта прыемнае, адчуваем прыемныя смакі або пахі, дае пэўнае задавальненне. Але шчасце, заснаванае на гэтых пачуццёвых перажываннях, вельмі павярхоўнае. Вы адчуваеце радасць, шчасце ці задавальненне, пакуль прысутнічаюць спрыяльныя ўмовы, але як толькі з'яўляецца гучны гук, які бударажыць, задавальнення больш няма. Таксама ёсць людзі, якія шукаюць задавальнення, напрыклад, у праглядзе тэлевізара, але без тэлевізара яны ўжо праз гадзіну адчуваюць нуду. Некаторыя людзі вельмі любяць весяліцца і падарожнічаць па свеце, пастаянна бываючы ў новых месцах, знаёмячыся з новымі культурамі, музыкай і смакамі. Я думаю, што гэта адбываецца ад няздольнасці стварыць унутраны свет з дапамогай трэніроўкі розуму.
Але людзі, якія праводзяць гады ў пустэльніцтве, па-сапраўднаму жывуць самым шчаслівым жыццём. Аднойчы ў Барселоне я сустрэў каталіцкага манаха, чый узровень англійскай быў прыкладна як у мяне, так што я мог гаварыць з ім смела! Арганізатар сказаў мне, што гэты манах правёў пяць гадоў у гарах пустэльнікам. Я спытаў манаха, што ён рабіў у гарах, і ён адказаў, што разважаў і медытаваў пра любоў. Ён сказаў гэта з зусім асаблівым поглядам: яго вочы казалі, што ён сапраўды атрымліваў асалоду ад спакою розуму. Так што гэта адзін прыклад спакою розуму, які дасягаецца не з апорай на пачуццёвыя перажыванні, а з дапамогай развіцця больш глыбокіх каштоўнасцяў. Такі сапраўдны спакой развіўся ад пастаяннага разважання пра любоў.
Так што цяпер, чытаючы лекцыі, я заўсёды раблю ўпор на тым, што матэрыяльнае развіццё вельмі важнае для фізічнай зручнасці, але матэрыяльныя каштоўнасці ніколі не даюць камфорту розуму. Узбагачаючыся, людзі часам становяцца больш прагнымі і мітуслівымі, з-за гэтага – несчаслівымі. Такім чынам, калі мы хочам шчаслівага жыцця, не варта давяраць толькі матэрыяльным каштоўнасцям. Яны неабходныя, але мы павінны звярнуць большую ўвагу на нашы ўнутраныя каштоўнасці. Незалежна ад таго, вернікі мы ці не, пакуль мы жывыя істоты, унутраны свет і спакой вельмі важныя.
Каб уключыць субцітры, клікніце на іконцы «Субцітры» ў правым ніжнім куце акна з відэа. Змяніць мову субцітраў можна, клікнуўшы па іконцы «Налады».
Спакой розуму і добрае здароўе
Некаторыя навукоўцы кажуць, што, згодна з вынікамі іх даследаванняў, лішак стрэсу вядзе да праблем з крывяным ціскам і многім іншым. Некаторыя іншыя медыкі кажуць, што пастаянны страх, гнеў і нянавісць ядуць нашу імунную сістэму. Гэта значыць адна з найважнейшых умоў добрага здароўя – гэта спакой розуму, таму што здаровае цела і здаровы розум вельмі цесна звязаныя. З майго ўласнага вопыту, два гады таму на адной прэс-канферэнцыі журналіст спытаў пра маю рэінкарнацыю. Я паглядзеў на яго, жартаўліва зняў акуляры і спытаў яго: «Мяркуючы па маім твары, мне трэба тэрмінова перарадзіцца?!» І ён адказаў, што спешкі няма!
Нядаўна я быў у Еўропе, і некаторыя мае старыя сябры параўноўвалі мае фатаграфіі, зробленыя дваццаць, трыццаць, нават сорак гадоў таму, і ўсе кажуць, што мой твар да гэтага часу выглядае маладым. Як вы можаце заўважыць, у жыцці я прайшоў праз цяжкія часы, калі ў мяне было мноства праблем і дастаткова прычын для неспакою, смутку і адзіноты, але мне здаецца, што мой розум адносна спакойны. Часам я страчваў цярпенне, але ў цэлым мой стан розуму вельмі ўлагоджаны.
Таксама я люблю падразніць юных дам, якія трацяць шмат грошай на касметыку. Для пачатку, вашы мужы могуць пачаць скардзіцца, што гэта занадта дорага! У любым выпадку, знешняя прыгажосць важная, але значна важнейшая прыгажосць унутраная. У вас можа быць прыгожы твар, але непрыгожы твар выглядае мілым нават без касметыкі, калі яго ўпрыгожвае шчырая ўсмешка і любоў. Гэта сапраўдная прыгажосць. Сапраўдная каштоўнасць унутры нас. Знешнія сродкі патрабуюць шмат грошай, крамы і супермаркеты становяцца ўсё большымі. Але ўнутраная прыгажосць не патрабуе выдаткаў! Падумайце пра ўнутраныя каштоўнасці, пазнаёмцеся з імі бліжэй, і паступова разбуральных эмоцый стане менш. Гэта прыносіць унутраны спакой.
Больш спагадлівае стаўленне, пачуццё клопату пра дабрабыт іншых дае ўпэўненасць у сабе. Калі вы ўпэўненыя ў сабе, вы можаце ажыццяўляць любыя дзеянні адкрыта, праўдзіва і сумленна. Гэта стварае даверлівыя адносіны з навакольнымі, а давер – гэта аснова дружбы. Мы, людзі, сацыяльныя жывёлы, якім патрэбныя сябры. Сябры неабавязкова прыходзяць ад улады і грошай, ці нават ад адукацыі і ведаў: ключавая ўмова дружбы – давер. Так што пачуццё клопату і павагі да жыццяў і дабрабыту іншых – аснова дыялогу.